Память потомков: о своем дедушке рассказывает островчанин Генрих Махневич

12:12 / 10.06.2021
У кнізе «Памяць. Астравецкі раён» прозвішча Франца Паўлавіча Гульбіцкага зме­шчана ў раздзеле «Воіны-землякі Астравецкага раёна, звесткі пра дакладнае месца нараджэння якіх не выяўлены». Тут пазначана «Гульбіцкі Франц Паўлавіч, нарадзіўся ў 1919, радавы, прапаў без вестак у 1945».

img013.jpg

– Мой дзед Франц Паўлавіч Гульбіцкі нарадзіўся ў 1919 годзе ў вёсцы Крумінка Дравяніцкага сельсавета, – расказвае астраўчанін Генрых Махневіч і працягвае: – Але мае ён дачыненне да ўзгаданага ў кнізе «Памяць» чалавека ці не, не ведаю. З расповедаў бабулі дакладна вядома, што яго прызвалі ў рады Чырвонай арміі 27 мая 1941 года.
Праз некалькі дзён бабуля Генрыха Махневіча – Ядвіга Ігнатаўна Гульбіцкая – атрымала ліст ад мужа. На першай старонцы стаяла дата 1 чэрвеня, а напрыканцы, на другой старонцы, было пазначана мястэчка Зэльва. 
– Пра гэты ліст у дзяцінстве мы чулі не раз і ад маці, і ад бабулі, але ніколі яго не бачылі. І толькі пазней, пасля смерці бабулі, мы знайшлі дзедава пасланне – напісана яно было на польскай мове, – паказвае ліст Генрых Махневіч.

«Любімая Ядвіга! 
У першых словах майго ліста паведамляю, што я жывы і адчуваю сябе добра. Спім на драўляных лавах з торбай пад галавой. Пакуль што ходзім у грамадзянскім. Два дні былі заняты, а потым пачаліся выхадныя дні. Не ведаў што рабіць, але як успомніў твае блакітныя вочы, то рашыў напісаць ліст. Як буду ведаць свой пастаянны адрас, то прышлю паштоўку з ім. Напішы мне, мая любая Ядзя, што чуваць у вас, 
у маіх сёстраў і шваграў, у Задворніках?»

Гэта было першае і апошняе пасланне, што атрымала маладая жонка. 
– Бабуля з дзядулем ажа­ніліся 18 ліпеня 1939 года. У нас захаваліся іх вясельныя фотаздымкі. Дзядуля быў высокі і статны, а бабуля невялічкая. Іх каханне было вялікім і моцным, аднак нядоўгім. Амаль праз год пасля вяселля – 19 чэрвеня 1940-га – у іх нарадзілася дачка Галя – мая маці, – расказвае Генрых Феліксавіч. – А яшчэ праз год, як расказвала бабуля, дзеда прызвалі ў армію.
На жаль, у ваенкамаце ніякіх сведчанняў знайсці не атрымалася. Аднак факт службы пацвярджаюць не­калькі дакументаў, атры­маных жонкай Франца Паў­ла­віча Ядвігай Ігнатаўнай у канцы 40-х гадоў. 

img004.jpg

– Пакуль ішла вайна, бабуля спадзявалася, што дзед жывы  і рана ці позна вернецца дадому. Калі ж вайна скончылася і мужчыны сталі вяртацца на Радзіму, да сваіх сем’яў, бабуля забіла трывогу: звярталася ў розныя інстанцыі, каб знайсці мужа, але ўсе яе пошукі былі безвыніковыя, – узгадвае ўнук.
– Бабуля расказвала, што не раз хадзіла ў ваенкамат, падавала запыты ў розныя структуры Савецкага Саюза, пісала лісты ў Чырвоны Крыж і польскія архівы, – рассказвае Генрых Махневіч. – Калі з Польшчы ў Астравец прыязджалі былыя астраўчане, заўсёды старалася з імі сустрэцца і прасіла, каб дакументы пра дзеда пашукалі ў польскіх архівах, – раптам штосьці атрымаецца знайсці.
Да смерці жанчына захоў­вала памяць пра каханага. Замуж больш яна не выйшла – пэўна, моцна кахала свайго Франца, адна выгадавала і паставіла на ногі дачку.
– З дзяцінства помню прыгожую бабуліну сумачку – там яна захоўвала сямейныя фота­здымкі даваенных часоў, калі была самай шчаслівай, ліст ад дзеда і шматлікія даведкі, атрыманыя падчас яго пошукаў.

img0131.jpg

Адна з такіх выдадзена Ядві­зе Ігнатаўне ў Дра­вяніцкім сельсавеце – сведкі, жыхары вёскі Задвор­нікі Фелікс Мальдзіс, Іван Гурскі і Фелікс Роцкі, – пац­вярджалі, што муж жанчыны быў «прызваны ў Савецкую Армію» (чытай: Чырвоную – Заўв. аўт.) 27 мая 1941 года. Праўда, што з ім сталася пасля гэтага, ніхто не ведае і сёння. 
– На сайтах, дзе можна знайсці ўдзельнікаў Вялікай Айчыннай вайны, значыцца, што Франц Паўлавіч Гульбіцкі прапаў без звестак. Толькі калі гэта здарылася, немагчыма пацвердзіць ні адным дакументам. Мы думаем, што дзядуля загінуў у пачатку вайны – менавіта пад Зэльвай, адкуль бабуля і атрымала яго ліст – разважае Генрых Махневіч.
Сапраўды, калі звярнуцца да гісторыі Вялікай Айчыннай вайны, то адразу ж узгадваецца Зэльвенскі прарыў, які адбыўся ў канцы чэрвеня 1941 года і падчас якога загінулі сотні салдат, імёны і прозвішчы многіх невядомы і сёння.

«Каханая Ядзя, не забывай мяне! 
Перадаю прывітанні ўсім родным, бацьку і маці, і табе, мая любімая жонка, і маёй дачцэ. 
Цалую цябе 122 разы. 
Твой самы любімы муж».

І яна не забыла – праз усё жыццё пранесла жанчына любоў да мужа. І перадала памяць пра яго дачцэ і ўнукам, каб помнілі пра вайну і збераглі мір.

Фота з архіва сям’і МАХНЕВІЧ. 




Подписывайтесь на телеграм-канал «Островецкая правда» по короткой ссылке https://t.me/ostrovetsby.

Телеграм-канал «Островецкая правда»  – всё самое интересное из жизни Островца и Островецкого района. 


Подписывайтесь на телеграм-канал «Гродно Медиа Group» по короткой ссылке t.me/GrodnoMediaGroup.

Телеграм-канал «Гродно Медиа Group» – это ежедневные новости районов Гродненской области и города Гродно.



Текст: