Акцябраты, піянеры і БРСМаўцы крэатывілі на маладзёжнай пляцоўцы

16:00 / 17.09.2021

Крэатыў, кемлівасць, фантазію, спрыт, а галоўнае – сяброўства і адзінства прадэманстравалі акцябраты, піянеры і БРСМаўцы Астравеччыны на маладзёжнай пляцоўцы “Калі мы разам – мы непераможныя”, якая прайшла ў Цэнтры творчасці дзяцей і моладзі.

“Адзін за ўсіх і ўсе за аднаго” – менавіта гэтым мушкецёрскім дэвізам можна коратка перадаць тое, што адбывалася на мерапрыемстве. Каманды складаліся з акцябрат, піянераў і БРСМаўцаў, аднак яны цудоўна адчувалі сябе разам на сцэне і даказалі, што для сяброўства няма перашкод.

На іншых паглядзець і свае творчыя здольнасці паказаць прыехала 8 каманд: “Крышталь” з СШ №1, “Атамны востраў” з СШ №2, “Фенікс” з СШ №3, “Коцікі і нічога лішняга” з Гудагайскай СШ, “Сінявокія” з Рымдзюнскай СШ з літоўскай мовай навучання, “Мы разам” з Кямелішкаўскага НПК, “Адважныя” з Гервяцкай СШ і “Дружбакі” з Варнянскага НПК. Пра сябе і сваю дзейнасць яны расказалі ў першым конкурсе – візітоўцы “Мы разам”. Кожная з каманд старалася зрабіць гэта арыгінальна і цікава, аднак найбольш змястоўнымі і яркімі атрымаліся нумары ў “Атамнага вострава”, “Адважных”, “Дружбакоў” (дарэчы, яны адзіныя, хто выступаў на беларускай мове!) і каманды “Мы разам”.

9.jpg

Дэманстравалі ўдзельнікі і іншыя таленты, напрыклад, архітэктараў і будаўнікоў. У наступным заданні “Мой горад – мой гонар” каманды за 15 хвілін павінны былі ўзвесці не дом ці два, а цэлы горад на адным аркушы. Ці трэба казаць, што работа кіпела з першай і да апошняй секунды адведзенага часу. Папрацавалі хлопцы і дзяўчынкі на славу – аб гэтым сведчылі арыгінальныя і разнастайныя мадэлі, якія пасля дзеці прадставілі журы. Якія толькі формы і назвы ні прапаноўвалі юныя майстры: горад-планета Дружба, праспект Адзінства, Вясёлаград, Хэпі Лэнд, Адзінствец, горад мары і іншыя – усе яны былі выкананы ў яркіх колерах – значыць, там пануе лад, згода і спакой.

“У чым сіла, брат?” – пытаў герой вядомай кінастужкі. І назва апошняга конкурсу маладзёжнай пляцоўкі “У спорце наша сіла” цудоўна падыходзіць для адказу. Сапраўды, на спаборніцтвах удзельнікі не толькі загартоўваюцца і развіваюцца фізічна, але вучацца сябраваць, падтрымліваць адзін аднаго і быць адзіным цэлым у камандзе. Менавіта гэтыя якасці дапамаглі камандам справіцца з няпростымі спартыўнымі выпрабаваннямі, што падрыхтавалі для іх арганізатары. Мяркуйце самі: спачатку ўдзельнікі па двое бегалі ў штанах, сшытых паміж сабой, а затым усёй камандай на хуткасць хадзілі “вусенем”. Безумоўна, спартыўны конкурс быў не самым лёгкім, але дакладна самым відовішчным, захапляльным і вясёлым. Усе хлопчыкі і дзяўчынкі атрымалі ад яго задавальненне, але крыху хутчэйшымі і спрытнейшымі аказаліся варнянцы, кямелішкаўцы і астраўчане з СШ №2.

На гэтым конкурсы маладзёжнай пляцоўкі закончыліся. У выніку найбольшую колькасць балаў набралі “Дружбакі”, 2-е месца заняў “Атамны востраў”, а 3-е –каманда “Мы разам”. Аднак ніхто не застаўся без падарунка – усе каманды атрымалі прысмакі, а пераможца і прызёры – прызы ад райкама ГА БРСМ.

8.jpg

7.jpg

6.jpg

5.jpg

4.jpg

3.jpg

2.jpg

1.jpg

14.jpg

13.jpg

12.jpg

11.jpg

Текст:
Фото: Марина Мацкевич