АПэшка разважае, дзе катацца дзецям на санках

12:13 / 09.02.2021
Сябры, ну як вам сёлетняя зіма? Як па мне, дык – вельмі! Ну проста заглядзенне! Здаецца, усяго ўсім хапіла – і снегу, і марозу, і прыгажосці, і забаў. Ну і дожджык, і цыклон завіталі для разнастайнасці – каб людзі цанілі добрае надвор’е, а то ж некаторым што ні ёсць – усё дрэнна!

Асабліва радуемся мы, дзятва: нарэшце спатрэбіліся санкі, цюбінгі, лыжы ды канькі, якія мінулы год праляжалі без справы ў кладоўцы! У выхадныя на горцы ў 1-м мікрараёне аж чорна, ды не – рознакалярова! – ад малечы і іх бацькоў! І весела! Добра дзецям, што жывуць там, паблізу… 

1.jpg

А мы жывём у старым гора­дзе. На горку ў 1-шы мікрараён бацькі-журналісты мяне толькі ў выхадны могуць адвесці, ды і то не ў кожны – у іх жа і ў суботу, і ў нядзелю то адно мерапрыемства, то другое, і пра ўсё трэба расказаць чытачам і паказаць тэлегледачам. А адну мяне не пускаюць... Дзе мне зімой пацешыцца, га? Во, знайшлі выйсце: купілі лыжы, кажуць: бегай у лесапарку, там бяспечна і паветра свежае.

Вось і выходжу я кожны дзень на лыжную прагулку. І людзей у лесапарку кожны дзень нямала. Хто, як і я, на лыжах катаецца, бабулі пехатой ці са скандынаўскімі палкамі па дарожках хо­дзяць, мамы з немаўлятамі на санках ці калясках прагульваюцца. Усім тут падабаецца!

А дзетвара, як і год назад, зноў знайшла сабе горку: курган ля помніка  загінулым землякам. Спускаюцца адтуль на цюбінгах, санках ці проста на кавалку цыраты. І радуюцца, смяюцца, дурэюць! Я ўжо неяк, 2 гады таму, абуралася такой непавагай да памяці герояў – але ціхенька, пра сябе… Малая была, баялася ўслых заўвагі рабіць… А тут не вытрымала – я ж амаль вялікая дзяўчынка! – зрабіла заўвагу аднаму хлапчуку прыкладна майго ўзросту. Нельга так, кажу, гэта ж не горка, а курган, і насыпаны ён у памяць пра нашых продкаў, што ў вайну жыццё за нас аддалі.

1.jpg



Хлопчык разгубіўся і ўжо было пацягнуў цюбінг дахаты – але тут за яго заступілася жанчына, што прывяла на гэтую горку-курган сваю малую дачушку.

– Вось ты, АПэшка, разумная дзяўчынка і ўсё правільна гаворыш – пра памяць, павагу, – звярнулася яна да мяне. – Дык скажы тады ці ў сваіх бацькоў-журналістаў запытайся, дзе маёй дачцэ і гэтаму вось хлопчыку на санках пакатацца? У 1-шы мікрараён ні цябе, ні яго бацькі адных не пусцяць, ды і ў мяне не столькі часу, каб кожны дзень туды малую вазіць. А іншай невялікай і бяспечнай горкі паблізу няма! 

Я не ведала, што адказаць. Нейкае ў мяне раздваенне асобы сталася!  Нібыта і жанчына мае рацыю… Але ж бацькі мяне пераконвалі – і я з імі згодна! – што курган – не месца для забаў, нават дзіцячых і бяскрыўдных! Паабяцала жанчыне, што падумаю і пагавару пра гэта з журналістамі – і вярнулася на лыжню.

Іду на лыжах – і  то тут, то там бачу вялізныя кучы снегу: пэўна, чысцілі дарогі і тратуары і ссунулі ўбок. «Вось, – думаю, – калі б гэтую кучу снегу ды далучыць да той, і яшчэ тую, дальнюю, і яшчэ адну ў адно месца ссунуць ды ўтрамбаваць – нішто б сабе снежная горка атрымалася! І нікуды далёка везці снег не трэба: тут ля цэнтральнага ўваходу ў лесапарк, у якім дзясятку крокаў ад помніка-кургана, такая палянка ёсць цудоўная! І блізка, і бяспечна – ні вадаёмаў паблізу, ні дарогі. Катайся, колькі заўгодна, хоць на цюбінгу, хоць на санках. І бацькі не баяліся б малых адных адпускаць.

Шаноўныя камунальнікі, дарожнікі і хто там яшчэ чысціць снег! Вы ж усё роўна потым будзеце яго некуды вывозіць, праўда? То лепш вывезіце цяпер – і зрабіце для дзяцей добрую бяспечную горку, каб ім было весела і зручна і не трэба было лезці на курган і думаць, што яны робяць нешта непрыгожае і няправільнае. 

А я потым ад імя ўсё дзятвы са старонак нашай з вамі любімай «Астравецкай праўды» скажу вам вялікі дзякуй!

Ваша Апэшка



КАМПЕТЭНТНА

Аляксандр Коўзан, начальнік участка добраўпарадкавання, азелянення і санітарнай ачысткі  Астравецкага РУП ЖКГ:

– На жаль, зрабіць  горку са снегу, які вывозіцца з горада, не атрымаецца. «Самаробная», як ні ўтрамбоўвай, яна будзе небяспечнай. Да таго ж у снезе, які збіраецца ўздоўж тратуараў і праезджых час­так,  магчымы прымешкі пяс­ку і солі, ад чаго горка будзе бруднай і хутка растане.

Да таго ж ад канцэнтрацыі солі ў адным месцы можа сур’ёзна пацярпець прырода. 

Лепш і бяспечней  выкарыстоўваць схілы, якія стварыла сама прырода. 





Подписывайтесь на телеграм-канал «Островецкая правда» по короткой ссылке https://t.me/ostrovetsby.

Телеграм-канал «Островецкая правда»  – всё самое интересное из жизни Островца и Островецкого района. 

 

 

Подписывайтесь на телеграм-канал «Гродно Медиа Group» по короткой ссылке t.me/GrodnoMediaGroup.

Телеграм-канал «Гродно Медиа Group» – это ежедневные новости районов Гродненской области и города Гродно.



Текст: Главный администратор