“Кушать подано!”, или Кто кормит механизаторов КСУП “Гервяты”

09:07 / 21.05.2021
Падчас асноўных сельскагаспадарчых кампаній на перадавіцы «раёнкі» звычайна мільгацяць прозвішчы і фотаздымкі лепшых хлебаробаў Астравеччыны. Аднак у кожнай намалочанай тоне і засеяным гектары ніў – не толькі плён  працы хлебаробаў, але і тых людзей, якія іх кормяць. Нездарма кажуць: сыты работнік – добры работнік. 
Карэспандэнт сустрэўся з працаўнікамі КСУП «Гервяты», якія забяспечваюць харчовы тыл хлебаробаў гэтай гаспадаркі. 

IMG_4894.jpg

Шэф-повар КСУП «Гервяты» Альбіна Яцэвіч


Гарачыя абеды механізатарам на рабочае месца – у поле – прывозяць падчас пасяўной і корманарыхтоўчай кампаній, а на жніве хлебаробы дадаткова атрымліваюць пад­вя­чоркі. Дзве машыны каля 12.00-12.30 забіраюць са сталовай абеды і развозяць іх, даязджаючы да кожнага меха­ні­затара: хто працуе, лічы, пад бокам, а іншыя – ажно ў Дай­лідках. 
– Харчаванне хлебаробаў на асобым кантролі, – уводзіць у курс спраў намеснік дырэктара КСУП «Гервяты» па ідэалагічнай рабоце Алена Сцефановіч. – Сёлета значна папоўнілі і абнавілі матэрыяльна-тэхніч­ную базу кух­ні. Летась набылі параканвекта­мат. Нашы дзяў­чаты адразу ацанілі гэтую варачную печ: эканоміцца час – не трэба стаяць ля пліты, каб пасмажыць дзясяткі катлет, а іх падчас жніва трэба зрабіць больш за сотню. Таксама памянялі посуд і набылі трохсекцыйныя тэрмасы: хлебаробы персанальна атрымліваюць першае, другое і салату. Замянілі газавую пліту, купілі агарод­ніна­рэзку, бульбамяшалку і бульба­чыстку, электрычныя чайнікі, мікрахвалёўку – словам, усё неабходнае, каб гатаваць сытна і смачна, на кухні ёсць. І ў повараў гэта атрым­ліваецца!

IMG_4917.jpg

На раздачы Станіслава Кішкель і Інэса Махонька


Назіраючы праз раздатачнае акенца за ўвішнымі і хуткімі рухамі жанчын  на кухні, упэў­нілася, што ім сапраўды пад сілу за некалькі гадзін прыгатаваць не адзін дзясятак порцый. Састаўляе меню, «наразае» задачы, заказвае прадукты, гатуе і робіць адначасова шмат іншых спраў старшы повар Альбіна Яцэвіч. Цікаўлюся ў жанчыны, як яны ўпяцярых упраўляюцца. 
– Па характары я – чорт, можа­це так і напісаць, і па натуры  хуткая, не магу ўседзець на мес­цы, – Альбіна Марыянаўна зла­віла мой здзіўлены позірк  і па­тлу­­ма­чыла: – Крыху больш за 20 га­­доў працую, калі можна так ска­­заць, галоўным поварам у «Гер­вятах». З завязанымі вачыма ма­гу сказаць, колькі спатрэбіцца фар­шу на галубцы ці катлеты, але, безу­моўна, мы ўсё гатуем па рэ­цэптуры. 
Меню з дня ў дзень у КСУП «Гервяты» не паўтараецца: гуляш, паджарка, курыныя біточкі, каўбаскі па-слуцку, цэпеліны – гэта далёка не ўвесь пералік толькі мясных страў. 
– У гарачае надвор’е асаблі­вым попытам у механізатараў карыстаецца халаднік. Камусьці ледзь не штодзень паджарку давай – зразумела, адно мяса! – працягвае галоўны повар. – Стараемся дагадзіць хлопцам, каб былі сытымі. Якое ж ворыва, калі ў страўніку бурчыць. А для мяне галоўная ўзнагарода за работу – падзяка механізатараў. 

IMG_4909.jpg

Повар Анжаліка Мухніцкая 

У дзень майго прыезду ў гервяцкую сталоўку на абед былі рысавы суп з фрыкадэлькамі, бульбяное пюрэ, катлета па-хатняму, салата з капусты, чай і хлеб. Дарэчы сказаць, вялікая і сытная порцыя для хлебароба ў сярэднім каштуе каля 70-80 капеек (10% ад агульнага кошту). У сталоўцы харчуюцца  работнікі, якія раман­туюць тэхніку ў ме­ха­нічных майстэрнях і працуюць на зернескладзе. 
Цікаўлюся ў шэф-повара, ці зда­раліся за час працы форсма­жоры і што рабілі ў такіх сітуа­цыях. 
– Бог мілаваў, – гаворыць Аль­біна Марыянаўна. – Праўда, аднойчы прапала вада, а без яе на кухні, самі разумееце, як без рук. Выйсце знайшлі хутка: прывозілі ў флягах. Праз некалькі гадзін непаладкі былі вырашаны. 

IMG_4899.jpg

Ганна Баканава хоць і на пенсіі, але не развітваецца з кухарскай справай


Рабочы дзень у сталовай пачынаецца ў 7 раніцы, бывае, дзяўчаты прыбягаюць і раней. 
– Хтосьці мые кантэйнеры, іншы займаецца бульбай ці мясам. У кожнага свой фронт работы. Варым, смажым, парым. Да 12.30, калі за абедамі прыязджае першая машына, у нас ужо ўсё гатова, – працягвае Альбіна Яцэвіч. – Потым наводзім пара­дак, мыем посуд і плануем заў­т­рашні дзень. 
Шэф-повар КСУП «Гервяты» прызналася, што ў дзяцінстве нават і падумаць не магла, што бу­дзе карміць столькі людзей. 
– Я мясцовая, родам з Мацак. У школе мне прарочылі спартыўную будучыню: і па скачках ў вышыню і даўжыню, і па бегу з бар’ерамі займала прызавыя месцы, – расказвае жанчына. – Працавала ў гандлі. Тагачасны старшыня калгаса Вячаслаў Іосіфавіч Адахоўскі неяк папрасіў дапамагчы карміць механізатараў на жніве. Згадзілася. І  не заўважыла, як больш за 20 гадоў прайшло!
Жанчына прызнаецца, што дома адпачывае ад кухні. Дзеці выраслі, а муж з радасцю на вячэру есць магазінныя пельмені. 
– Генадзь – дарэчы, нядаўна яму далі новенькі КАМАЗ – не крыў­дуе. Ведае, што ад яравой да азімай сяўбы працую, лічы, без выхадных. Цяпер крыху спакай­ней: пасяўная скончылася, а масавая корманарыхтоўка яшчэ не пачалася, – расказвае повар. – У выхадны абавязкова мужу пяку бліны – румяныя, пульхныя, паджарыстыя. Усё рабіць з душой трэба: і дзяцей гадаваць, і абеды гатаваць, і ўраджай убіраць!
…І не паспрачаешся з гер­вяц­кім шэф-поварам!



Подписывайтесь на телеграм-канал «Островецкая правда» по короткой ссылке https://t.me/ostrovetsby.

Телеграм-канал «Островецкая правда»  – всё самое интересное из жизни Островца и Островецкого района. 


Подписывайтесь на телеграм-канал «Гродно Медиа Group» по короткой ссылке t.me/GrodnoMediaGroup.

Телеграм-канал «Гродно Медиа Group» – это ежедневные новости районов Гродненской области и города Гродно.
Текст:
Фото: Алена Ганулич