Пасвіць кароў у КСУП “Гервяты” дапамагае электрапастух на сонечнай батарэі

16:07 / 08.06.2021
Ва ўсіх гаспадарках раёна каровы з невялікіх малочна-таварных ферм, як правіла, круглыя суткі ласуюцца свежай травой, у рацыёне рагуль з комплексаў яна таксама ёсць. 
Правільная арганізацыя летне-пашавага ўтрымання буйной рагатай жывёлы значна зніжае сабекошт малака. Як з гэтай задачай справіліся жывёлаводы КСУП «Гервяты», даведаўся на мінулым тыдні карэспандэнт «раёнкі».

IMG_6476.jpg

Жывёлагадоўля КСУП «Гервяты» 
Малочна-таварныя комплексы: «Рымдзюны» і «Дайлідкі»;
Малочна-таварныя фермы: «Сакалойці», «Малюта», «Міцюны», «Чэхі», «Гіры»;
Комплекс па дарошчванні і адкорме буйной рагатай жывёлы.

Дойны статак КСУП «Гервяты» складае крыху больш за 2 300 кароў, з якіх 750 пасвяць кругласутачна. 

На малочна-таварных комп­лексах тэхналогіяй не прадугледжаны выпас жывёлы: на МТК «Рымдзюны» і «Дайлідкі» каровы – усяго 1 550 галоў – увесь год знаходзяцца на стойлавым утрыманні, зразумела, у сезон і на іх сталах з’яўляецца свежая трава. А вось рагулі на некаторых малочна-таварных фермах пераведзены на кругласутачнае пашавае ўтрыманне. 
Як гэта адбываецца ў гаспадар­цы, я даведалася, зазірнуўшы на малочна-таварную ферму «Сакалойці». 

IMG_6472.jpg

Галоўны заатэхнік КСУП «Гервяты» Алег Мядзведзеў


– Малочны статак у «Сакалойцях» – каля 235 галоў – пачалі пасвіць 26 красавіка. Зразумела, што пераход са стойлавага на пашавае ўтрыманне адбы­ваўся не адразу: паступова час знахо­джання кароў на пашы павялічвалі, таму што рэзкая змена рацыёну – стрэс для жывёлы. Мікрафлора рубца каровы пера­стройваецца да новай ежы ад аднаго да двух тыдняў. Цяпер асноўную частку корму каровы атрымліваюць на пашы: за суткі ў сярэднім 50 кілаграмаў зялёнай масы плюс 10 кілаграмаў кор­ма­сумесі з кукурузнага сіласу, сенажу і здробненай саломы, – растлумачыў галоўны заа­тэхнік КСУП «Гервяты» Алег Мядзве­дзеў.  – Увогуле пашавае ўтрыманне спрыяе павелічэнню надояў і станоўча ўплывае на арга­нізм жывёлы. Калі карова рухаецца, у яе паляпшаецца крова­зварот – а гэта мінімізуе фак­тар узнікнення мастытаў, энда­метрытаў і з’яў­ляец­ца прафі­лактыкай зах­во­р­ванняў канечнасцей.
Да слова, тэхналогія кармлення кароў у так званы пераходны перыяд прадумана да дробязяў: з восені побач з фермай засеялі свірэпіцай каля 30 гектараў – і прывыкаць да пашы каровы пачыналі менавіта з гэтага ранняга і спажыўнага корму. Цяпер плошчы перазалужаны – на наступны год-другі тут будзе паўнавартасная паша. 
Дарэчы, па надоях МТФ «Сакалойці» плюсуе: ад каровы тут атрымліваюць амаль 22 кілаграмы (+0,6 кг да ана­лагічнага перыяду 2020 года). У сярэднім за дзень пера­працоўшчыкі з фермы атрым­лі­ваюць 4 100 кілаграмаў малака вышэйшага гатунку таварнасцю 90%. 
Ужо некалькі тыдняў каровы з фермы «Сакалойці» на пашы круглыя суткі. Каля сямі гадзін раніцы іх прыганяюць на ферму, там раздаюць канцэнтраваныя кармы – з разліку на кілаграм малака 350 грамаў – праз гадзіну пачынаецца першая дойка. 
Плошча пашы складае больш за 70 гектараў. Пазменна ў «Сакалойцях» пасвяць кароў па 2 жывёлаводы. Дапамагае ім электрапастух, які сілкуецца сонечнай энергіяй. 
У залежнасці ад ураджайнасці травы пастухі разбіваюць «клетку» – на карову разлічана 2 квад­ратных метры. Яна страў­лі­ваецца ў сярэднім за дзве гадзіны, потым загон пераносяць на іншы ўчастак. Пасля пашу падкошваюць, а падвяленую «зялёнку» замотваюць у стрэйч-плёнку – як кажуць, двух зайцаў адным махам страляюць: і рагулі сытыя, і спажыўны корм на зіму нарыхтаваны. На скошаныя ўчасткі ўносяць мінеральныя ўгнаенні. Пасля дажджоў трава хутка адрасце і статак вернецца на свежую атаву.
Па меркаванні спецыялістаў, у перыяд так званага вялікага малака галоўную ролю іграе гас­падарчы падыход да справы, а не толькі добры травастой, хоць, безумоўна, гэта адзін з найважнейшых фактараў надояў. Многае залежыць і ад пастухоў.
Не першы год за каровамі на пашы сочаць Генадзь Палачанскі і Андрэй Лаўрыновіч – у пары мужчыны працуюць другі сезон. Характар і звычкі кароў яны ведаюць да драбніц. 

IMG_6460.jpg

Чацвёрты год сочыць за каровамі на пашы Андрэй Лаўрыновіч


IMG_6448.jpg

Дзявяты сезон пасвіць кароў у «Сакалойцях» Генадзь Палачанскі


– Паша сёлета добрая. Работы хапае і днём, і ноччу: наш статак самы вялікі сярод гервяцкіх ферм, – гаворыць Генадзь Пала­чан­­скі. – Карова – разумная жы­вё­­ліна. Пры гэтым адна рагуля можа падбухторыць увесь статак – і нарабіць шкоды. Асабліва ня­звыклыя да пашы першацёлкі і нецелі. 
– Каровы без гадзінніка ведаюць, калі пераносім клетку і трэба пераходзіць на іншы ўчастак, час пачатку дойкі, – да размовы далучаецца Андрэй Лаўрыновіч. – На пашы, як бачыце, ёсць усё неабходнае для кароў: бочка з вадой, сена, мел, лізунцы і соль… А мы сваю работу ведаем!

Мовай лічбаў і фактаў
У гаспадарцы ад каровы за дзень атрымліваюць на ўзроўні мінулага года – крыху больш за 20 кілаграмаў малака. З пачатку года рагуля дала амаль 3 100 кілаграмаў. Штодзень перапрацоўшчыкі з малочна-таварных ферм і комплексаў забіраюць крыху больш за 45 тон малака. Дарэчы сказаць, сёлета значна палепшылася яго якасць. Гатункам экстра гервятцы здаюць 56,2% малака (летась 52%), вышэйшым – амаль 40% (у мінулым годзе – 25%). Аднак на гэтым жывёлаводы спыняцца не збіраюцца: плануюць і далей нарошчваць яго вытворчасць за кошт выпасу жывёлы і правільнай арганізацыі яе кармлення.

А як на іншых гервяцкіх фермах?
На МТФ «Міцюны», напрыклад, тэхналогія ўтрымання буйной рагатай жывёлы адрозніваецца ад іншых гервяцкіх ферм: тут каровы не пасвяцца – а з 12.00 да 18.00 знаходзяцца на выгульным двары ў агароджаных, спецыяльна для гэтага прыстасаваных загонах на 2 аддзяленні. Жывёліна чыстая, у паілках – дастаткова вады, ёсць лізунцы і соль.
Дарэчы, найбольш прадукцыйныя каровы КСУП «Гервяты» за суткі даюць 30-35 кілаграмаў малака.



Подписывайтесь на телеграм-канал «Островецкая правда» по короткой ссылке https://t.me/ostrovetsby.

Телеграм-канал «Островецкая правда»  – всё самое интересное из жизни Островца и Островецкого района. 


Подписывайтесь на телеграм-канал «Гродно Медиа Group» по короткой ссылке t.me/GrodnoMediaGroup.

Телеграм-канал «Гродно Медиа Group» – это ежедневные новости районов Гродненской области и города Гродно.
Текст:
Фото: Алена Ганулич