Святары Астравеччыны расказалі, як адзначалі Вялікдзень у іх сем’ях

14:01 / 04.04.2021
Вялікдзень аднолькава любімы дзецьмі і дарослымі. Пра значэнне гэтага дня для тых, хто абраў шлях служэння Богу, расказваюць святары Астравеччыны. Напярэдадні Уваскрэсення Хрыста іх мы папрасілі адказаць на 5 пытанняў пра галоўнае.


1. Як вы святкавалі Вялікдзень у дзяцінстве і як адзначаеце яго цяпер?

2. Ці змянілася ўспрыманне свята з узростам?

3. Раскажыце пра сімвалы і традыцыі велікоднага перыяду. 

4. Уявіце, што трапілі ў часы Хрыста і сустрэлі Яго. Што б вы сказалі Сыну Божаму і што б Ён перадаў праз вас сучасным людзям?

5. Што пажадаеце ў свята вернікам Астравеччыны?

Кс. Анатоль Захарэўскі, пробашч парафіі ў Міхалішках, адміністратар парафій у Клюшчанах і Жукойнях-Жалядскіх:

Ксёндз Анатоль Захарэўскі.jpg

1. Нарадзіўся я на Ашмяншчыне ў веруючай сям’і. Ксяндза ў нашай парафіі не было, касцёл стаяў зачынены. Каб асвяціць вербачку, бацька ездзіў у суседнюю парафію за некалькі дзясяткаў кіламетраў. У нашай сям’і былі такія ж традыцыі, як і ў большасці вяскоўцаў. Пасля малітвы елі свянцонку – за пасхальным сталом збіралася ўся сям’я, сваякі і блізкія. А вось у жакі, у адрозненне ад сучасных дзяцей, не хадзілі.

2. Тады, напэўна, для мяне былі больш значныя знешнія праявы святаў. Як і кожнае дзіця, чакаў падарункаў і ласункаў. З узростам стаў разумець глыбіню і сэнс галоўных хрысціянскіх святаў – Вялікадня і Каляд. Таямніца змёртвыхпаўстання Езуса заключаецца ў вяршэнстве дабрыні над злом, жыцця вечнага над смерцю. 

3. Апошні тыдзень перад Вялікаднем называецца Вялікім і яго распачынае Вербная нядзеля. У Вялікі чацвер, які ў народзе называюць чыстым, прыпамінаем апошнюю вячэру Хрыста з вучнямі, падчас якой Сын Божы амыў ногі ўсім апосталам. У гэты дзень Езус устанавіў 2 важныя сакрамэнты – святарства і эўхарыстыі. У пятніцу Хрыстос сканаў на крыжы. Гэта адзіны дзень у годзе, калі адпраўляецца не імша, а набажэнства – адбываецца адарацыя крыжа, удзяляецца камунія, праходзіць крыжовы шлях. У Вялікую пятніцу мы ўспамінаем муку і смерць Езуса на крыжы, бо ён памёр за нас, за бацькоў, за сяброў і за ўсіх людзей. Дзякуем Хрысту за вялікую любоў, просім прабачэння за правіны. 

У Вялікую суботу асвячаецца ежа на велікодны стол, а вечарам пачынаецца Пасхальная вігілія. Святар асвячае агонь, ад яго запальваецца Пасхал – свечка, якая сімвалізуе ўваскрэслага Хрыста. 

4. Складанае пытанне… (Задумваецца.) Мяркую, Езус сказаў бы тое ж, што і сваім сучаснікам: каб жылі па Божых запаветах. Я б папрасіў у Сына Божага прабачэння за свае правіны, слабасці і каб даў мне сіл вытрымаць да канца ў сваім служэнні Богу і людзям. 

5. Жадаю спакою, радасці, Божага благаславення. Каб вашы душы ззялі асвячальнай ласкай, а сэрца было  адкрытым да сустрэчы з Езусам. Няхай у сем’ях пануюць узаемаразуменне і згода, а надзейным спадарожнікам будзе здароўе. Вясёлых свят!

А. Казімір Мараўскіпарафія Адведзінаў Найсвяцейшай Панны Марыі ў мястэчку Гудагай:

Айцец Казімір Мараўскі.jpg

1. Я з каталіцкай сям’і, і вера для нас мела вялікае значэнне. Мы часта хадзілі ў касцёл, я паслугаваў ксяндзу падчас службы. На працягу Вялікага посту мы рыхтаваліся да Уваскрэсення Езуса: не прапускалі ніводнай крыжовай дарогі ў пятніцу, абавязкова ўдзельнічалі ў рэкалекцыях і прыступалі да споведзі, у нядзелю спявалі «Песні жальбы»… Да Вербнай нядзелі я і браты з дапамогай матулі аздаблялі вербачкі – у кожнага абавязкова была свая. Іх з лесу за некалькі тыдняў да свята прыносіў тата: галінкі ставілі ў ваду, каб распусціліся «коцікі».

Памятаю, што вялікім перажываннем для мяне было слухаць урывак з Евангелля пра муку Пана Езуса. У нашым касцёле святар выбіраў самы доўгі ўрывак, які хор спяваў з падзяленнем па ролях – гэта было вельмі моцна і ўражліва. Абавязкова ўдзельнічалі ва ўсіх набажэнствах Пасхальнага Трыдуума, пачынаючы з Вялікага чацвярга. У дзяцей нават думкі не ўзнікала не пайсці ў касцёл – мы жылі гэтым. 

З чацвярга па нядзелю ў касцёле круглыя суткі была адарацыя найсвяцейшага сакрамэнту, ля якога безу­пынна чувалі людзі. З гісторыі ведаем, што ля гробу Хрыста знаходзіліся жаўнеры. На ўспамін пра гэта ў нашым касцёле стаялі пажарныя ў параднай форме. 

У суботу асвячалі ежу на велікодны стол. Памятаю, што маці ў цэнтр кошыка ставіла цукровага баранчыка. Аднойчы яна не знайшла такога і паклала фігурку з воску. Я, несучы свянцонку, вырашыў праверыць і надкусіў: смаку не адчуў, затое пакінуў на ягняці глыбокі след ад зубоў. Гэту правіну выправіў дома з дапамогай запаленай свечкі. (Усміхаецца.)

Велікодная ўрачыстая імша з працэсіяй называецца рэзурэкцыяй – гэтая служба ў нашай парафіі пачыналася ў 6 раніцы. Памятаю словы пробашча: сонца падымаецца – працэсія пачынаецца. Потым спяшаліся дадому, каб з’есці свянцонку. Традыцыі біцца яйкамі ў нас не было – гэтаму я навучыўся на Астравеччыне.

Дзеці з асаблівым нецярпеннем чакалі панядзелка. У гэты дзень у Польшчы ёсць традыцыя аблівання вадой – смігус-дынгус. Я любіў пасваволіць і часта будзіў халоднай вадой старэйшых братоў, якія яшчэ спалі. Тады галоўнае было хутчэй зрабіць ногі… (Усміхаецца.)

Святары крыху інакш, чым вернікі, адначаюць Вялікдзень, бо знаходзяцца  па другі бок ад свята. Наша місія і задача – падрыхтаваць людзей да Змёртвыхпаўстання Езуса. Калі перад святамі шмат спавядаю, а на Вялікдзень раздаю камунію, што баліць рука, – тады я шчаслівы.  

2. У дзяцінстве гэты значны дзень успрымаўся, напэўна, больш наіўна, была прывязанасць да знешніх праяваў свята. Цяпер малюся інакш, чым калі мне было 10 гадоў, бо разумею, што рыхтуюся сустрэць уваскрэслага Езуса, выказаць яму любоў і падзяку за ахвяру. У дарослым жыцці Уваскрэсенне перажываецца глыбей.  

3. У Вялікі чацвер Езус устанавіў сакрамэнты святарства і эўхарыстыі. Звычайна ў гэты дзень людзі віншуюць святароў. Калі чытаю ўрывак з Евангелля пра апошнюю вячэру, адчуваю сябе адным з вучняў Хрыста. Вялікая пятніца – дзень засяроджанасці, адарацыі, паклону Езусу Збаўцу, нават напачатку літургіі падаем ніцма перад алтаром. Па вялікім рахунку, не Сын Божы, а кожны з нас павінен быць укрыжаваны за свае грахі, а ён – Бог і чалавек у адной асобе – свядома ахвяраваў сябе дзеля збавення роду людскога. Літургія Вялікай суботы найбольш багатая: ёсць 7 чытанняў: пра стварэнне свету, выхад яўрэйскага народу з Егіпта і іншае. 

4. Думаю, мы жывём у эпоху Хрыста. Зразумела, што ўваскрэсенне Езуса – гістарычны факт, але яно мае месца быць тут і зараз. На кожную Пасху мы ўзгадваем змёртвыхпаўстанне Сына Божага і перажываем гэту таямніцу праз прыняцце сакрамэнтаў. Мы не бачым Езуса, як у свой час яго вучні, але можам адчуць душой. 

5. Праз уваскрэсенне Езус абвяшчае нам на­дзею на жыццё вечнае. Нічога не бойцеся – Бог побач. Няхай ва ўсім свеце і ў нашай краіне пануюць еднасць і ўзаемаразуменне. Жадаю ўсім надзеі і светлай глыбокай радасці!

Кс. Станіслаў Краўчанка, вікарый парафіі Святых Космы і Даміяна ў Астраўцы:

Станіслаў Краўчанка.jpg

1. З сябрамі стаў хадзіць у смаргонскі касцёл. Салезіяне шмат з намі займаліся: ладзілі спатканні, паездкі і экскурсіі. Тады, напэўна, была прадвызначана мая дарога да святарства. У старэйшых класах пачаў задумвацца, кім хачу быць. Пасля заканчэння школы канчаткова ўпэўніўся ў сваім пакліканні. 

Цяпер сустракаю Уваскрэсенне Езуса, як і ўсе святары, на ўрачыстым богаслужэнні. 

2. Пасля рэзурэкцыі – ранішняй велікоднай імшы – у мяне звычайна з’яўляецца адчуванне, што гэта звяршылася: Хрыстос уваскрэс! Выдыхаю: дажылі да Пасхі праз пост, малітву і міласціну. 

3. Пасху перажывеш па-сапраўднаму, удзельнічаючы ў набажэнствах Вялікіх чацвярга, пятніцы і суботы. 

На маю думку, найважнейшая традыцыя – пост – час падрыхтоўкі да сустрэчы са змёртвыхпаўсталым Езусам. У гэты перыяд варта разабрацца, наколькі кожны з нас аддаліўся ад Хрыста. Праз пастанову пастарацца выправіцца, стаць лепшым. Часта людзі перажываюць, што, напрыклад, ухапілі кавалак мяса ў пятніцу – але гэта другаснае; галоўнае, каб «не елі» бліжніх. Стаяць на каленах у Вялікую пятніцу падчас адарацыі крыжа не складана, а трымацца сапраўднага змёртвыхпаўсталага Езуса – цяжкая праца, у тым ліку над сабой. 

4. Ведаеце, адразу ўзгадаўся фільм пра тое,  што Езус прыйшоў другі раз на зямлю, але ніхто яго не ўспрыняў як збаўцу – і гісторыя паўтарылася. Але гэта толькі фантазія сцэнарыстаў. Мне здаецца, як і 2 тысячы гадоў назад, Езус сказаў бы нам пра любоў: любіце Бога і бліжняга свайго, як самога сябе. 

5. Жадаю, каб вы, перажываючы гэта вялікае свята, наблізіліся да жывога і сапраўднага Бога. Каб у гэтыя дні абвязкова сустрэліся з блізкімі і падзяліліся з імі сваімі ўсмешкамі, сардэчным святлом і радаснай навіной: Хрыстос сапраўды з мёртвых паўстаў! Няхай Езус ўваскрэсне не толькі ў Касцёле, але і ў вашай душы. 




Подписывайтесь на телеграм-канал «Островецкая правда» по короткой ссылке https://t.me/ostrovetsby.

Телеграм-канал «Островецкая правда»  – всё самое интересное из жизни Островца и Островецкого района. 

 

 

Подписывайтесь на телеграм-канал «Гродно Медиа Group» по короткой ссылке t.me/GrodnoMediaGroup.

Телеграм-канал «Гродно Медиа Group» – это ежедневные новости районов Гродненской области и города Гродно.



Текст: