Да 55-годдзя Астравецкага доследнага лясгаса: інтэрв’ю з Рыгорам Долгім

09:00 / 18.09.2021
Сёлета Астравецкаму доследнаму лясгасу спаўняецца 55 гадоў. 

З гэтай нагоды і напярэдадні прафесійнага свята лесаводаў наш карэспандэнт пагутарыў з дырэктарам Рыгорам Долгім пра дасягненні, здабыткі і праблемы лясной гаспадаркі Астравеччыны. 

Пра ўзнагароду і калектыў

– Дазвольце наша перадсвяточнае інтэрв’ю пачаць з віншаванняў. На мінулым тыдні Прэзідэнт Аляксандр Лукашэнка падпісаў загад аб узнагароджванні вас медалём «За працоўныя заслугі». Хто паведаміў вам гэтую прыемную навіну і што адчулі ў першыя хвіліны?

– Для мяне гэта было нечаканым. У мінулую нядзелю мой намеснік Віталь Шарэйка расказаў, што ў пятніцу, 10 верасня, Аляксандр Рыгоравіч падпісаў адпаведны загад. Гэта мая першая дзяржаўная ўзнагарода. Ад­начасова і прыемна, і ад­каз­на: варта трымацца і надалей зададзенай план­кі і павышаць узровень паказчыкаў са­цыяль­на-эканамічнага развіцця нашай установы. 

– Вы кіруеце лясгасам без малога 20 гадоў, у лясной гаспадарцы працуеце значна больш. За гэты час зроблена шмат: закладзены новы лесагадавальнік, работа якога прызнавалася ўзорнай, адрамантаваны і пабудаваны з нуля адміністрацыйныя будынкі лясгаса і лясніцтваў, аказваецца падтрымка маладым спецыялістам… Што вы лічыце галоўным дасягненнем і за што асабліва радуецца душа? 

– Для мяне самае галоўнае – дабрабыт калектыву і кожнага асобнага працаўніка. Безумоўна, сваю дзейнасць на Астравеччыне я пачынаў з пэўнымі сумненнямі: ці атрымаецца ўсё задуманае. І разам за гэты час мы сапраўды зрабілі шмат. Мае прапановы работнікі падтрымлівалі – і ў нас атрымлівалася. Заработная плата расла, выплачвалася своечасова, паляпшаліся ўмовы працы людзей – думаю, гэта найлепшы стымул старацца і працаваць лепш.

Летась лясгас атрымаў статус доследнага, шмат гадоў мы займалі прызавыя месцы ў працоўным спаборніцтве сярод лясгасаў вобласці, уваходзілі ў дзясятку лепшых лесагаспадарчых устаноў рэспублікі, наша прадпрыемства ўпершыню ў гісторыі раёна занесена на раённую Дошку гонару… У развіцці лясгаса былі розныя перыяды, але ў цэлым калектыў пастаянна заставаўся камандай, дзе кожны сумленна выконваў сваю справу. Самая галоўная каштоўнасць любога прадпрыемства ці арганізацыі, незалежна ад сферы дзейнасці, – людзі.

1.jpg

– Рыгор Мечыслававіч, ацаніўшы зроб­леную вамі і вашай камандай работу, якую адзнаку па пяцібальнай сістэме паставіце?
 
– (Задумваецца.) Лічу, што моцную «чацвёрку» можна паставіць і за мінулы год, і за два дзесяцігоддзі нашай сумеснай працы.

Пра пандэмію, экспарт, пасадкі і высечкі 

– Лесагаспадарчыя ўстановы – шматвектарныя па сваёй сутнасці: вы займаецеся не толькі вырошчваннем лясоў, але і паляўнічым і экалагічным турызмам. Якія карэктывы ў работу ўнесла эпідэмічная сітуацыя?

– Яшчэ да мяне на базе лясгаса была арганізавана лесапаляўнічая гаспадарка – адна з першых у рэспубліцы. Мы гэты накірунак пачалі актыўна развіваць, асабліва экспарт паляўнічых паслуг. Сталі з’яўляцца пастаянныя кліенты з-за мяжы. У вальерах разводзілі аленяў плямістых і высакародных, ланяў, муфлонаў. Пазней выпусцілі ў дзікую прыроду некалькі дзясяткаў высакародных аленяў – эксперымент апраўдаў сябе, ва ўгоддзях лясгаса сфарміравалася дастатковая для правядзення палявання папуляцыя. Калі ў некаторых лясгасах пачалі падаць даходы з-за распаўсюджання афрыканскай чумы свіней, то мы зрабілі ракіроўку з дзіка на іншыя паляўнічыя віды жывёл. Хоць, прызнаюся, спачатку было няпроста: праблем падкінулі і змены курса валют у Расіі, і эпідэмічная сітуацыя. 

Вялікая падмога – вальерная гаспадарка: мы рэалізуем маладняк іншым лясгасам. Гэта часткова кампенсавала страты ў выкананні плана па экспарце паляўні­чых паслуг. Мы набылі паляўнічую зброю і прапаноўваем яе ў арэнду. У параўнанні з мінулым годам пакрысе сітуа­цыя стабілізавалася: на днях, напрыклад,  арга­нізавалі паляўнічы тур для кліента з Гер­маніі.

– Найбольш выручкі, наколькі ведаю, прыносіць дрэваапрацоўчы цэх. Ці ёсць змяненні ў яго рабоце? 

– Пандэмія каронавіруса справакавала сапраўдныя лакдаўны ў Еўропе і іншых краінах. Лічу, што ў свой час наш Прэзідэнт прыняў вельмі мудрае рашэнне не спыняць вытворчасць. Попыт на нашу прадукцыю рэзка павялічыўся на рынках Еўропы, Кітая – у гэтым сэнсе эка­номіка лясной гаспадаркі нават вый­грала. Павялічыліся кошты на экспартную прадукцыю – адпаведна і выручка, і чысты прыбытак. Я разумею, што сітуацыя можа змяніцца, як некалі гэта здарылася з паляўнічай гаспадаркай, таму мы пастаянна ўкладваем сродкі ў мадэрнізацыю.

– Але, напэўна, па-ранейшаму галоўная задача лесавода – аднаўленне і прымнажэнне лясоў. Як гэты накірунак развіваецца на Астравеччыне?

– У 2012 годзе мы стварылі новы лесагадавальнік за межамі горада. Літа­ральна за некалькі гадоў сталі цалкам сябе забяспечваць пасадачным матэрыялам, а яго лішкі рэалізоўваць айчынным лясгасам і за мяжу. Мы асвоілі вырошчванне сеянцаў з закрытай каранёвай сістэмай, пабудавалі цяплічны комплекс, павялічылі аб’ёмы чаранкавання дэка­ратыўна-пасадачнага матэрыялу – леса­гадавальнік працуе на ўсю магутнасць.

У апошнія гады павялічылася плошча спелых лясоў – адпаведна выраслі і аб’ёмы высечак, а значыць і пасадак. У сярэднім за год лес садзім на плошчы каля 350 гектараў. Чуткі пра непланамерныя высечкі беспадстаўныя. Мы працуем згодна з леса­ўпарадкавальным праектам 2018 года, дзе дакладна вызначана разліковая лесасека.

Масавага ўсыхання лесу, значных бура­ломаў у апошнія гады ў раёне не было. Праўда, сёлета на мяжы Спондаўскага і Падольскага лясніцтваў стыхія крыху пасваволіла – давялося дадаткова нарыхтаваць 15 тысяч кубаметраў драўніны. Але гэта была вымушаная мера. Паўтару, высечкі вядуцца згодна з лесаўпарадкавальным дакументам, а ўсе работы строга кантралююцца. Тым больш што цяпер мы працуем у адзінай дзяржаўнай аўтаматызаванай інфармацыйнай сістэме – гэта значыць, што вядзецца электронны ўлік кожнага кубаметра драўніны, пачынаючы з яе нарыхтоўкі на лесасецы.

Пра клопаты і планы

– А якія праблемы ў вядзенні лясной гаспадаркі найбольш актуальныя?

– Самае галоўнае – захаваць пасадкі і вытрымаць першы экзамен: іх перавод у пакрытыя лесам плошчы. Гэтая праблема актуальная ў сучасных рэаліях не толькі для нашага лясгаса. Маладыя дрэўцы лічацца лесам толькі ў 7-гадовым узросце. Канкурэнцыю ім складае кустоўе, пус­тазелле і іншая расліннасць. Задача нумар адзін: захаваць сеянцы і дапамагчы ім у барацьбе з пустазеллем. Раней на дапамогу лесаводам прыходзілі вяскоўцы, цяпер, на жаль, насельніцтва ў сельскай мясцовасці зніжаецца.

Прагрэс, канешне, ніхто не адмяняў, але пакуль такой тэхнікі, якая магла б выкарыстоўвацца па доглядзе культур такога ўзросту і асвятленні пасадак, няма. Мы працуем у гэтым накірунку: думаем, як лепш падрыхтаваць глебу, якую тэхніку набыць, каб прасцей і больш эфектыўна даглядаць за пасадкамі. Напрыканцы месяца па гэтых пытаннях на базе нашага лясгаса адбудзецца рэспубліканскі семінар. 

Нядаўна набылі больш энергаёмкі трактар для правядзення работ у нашай мясцовасці, разглядаем і іншыя варыянты, каб у счэпцы з прычапным абсталяваннем можна было падрыхтаваць глебу з адначасовым здрабненнем пнёў. Тады садзіць лясныя культуры можна будзе не толькі з дапамогай мяча Колесава, але і лесапасадачных машын, якія, дарэчы, добра сябе зарэкамендавалі ў лесагадавальніку.

– Падзяліцеся планамі на будучыню.

– Шмат інвестыцый укладаем у абнаў­ленне тэхнапарка, набыццё леса­на­­рыхтоўчых і пажарных машын, пе­ра­­­аснашчэнне абсталя­вання дрэва­ап­ра­­­цоў­чага цэха. У планах – будаўніцтва агля­­­дальнай пляцоўкі для пагрузкі ваго­наў са страхавой сістэмай. Нядаўна набы­лі сама­ходную касілку – здавалася б дробязь, але вельмі спрашчае работу па до­глядзе тэрыторый. У прыярытэце і далей­шае развіццё экалагічнага і паляў­ніча­га турызму – купілі 2 квадрацыклы. Набываем тэхніку для падвозкі людзей у лясніцтвах… 

– Што пажадаеце калегам з нагоды надыходзячага прафесійнага свята?

– Гэты год для нас асаблівы: лясгас святкуе 55-годдзе з дня ўтварэння. Калегам і ветэранам лясной гаспадаркі жадаю моцнага здароўя, сапраўднага чалавечага шчасця і ажыццяўлення мар. 

– Дзякуй, Рыгор Мечыслававіч. Няхай усё задуманае абавязкова збываецца!

Подписывайтесь на «Островецкую правду» в телеграм по короткой ссылке https://t.me/ostrovetsby.

И присоединяйтесь к нашему сообществу в viber  https://vk.cc/c3yHGs – будьте всегда в курсе свежих новостей из жизни Островца и Островецкого района.

 

Подписывайтесь на телеграм-канал «Гродно Медиа Group» по короткой ссылке t.me/GrodnoMediaGroup.

Телеграм-канал «Гродно Медиа Group» – это ежедневные новости районов Гродненской области и города Гродно.

Текст:
Фото: Алёна Ганулич