Ніна Рыбік: я – з вогненнай вёскі

09:50 / 22.03.2021
У мемарыяльным комплексе «Хатынь» ёсць помнік спаленым вёскам. Калі даводзіцца там бываць, стараюся знайсці сярод мноства іншых назву роднай вёскі Уласы і ўскласці кветкі на шэрыя мармуровыя літары…

Калі ў дзяцінстве бацькі мне расказвалі, як іх у вайну палілі, у маім  уяўленні ўзнікалі кадры з фільмаў пра вайну: немцы страляюць, людзі ўцякаюць, крыкі, агонь... Цікава! 

Калі падрасла, зразумела, скурай адчула, колькі затоенага, ужо перажытага жаху было ў тых на першы погляд спакойных расповедах, колькі давялося вытрываць маім аднавяскоўцам і ў іх ліку – бацькам, якія на той час былі падлеткамі, але вельмі хутка сталі дарослымі…

…Цёплая веснавая раніца, веснавы Мікола, 22 мая 1943 года. Вёска жыве  будзённым жыццём: дзеці, сярод якіх і мой бацька, пагналі пасвіць кароў; жанчыны, як і мая маці-сірата, якая жыла ў той час з хворай сястрой і малым пляменнікам і рана стала гаспадыняй, заканчвалі ўпраўляцца па гаспадарцы. Ужо амаль 2 гады ішла вайна, але немцаў уласоўцы амаль што не бачылі, час ад часу спрабавалі навесці «новы парадак» паліцаі, але яны былі мясцовыя, ніхто іх не баяўся. Яны ж, дарэчы, і папярэджвалі, што вёску могуць спаліць – з Уласоў у партызанскі атрад Каўпака, што ішоў рэйдам па гэтых мясцінах, пайшло шмат хлопцаў і маладых мужчын. То ў адным боку, то ў другім віднелася полымя пажарышчаў, але людзям уласціва спадзявацца на лепшае, на тое, што іх бяда абміне.

Не абмінула… Стрэлы за ваколіцай прагучалі, як майскі гром, а вокліч «Немцы!» маланкай праляцеў ад хаты да хаты. Фашысты разам з украінскімі паліцаямі, якія славіліся жорст­касцю і бязлітаснасцю, ачэплівалі вёску, быццам абцугамі. Нехта паспеў праслізнуць паміж вострых зубоў, пакуль тыя не сашчапіліся на другім канцы вёскі, нехта не паспеў ці не схацеў… Каго знайшлі, забілі на месцы ці сагналі ў школу, прымусілі выкапаць яму – і расстралялі. Малых дзяцей, расказвалі, падкідвалі і лавілі на штыкі. А потым спалілі вёску…

1.jpg

Да помніка зямлячкам, закатаваным 22 мая 1943 года, заўсёды прыходзяць аднавяскоўцы



…Мой бацька тым ранкам вывеў карову на пашу – калі пачалася страляніна, нехта з аднавяскоўцаў, прабягаючы міма, параіў гнаць яе падалей у лес і самому хавацца. Маці з сястрой і пляменнікам таксама паспела ўцячы. Мае прадзед з прабабуляй сунулі ў рукі  шасцігадоваму ўнуку Васільку толькі што спечаных коржыкаў і выпхнулі з хаты: бяжы ў лес, шукай бацьку. Аксіння Маркоўская вярнулася ва ўжо пакінутую хату, каб забраць макотру з кашай, – і потым ледзь уратавалася з ужо палаючай вёскі… Лукер’я залезла на бярозу і глядзела, што робіцца ў вёсцы, а калі пачалі расстрэльваць людзей, закрычала так, што пачулі немцы, але  пабаяліся сунуцца ў лес – толькі пастралялі ў той бок.

У кожнага, хто змог у апошні момант выскачыць з пекла, свая гісторыя цудоўнага выратавання, якую потым расказвалі дзецям і ўнукам – каб  памяталі. І толькі тыя, для каго гэты дзень стаў апошнім у жыцці – маладыя, старыя, дзеці, – ніколі і нікому не раскажуць, што ім давялося перажыць у той майскі дзень…

З веснавога Міколы да восеньскага Міхайлы, 20 лістапада, хаваліся вяскоўцы ў лесе. Два разы запар у адным месцы не начавалі. Тых, хто асмельваўся пайсці ў вёску, каб знайсці што-кольвечы на папялішчах, высочвалі і забівалі. Па ўсім наваколлі да гэтага часу стаяць драўляныя крыжы. Вогнішчы з танюсенькіх бярозавых галінак, каб не было дыму, распальвалі толькі днём – ноччу маглі заўважыць агонь і абстраляць з мінамётаў. Спалі на сырой зямлі. Елі ягады і несалёныя грыбы – потым ужо, тата расказваў, яго бацька знайшоў недзе чырвонае ўгнаенне, ім падсольвалі. 

Выйшлі з лазы пасля вызвалення, лічы, зімой. Выкапалі сякія-такія зямлянкі – ямы, крытыя тым, хто што знайшоў, вясной іх залівала вадой пад самыя палаці. Голад – капалі мёрзлую бульбу і пяклі з яе так званыя бабонікі. «Ах, якія яны былі смачныя! – успамінала маці. – І як  іх было мала – ніколі не хапала, каб наесціся». Холад. Тыф – кожны дзень некалькі чалавек памірала. «Я моцна перахварэла. Трызніла. Яблыкаў прасіла. Здавалася, што нехта прынёс, а яны раскаціліся па падлозе зямлянкі – поўзаю, шукаю…» – успамінала мама. Вазілі на каровах з лесу бярвенні, каб зладзіць нейкую хаціну. «Рукавіц не было, дык засунеш рукі карове пад паху, адагрэешся – і зноў за сякеру», – расказваў бацька.  Ляпілі печы з самаробнай цэглы.. 

Часам думаю: як яны выжылі? Як вытрывалі ўсё гэта? Дзе, у чым чэрпалі сілы? 

І ўсё роўна – кахалі, жаніліся, нараджалі дзяцей, выхоўвалі іх у цяжкай працы – але ў дабрыні і любові…

…Астравеччыне ў пэўным сэнсе пашанцавала. Хоць у кожнай сям’і, як і ўвогуле ў Беларусі, свая драматычная ваенная гісторыя, вёсак тут, як ва ўсходняй частцы Беларусі, не палілі, – мірных жыхароў масава не знішчалі. 

Але і для жыхароў нашага раёна, у якім таксама жыве нямала ўраджэнцаў Віцебшчыны, Магілёўшчыны, Гомельшчыны, для якіх мемарыяльны комплекс «Хатынь» – помнік па іх спаленых вёсках,  а дзень 22 сакавіка, калі Хатынь разам з людзьмі загінула ў агні  – іх асабістая памяць і трагедыя. 
І трэба жыць – і помніць. Не толькі тым, хто перажыў гэта ці іх нашчадкам, – усім нам. 

Каб не паўтарылася…




Подписывайтесь на телеграм-канал «Островецкая правда» по короткой ссылке https://t.me/ostrovetsby.

Телеграм-канал  «Островецкая правда»  – всё самое интересное из жизни Островца и Островецкого района. 

 

 

Подписывайтесь на телеграм-канал «Гродно Медиа Group» по короткой ссылке t.me/GrodnoMediaGroup.

Телеграм-канал «Гродно Медиа Group» – это ежедневные новости районов Гродненской области и города Гродно.


Текст: Нина Рыбик