Вуліцы аграгарадкоў будуць перададзены на баланс ЖКГ

10:16 / 12.08.2021

Добраўпарадкаванне вясковых вуліц даўно з’яўляецца адной з балючых тэм: не грэйдзіруюць, не рамантуюць, зімой дрэнна чысцяць ад снегу – гэтыя пытанні традыцыйна адны з найбольш частых на “Прамых лініях” і сустрэчах з насельніцтвам.

Цяпер гэтым займаюцца сельвыканкамы, у якіх няма ні тэхнічных, ні людскіх рэсурсаў, ды і адпаведнай кампетэнцыі. Вось і даводзілася іх кіраўнікам “ламаць шапку” перад спецыялізаванымі арганізацыямі, прасіць, каб пачысцілі, адрамантавалі, засыпалі, параўнялі…

“Боты павінен шыць шавец і пірагі пячы спец”, – вырашылі ў райвыканкаме – і прынялі рашэнне аб перадачы вуліц аграгарадкоў на баланс РУП ЖКГ: спецыялісты з гэтай задачай павінны справіцца лепш.

Старшыня Рытанскага сельсавета Рыгор Цэйка расказаў, што ўжо ў жніўні ўсе вуліцы аграгарадкоў Падольцы, Рытань і Кямелішкі павінны быць перададзены на баланс камунальнікаў.

– Днямі прыязджалі начальнік аддзела жыллёва-камунальнай гаспадаркі райвыканкама Аляксей Артамонаў і майстар участка добраўпарадкавання РУП ЖКГ Дзмітрый Салагуб, правялі маніторынг вулічнай сеткі ўсіх аграгарадкоў, ацэнку іх стану. Спадзяемся, што хутка падпішам акт прыёмкі-перадачы, – не хавае надзеі на перамены да лепшага Рыгор Часлававіч.

Яго думкі падзяляюць і ўсе жыхары аграгарадкоў.

Ніна АЛЯКСЕЕВА