Пра ўрокі Чарнобыля гаварылі ўдзельнікі ліквідацыі яе наступстваў

15:16 / 30.04.2021
У дзень 35-й гадавіны аварыі на Чарнобыльскай АЭС у канферэнц-зале шматфункцыянальнага комплексу прайшла  сустрэча школьнікаў з удзельнікамі ліквідацыі наступстваў аварыі і прадстаўнікамі мясцовай улады.

IMG_8840.jpg

Што адбылося 35 гадоў назад у Чарнобылі? Якія страты панесла ад гэтай аварыі наша краіна? Якія асабістыя трагедыі хаваюцца за ка­роткім словам «Чарнобыль»? Чаго тады было больш: геройства, гора, неразбярыхі ці ўсяго разам? 
Адказы на гэтыя пытанні маладыя людзі спра­ба­валі знайсці не толькі ў дакументальным філь­ме «Звон Чарнобыля» і інфармацыі, якую пра­да­ставілі вядучыя, але і ва ўспамінах не­пасрэдных удзель­ні­каў тых падзей.
Падпалкоўнік міліцыі ў адстаўцы Сяргей Шэін у 1986 годзе быў ка­мі­сарам зводнага рэспуб­лікан­скага атрада супрацоўнікаў органаў унут­раных спраў, якія ахоўвалі адселеныя тэрыторыі.
– Я схіляю галаву перад мужнасцю пажарных, ваенных будаўнікоў, хімікаў, якія цаной свайго здароўя і жыцця ўратавалі свет ад магчымай ядзернай катастрофы, – сказаў Сяргей Віктаравіч. – Нашы міліцыянеры хоць і не тушылі рэактар, але ўнеслі свой уклад у ліквідацыю наступстваў аварыі.
Сяргей Шэін расказаў, як ішло фарміраванне атрада – да гонару астравецкіх міліцыянераў, ніхто з іх не сказаў: «Не паеду, гэта небяспеч­на» – усе 11 чалавек, якія ў розны час атрымалі загад выехаць у Гомельскую вобласць, выканалі яго адказна і дакладна. Хоць тады мала хто разумеў, якую небяспеку нясе ў сабе нябачны вораг – радыяцыя, чым могуць абярнуцца для здароўя некалькі тыдняў, праведзеных у зоне адсялення, не ведаў, якія дозы апраменьвання яны назапасілі за час знаходжання ў гэтай камандзіроўцы, і тым больш не думалі пра будучыя льготы і ўзнагароды – яны проста выконвалі свой абавязак.
Старшыня раённага Савета дэпу­татаў Ірына Тальчук у час, калі адбылася Чарнобыльская аварыя, жыла ў Хойніках, знаходзілася ў дэкрэт­ным адпачынку – толькі нарадзіла дачуш­ку.  Трывога, страх за будучыню дзіцяці прымусілі яе, як і дзясяткі, сотні іншых сямей, змяніць месца жыхарства на ўтульны і, галоўнае, чысты ад радыеактыўных выкідаў Астравец.
– Мясцовыя людзі нас, пера­сяленцаў, добра прынялі, дапа­маглі, чым маглі. Тыя, хто хацеў, знайшлі магчымасці для сама­рэалізацыі. Мне грэх скар­дзіцца на лёс – і ўсё ж да гэтага часу мучыць сумленне, што так мала зрабіла для сваёй малой радзімы, – шчыра прызналася Ірына Эдуардаўна.
Старшыня раённага Савета расказала пра дзяржаўную падтрымку людзей і тэрыторый, якія пацярпелі ў выніку Чарнобыльскай аварыі, – на гэта па-ранейшаму выдзяляюцца немалыя сродкі.
Намеснік начальніка Астравец­ка­га РАУС Вадзім Савіцкі ад імя афі­цэрскага сходу аддзела ўручыў каш­тоўныя падарункі ветэранам мі­лі­­цыі Сяргею Шэіну, Івану Яра­шэ­вічу і Іва­ну Мацкойцю, якія прымалі ўдзел у ліквідацыі наступстваў аварыі на Чар­нобыльскай АЭС, – гэта толькі не­вялікая ўдзячнасць сучаснікаў за  сама­ахвярную бездакорную службу.
Сяргей Шэін і Ірына Тальчук былі аднадушны: пра Чарнобыль трэба помніць і ведаць як мага больш, каб не дапусціць падобнага ў будучым. Так, Беларуская атамная элект­растанцыя зусім іншага тыпу, чым была ў Чарнобылі, яна аснашчана не­калькімі ступенямі аховы – але бяспеч­ная работа самага разумнага і дасканалага абсталявання залежыць ад адказнасці і прафесіяналізму лю­дзей, якія з ім працуюць. Думаецца, гэтая суст­рэча дапамагла моладзі, якая прысутнічала ў зале, не толькі атрымаць новую інфармацыю, але і зразумець, якой бядой можа стаць любое дасягненне цывілізацыі, калі забыцца на меры перасцярогі.




Подписывайтесь на телеграм-канал «Островецкая правда» по короткой ссылке https://t.me/ostrovetsby.

Телеграм-канал «Островецкая правда»  – всё самое интересное из жизни Островца и Островецкого района. 


Подписывайтесь на телеграм-канал «Гродно Медиа Group» по короткой ссылке t.me/GrodnoMediaGroup.

Телеграм-канал «Гродно Медиа Group» – это ежедневные новости районов Гродненской области и города Гродно.



Текст: Нина Рыбик
Фото: Нина Рыбик