Знаёмцеся: сямейная дынастыя лесаводаў з Катлоўскага лясніцтва

10:24 / 19.09.2021
Катлоўскае доследнае лясніцтва ад астатніх адрознівае тое, што тут працуе сямейная дынастыя Мазыркаў: Аляксей Аляксеевіч – ляснічы, яго жонка – Анжаліка Уладзі­міраўна – памочнік ляснічага, сын Валянцін – майстар лесу, а нявестка Таццяна – бухгалтар…

Чым не нагода для знаёмства? Тым больш сёлета споў­ні­лася роўна 30 гадоў, як для сямейнай пары лесаводаў Мазыркаў Астравеччына стала другой радзімай.

Забягаючы наперад, адзначу, што хоць у лясную гаспадарку і Аляксей Аляксеевіч, і Анжаліка Уладзіміраўна трапілі выпадкова, ніводнага разу не пашкадавалі аб калісьці зробленым на карысць лесу выбары, які стаў для іх лёсавызначальным. 

– Я нарадзіўся на Лідчыне ў простай вясковай сям’і. Ніхто са сваякоў не працаваў у лясной гаспадарцы. Праўда, бацька і дзядуля былі заўзятымі паляўнічымі. Відаць, і мне на генетычным узроўні перадалася цяга да гэтага спрадвечнага мужчынскага занятку. Знаёмы хлопец з суседняй вёскі прапанаваў сумясціць прыемнае з карысным – так я стаў студэнтам Полацкага ляснога тэхнікума, – узгадвае ляснічы. 

Менавіта тут Аляксей, які ўжо паспеў адслужыць у арміі і вярнуўся давучвацца, сустрэў другую палавінку. Анжаліка была на некалькі курсаў маладзей.

– Родам я з Крывога Рога Дне­пра­пятроўскай вобласці. Гадавалася на Пскоў­шчыне, школу заканчвала ў Туркменістане. Марыла пра медыцыну. Паступалі разам з сяброўкай – у нас была дамоўленасць: калі хтосьці не праходзіць па конкурсе, забіраем дакументы, – расказвае Анжаліка Уладзіміраўна. – Так, з-за сяброўскай салідарнасці, з медыцынай давялося развітацца.  Бабуля мая жыла ў Полацку і паклікала да сябе. У лясны тэхнікум мяне прынялі без экзаменаў.

1.jpg

Калі дзяўчына была на трэцім курсе, Аляксей ёй зрабіў прапанову – так нарадзілася сям’я Мазыркаў. Праўда, давучвацца Анжаліцы давялося завочна: яна паехала з мужам на яго першае працоўнае месца – у Гродзенскі лясгас.

– Мы жылі ў чатырнаццаці кіламетрах ад Гродна, дом наш стаяў у лесе. Тут нарадзіўся сын Валянцін. Варта было думаць пра ўласнае жыллё, – працягвае Аляксей Аляксеевіч. – Неяк у Смаргонскім лясніцтве сустрэўся з былым дырэктарам, які пайшоў на павышэнне ў лесааб’яднанне – ён і падказаў, што ў адным з лясніцтваў Астравецкага лясгаса ёсць вольная вакансія ляснічага, і што для жонкі там работа знойдзецца. Так, у 1991 годзе мы трапілі на Астравеччыну – і гэты край для нас стаў родным.

Адметна, што ўсё жыццё Мазыркаў і ў прамым, і ў пераносным сэнсах звязана з лесам. 

– Калі працавалі ў Гродзенскім лясгасе, жылі, лічы, на хутары. І ў Вайдацішках да нашага дому з розных бакоў туляцца дрэвы. Прыгажосць і хараство! – з замілаваннем у голасе гаворыць ляснічы. 

Дарэчы сказаць, адзін выпадак адвярнуў ад палявання Аляксея Аляксеевіча. На падворак Мазыркаў неяк прыйшла параненая бадзялымі сабакамі казуля, якую яны ласкава назвалі Красуляй. Муж з жонкай выратавалі жывёліну. Нягледзячы на клопат чалавека, казуля па-ранейшаму заставалася дзіцем прыроды. Паправіўшыся і набраўшыся сіл, Краска пакінула гасцінны дом і яго гаспадароў. Пазней яна прыходзіла, не адна – са сваімі дзеткамі… 

У Катлоўскім доследным лясніцтве працуе больш за 30 чалавек. Па словах Аляксея Аляксеевіча, іх калектыў як адна сям’я. З некаторымі работнікамі, напрыклад, з Сяргеем Місевічам і Мікалаем Уласенем ляснічы знаёмы са студэнцтва.

Работу Аляксея Мазыркі неаднойчы адзначалі на розных узроўнях: яго партрэт заносілі на Дошку гонару Астравецкага раёна, мужчына ўзнагароджаны медалём «За працоўныя заслугі», яму прысвоена званне «Ганаровы лесавод»… Але з уласцівай працаўнікам лясной гаспадаркай сціпласцю, лясні­чы лічыць, што ўсё гэта – заслуга калектыву, у тым ліку і вернай спа­да­рожніцы па жыцці, правай рукі на рабоце – памочніка ляснічага Анжалікі Уладзіміраўны.

 Калі ў лясной гаспадарцы раёна сталі ўкараняць камп’ютарызаваныя праграмы, яна адна з першых іх асвоіла. 

Прыклад бацькоў стаў паказальным і для Валянціна – дзівавацца не варта, бо ўсё яго дзяцінства прайшло ў лесе. Малады чалавек паступіў у Полацкі лясны тэхнікум, адвучыўся і аддаў доўг Радзіме. Пачынаў працаваць егерам, апошнія гады Валянцін – майстар лесу. З будучай жонкай яны знаёмыя з дзяцінства – разам вучыліся ў школе. Пасля замужжа Таццяна стала працаваць бухгалтарам у Катлоўскім доследным лясніцтве. Мазыркі малодшыя гадуюць двух дачушак. Хто ведае, магчыма, Ксенія і Валерыя па прыкладзе самых блізкіх людзей – бацькоў і дзядулі з бабуляй – стануць прадаўжальнікамі дынастыі лесаводаў?

18 верасня 1973 года загадам упраўлення лясной гаспадаркі Гродзенскага аблвыканкама частка Варнянскага лясніцтва стала Катлоўскім лясніцтвам. 
Текст: