Школьнікі з Гудагайскай школы даведаліся, адкуль прыходзіць малако

12:22 / 02.05.2021
Сёння мала хто трымае на падворку рагатую карміцельку. Таму за ведамі і ўражаннямі другакласнікі Гудагайскай сярэдняй школы адправіліся на экскурсію на МТК «Германішкі» КСУП «Гудагай».

3.jpg

Нашым экскурсаводам стала загадчык фермы Галіна Карвэцкая, якая расказала, як даглядаюць кароў і чым кормяць, каб яны давалі высокаякаснае малако. Дзеці ўбачылі тэхніку, якая дапамагае наводзіць парадак у кароўніку. 
Трапілі школьнікі і ў даільнае памяшканне. За аўтаматычным даеннем жывёл можна назіраць з дыспетчарскага пакоя. Работнікі фермы сочаць за здароўем кожнай каровы. Калі ў жывёлы выяўлена захворванне або падазрэнне на яго, карову адпраўляюць у зону каранціну, дзе праводзяць пільны агляд і прызначаюць лекі. 
Назіраючы за дойкай, дзеці засыпалі загадчыцу пытаннямі: як называюць чалавека, які доіць кароў, колькі карова ў суткі дае малака, колькі жыве жывёла? 
Было цікава даведацца, што лепшым аператарам машыннага даення Рэспублікі Беларусь у 2017 годзе стала Ірына Свіла, маці адной з вучаніц школы.
А самым запамінальным момантам экскурсіі стала наведванне ясляў, дзе ў пластыкавых дамках знаходзяцца нованароджаныя цяляты. Старэйшыя жывуць у «дзіцячым садку» – асобным памяшканні. У кожнага цяляці ў вуху знаходзіцца чып, на якім запісана ўся інфармацыя аб жывёле. 
Дзякуючы экскурсіі дзеці пазнаёміліся з работай працаўнікоў сельскай гаспадаркі. 

Надзея ШЫХАЎЦОВА, настаўнік пачатковых класаў.


Текст: Главный администратор