Дзеці вайны

15:15 / 04.07.2021

IMG_4973.jpg

1944 год. Вызвалены ліпень крочыць па нашых папялішчах. Яго нельга забыць. Ягады і грыбы дапамагалі людзям выжыць. Памятаю, цётачка Гэля ідзе ў лес па чарніцы. І мы, дзеці, пляцёмся за ёй. Босымі нагамі топчам парослыя за вайну сцежкі. Жартуем, смяёмся… і хочам есці. 
Вось і хутарок Смалярня прытаіўся сярод лесу. Пуста – яго спалілі немцы. Тут да вайны стаялі дзве жылыя хаты і заводзік. У ім з карчоў дрэў гналі дзёгаць і выплаўлялі смалу. З папялішчаў цягнуўся прыемны пах ад кучак застылай смалы і дзёгцю. 
За Смалярняй – чарнічнік. Ягады! Не смакуючы, мы кідалі ў рот чарніцы, каб прагнаць голад. Праз некаторы час пасля нашага ляснога абеду мы адчулі невыносны, цяжкі смурод. Цётачка пайшла глыбей у лес, а нам забараніла ісці следам. Але дзіцячую цікавасць нельга было ўтаймаваць. Мы падкраліся і… убачылі труп немца, які, відаць, ляжаў не адзін тыдзень… 
Памяць выносіць на паверхню страшныя малюнкі: расстрэлы, пахаванні, а яшчэ горш – непахаванні… Чаму пішу пра гэта? У павучанне нашчадкам: каб не існавалі зялёныя магілы, падобныя той, якую зрабілі дзеці з цётачкай Гэляй з яловых лапкаў. Каб памяталі людзі, што любая вайна, гвалт, супярэчнасць – гэта кроў і бруд. 

Яна ГАЛІНА, Астравец. 


Текст: Главный администратор