Скардзіцеся? А дзяржпошліну заплацілі?

11:06 / 26.03.2012

Хто хоць раз сутыкаўся з судовым разборам па грамадзянскай справе, ведае, што ў выпадку нязгоды з уступіўшымі ў законную сілу рашэннямі агульных судоў істцы, адказчыкі і іншыя зацікаўленыя асобы могуць абскардзіць іх. У той жа час, як сведчыць практыка, далёка не ўсе ведаюць, што пры падачы скаргі на рашэнне суда ў органы пракуратуры грамадзянін ці юрыдычная асоба абавязаны заплаціць дзяржаўную пошліну.


Пры гэтым неабходна мець на ўвазе, што са з’яўленнем Асаблівай часткі Падатковага Кодэкса Беларусі з 01.01.2010 перастаў існаваць Закон “Аб дзяржаўнай пошліне”. У адпаведнасці з падпунктамі 1.4 п.1 арт. 249 і п.1 арт. 250 Падатковага Кодэкса наглядная скарга на судовыя пастановы па грамадзянскай справе, якая падаецца ў органы пракуратуры, павінна быць аплачана дзяржаўнай пошлінай, за выключэннем выпадкаў, калі заканадаўствам прадугледжана вызваленне ад яе выплаты.
У 2009 годзе ў пракуратуру Гродзенскай вобласці паступіла 156 скарг, аднак 70 з іх былі вернуты заяўнікам без разгляду ў сувязі з нявыплатай дзяржаўнай пошліны.
Каб гэтага пазбегнуць, трэба ведаць, што стаўкі дзяржаўнай пошліны з пярвічных наглядных скарг на судовыя пастановы па грамадзянскіх справах складаюць 50 працэнтаў стаўкі, устаноўленай за падачу іскавай ці іншай заявы, скаргі, а па маёмасных спрэчках – стаўкі, вылічанай з сумы, якая аспрэчваецца.
Факт выплаты дзяржаўнай пошліны павінен быць пацверджаны арыгіналам квітанцыі банка.
Аналіз наглядных скарг сведчыць, што ў асноўным абскарджваюцца судовыя пастановы па ісках маёмаснага характару, якія павінны аплачвацца дзяржаўнай пошлінай у памеры 2,5 працэнта ад сумы, якая аспрэчваецца заяўнікам (кошт маёмасці). Да іх таксама адносяцца заявы аб праве ўласнасці на маёмасць, аб выпатрабаванні маёмасці і іншыя.
Нярэдка ў пракуратуру вобласці падаюцца скаргі на рашэнні судоў і па жыллёвых пытаннях, якія ў большасці выпадкаў аплачваюцца дзяржаўнай пошлінай у памеры 1,5 базавай велічыні (па ісках немаёмаснага характару), за выключэннем скарг на судовыя пастановы па справах аб змяненні ці скасаванні дагавораў найму жылых памяшканняў, аплачваемых пошлінай у памеры адной базавай велічыні.
У адзінкавых выпадках паступаюць скаргі на судовыя рашэнні па справах аб скасаванні шлюбу – яны таксама аплачваюцца пошлінай у памеры 1,5 базавай велічыні, а пры скасаванні паўторнага шлюбу – 2,5 базавых.


Ад выплаты дзяржаўнай пошліны ў органах пракуратуры вызваляюцца:




  • істцы – за падачу наглядных скарг на судовыя пастановы па ісках аб спагнанні аліментаў; за падачу скарг па справах аб спагнанні расходаў, затрачаных дзяржавай на ўтрыманне дзяцей, якія знаходзяцца на дзяржаўным забеспячэнні;

  • грамадзяне – па індывідуальных працоўных спрэчках; па пытаннях, звязаных з абаронай правоў уласнасці або іншых правоў пры канфіскацыі зямельных участкаў для дзяржаўных патрэб і зносе аб’ектаў нерухомай маёмасці; інваліды і ўдзельнікі Вялікай Айчыннай вайны, інваліды баявых дзеянняў на тэрыторыі іншых дзяржаў – з наглядных скарг на судовыя пастановы па іскавых заявах немаёмаснага характару;

  • грамадзяне і арганізацыі – за падачу наглядных скарг на судовыя пастановы па справах, звязаных з заключэннем, выкананнем ці спыненнем дагавораў стварэння аб’ектаў долевага жыллёвага будаўніцтва;

  • бакі – з наглядных скарг на судовыя пастановы па спрэчках, звязаных са страхаваннем і дзяржаўным рэгуляваннем страхавой дзейнасці.


Т. БАГАЧ, памочнік пракурора Гродзенскай вобласці.