Пра выбар і адданасць прафесіі расказаў Дзмітрый Багуслаўскі
12:12 / 17.08.2021
Чым быў абумоўлены выбар прафесіі і што галоўнае для ваеннага – аб гэтым і не толькі ў інтэрв’ю з Дзмітрыем Багуслаўскім.
– Раскажыце пра сябе: дзе нарадзіліся, вучыліся і як трапілі ў Астравец?
– Родам з Ашмян. Вучыўся ў сярэдняй школе №1, пасля яе заканчэння паступіў у Мінскі дзяржаўны вышэйшы авіяцыйны каледж – зараз гэта акадэмія авіяцыі. У 2006 годзе прызвалі на ваенную службу афіцэраў, якую праходзіў у адной з воінскіх часцей ваенна-паветраных сіл і войскаў супрацьпаветранай абароны. А ў снежні 2008 года мяне накіравалі на службу ў ваенкамат Астравецкага раёна. Спачатку быў начальнікам аддзялення па прызыву, якое пасля стала групай прызыву на ваенную службу. У 2018-м прызначаны на пасаду намесніка, а з нядаўняга часу – ваеннага камісара. За гэты час скончыў Беларускі інстытут правазнаўства. Жанаты, выхоўваю сына.
– Ці былі сумненні ў выбары прафесіі?
– Не, ніколі. Я раз і назаўсёды вырашыў, што хачу быць ваеннаслужачым, і калі сказаў аб гэтым бацькам, яны мяне падтрымалі. У радні ваенных не было, але мой класны кіраўнік Ян Фларыянавіч Мешкель, светлая яму памяць, быў ваеннаслужачым у адстаўцы. Ён выкладаў у нас дапрызыўную падрыхтоўку, расказваў пра ўласную службу, прыводзіў прыклады з практыкі, тым самым прывіваючы любоў да Радзімы, – і рабіў гэта настолькі ўмела і цікава, што не захапіцца было немагчыма. У выніку я злавіў сябе на думцы, што таксама хачу быць ваенным.
– Амаль 10 гадоў вы ўзначальвалі групу па прызыву і пабачылі не адно пакаленне юнакоў, якія рыхтаваліся прайсці школу мужнасці, – што асабліва запомнілася з таго часу?
– Служба ў групе прызыву – гэта перш за ўсё работа з моладдзю і іх бацькамі, якім падрабязна тлумачацца ўсе нюансы прызыўной кампаніі. Гэта цікава і вельмі адказна адначасова, бо, адпраўляючы ў войска, ты ў некаторай ступені вызначаеш лёс прызыўніка. Найбольш запомніліся і нават здзівілі выпадкі, калі юнакі, якія ўсякімі спосабамі шукалі альтэрнатыву службе, пасля дэмабілізацыі прыходзілі і казалі: «Прабачце, што я так сябе паводзіў падчас прызыву. Вы накіравалі мяне ў добрую часць, дзе я многаму навучыўся і стаў чалавекам. Дзякуй за гэта!» Армія сапраўды мяняе людзей.
– Пачаўся асенні прызыў – якія мерапрыемствы запланаваны ў гэты перыяд?
– Прызыўная кампанія праходзіць як звычайна: зараз ідзе абвестка маладых людзей аб яўцы ў ваенкамат – яны атрымаюць павесткі. Затым іх чакае медыцынскі агляд. Пасля адбудзецца пасяджэнне камісіі, дзе будзе вырашана, хто з прызыўнікоў пойдзе служыць зараз, хто атрымае адтэрміноўку ці будзе залічаны ў запас.
– Што параіце юнакам, якія шукаюць выйсце, каб не служыць?
– Калі няма праблем са здароўем, пайсці ў армію давядзецца ўсё роўна. Навошта адкладваць? Дарэчы, нагадаю, што ўхіленне ад службы пагражае крымінальнай справай. Такім чынам адказнасці не пазбегнуць нікому.
– Як адпачываеце і дзе чэрпаеце энергію?
– Адпачынак, хобі, аднаўленне сіл – усё гэта час, праведзены з сям’ёй. І няважна, падарожжа гэта ў экзатычную краіну ці сумесны прагляд фільма, галоўнае – быць разам.
Коратка:
– Тэатр пачынаецца з вешалкі. А з чаго пачынаецца армія?
– З дысцыпліны і парадку.
– Што галоўнае для ваеннага?
– Адданасць Радзіме і надзейны тыл.
– Настрой і планы на новай пасадзе?
– Настрой баявы і пазітыўны, а планы – заваяваць павагу і рухацца наперад.
Подписывайтесь на телеграм-канал «Островецкая правда» по короткой ссылке https://t.me/ostrovetsby.
Телеграм-канал «Островецкая правда» – всё самое интересное из жизни Островца и Островецкого района.
Подписывайтесь на телеграм-канал «Гродно Медиа Group» по короткой ссылке t.me/GrodnoMediaGroup.
Телеграм-канал «Гродно Медиа Group» – это ежедневные новости районов Гродненской области и города Гродно.