Ляўша? Праўша? На ўсе рукі – майстар!

16:31 / 14.10.2021
393
Неяк убачыла, як маладая жанчына пісала левай рукой, ды так спрытна і прыгожа, што я залюбавалася. Успомніла, як у нашы школьныя гады леварукіх дзяцей перавучвалі на праварукіх:  білі лінейкай, калі тыя «няправільна» бралі ручку ці аловак, прывязвалі левую руку да цела… Чаму так рабілі, сказаць цяжка. Мусіць, хацелі, каб мы ўсе былі аднолькавымі, ніхто нічым не выдзяляўся.

1499896932.jpg

А ляўшы, між тым, заставаліся, бо гэта ідзе не ад выхавання, а з падсвядомасці. І сярод іх вельмі шмат таленавітых людзей – успомніце хоць бы легендарнага героя Ляскова, які блыху падкаваў. Дзякаваць богу, цяпер ніхто нікога не перавучвае і не ламае – хай чалавек працуе той рукой, якой яму зручней.
Вось і ў маёй сяброўкі муж ляўша: можна залюбавацца, як спрытна ён усё робiць «адной левай»! Думаю, і блыху, калі б захацеў, змог бы падкаваць. Тым больш што і правай рукой ён валодае не горш. Словам, у літаральным сэнсе – майстар на ўсе рукі!
Але і ў майстроў здараюцца няўдачы. Неяк, займаючыся рамонтам у доме, ён неспадзявана параніў правую руку. Боль, кроў, «хуткая дапамога»… Рану зашылі, забінтавалі, сказалі, што гэта ўсур’ёз і надоўга, выпісалі бальнічны лісток, наказалі рэгулярна з’яўляцца на перавязкі…
Мужчына не спрачаўся, рабіў усё, як было прадпісана. Праўда, пра тое, што і левай можа ўпраўляцца не горш, чым правай, не прызнаўся. І пакуль гаілася адна рука, другой зрабіў у доме нават тое, чаго не планаваў.
І нікога ж не падмануў! Толькі што не ўсю праўду сказаў – а гэта ж не падман. Ці не так?

 Рэгіна ДРЭМА. 



Текст: Администратор сайта
Оставить комментарий
Текст сообщения*
Защита от автоматических сообщений