Варнянцы нераўнадушныя да лёсу беларускага лесу

11:39 / 20.04.2021

Дабрачынная акцыя «Тыдзень лесу – 2021», прысвечаная Году народнага адзінства, аб’яднала тысячы беларусаў для таго, каб і далей нашы лясы радавалі неабсяжнасцю, велічнасцю і хараством. Традыцыйна далучыліся да гэтай акцыі і школьнікі Варнянскага НПК.

Вучні пачатковых класаў разам з бацькамі зрабілі для пярнатых сяброў сінічнікі. Старшакласнікі і работнікі навучальнай установы на працягу тыдня ўдзельнічалі ў пасадцы лесу, добраўпарадкаванні парка, азеляненні аграгарадка. А ў школьным садзе алея буякоў папоўнілася дваццацю саджанцамі.

1.jpg

Навучэнцы 11-га класа Варнянскага НПК пра акцыю:

Ілона Калпак:

– Нам выпала ганаровая і важная місія – паклапаціцца пра будучыню, бо лясы не толькі ўплываюць на жыццядзейнасць чалавека, але і гарантуюць экалагічную бяспеку. Веру, што з цягам часу буду прыходзіць сюды са сваімі дзецьмі і з гонарам расказваць ім, што высокія і магутныя дрэвы – вынік і маіх намаганняў.

Таццяна Пяткевіч:

– Не лічыла, колькі дрэў пасадзіла, – шмат. Я патраціла свой час на карысную справу, на вельмі патрэбную і цікавую працу. Рабіць краіну прыгажэйшай, а планету здаравейшай – гэта цудоўна!

Яна Стакун:

– Удзел у «Тыдні лесу» для мяне – справа гонару, бо далучыцца да фарміравання багацця наступных пакаленняў беларусаў – цудоўная магчымасць праявіць сябе, выказаць любоў да роднай зямлі. Гэта вельмі патрэбная і важная акцыя, бо лес – не толькі прыгажосць і рэсурсы, а яшчэ і наша здароўе.

2.jpg

Нераўнадушных да беларускага лесу людзей вельмі шмат. Значыць, лес будзе радаваць сваім багаццем нашых нашчадкаў.

Наталля АДУЛА,
намеснік дырэктарапа вучэбнай рабоце Варнянскага НПК


Текст: Главный администратор