Чым і як ратуюцца ад ковіду пажылыя
08:18 / 02.02.2021
Як жывуць сёння людзі «залатога ўзросту», чым займаюцца, у чым чэрпаюць сілы, якой дапамогі чакаюць і каму гатовыя дапамагчы самі? Пра гэта мы распыталі ў нашых герояў. Аб’ядноўвае іх узрост 60+ і нежаданне скарацца ні хваробе, ні абставінам.
«Хлопчыкі дапамагаюць. І лазня…»
Гісторыя астравецкая, пра доўгажыхароў Цішковых і іх памочнікаў.
Пра людзей з няпростым жыццёвым лёсам і пры тым – аптымістаў Івана Андрыянавіча і Ганну Афанасьеўну Цішковых «Астравецкая праўда» ўжо расказвала. У лютым кожнаму з іх спаўняецца 91 год, і 66 з іх яны пражылі разам, як кажуць, у каханні і згодзе. Як лічаць муж з жонкай і іх сябры, у першую чаргу – дзякуючы неўтаймаванаму жыццялюбству.
Але і іх аптымізм стаў даваць збоі, калі пачалася пандэмія і навокал сталі гаварыць пра захварэлых і памёрлых. І калі перш гэта былі людзі з разраду «калега стрыечнай сястры маёй суседкі», то з цягам часу сярод іх сустракалася ўсё больш знаёмых імён…
– Як жа я напалохалася, калі пачаўся гэты ковід! Думала: калі, крый божа, падчаплю гэтую заразу – нізавошта ўжо не выкараскаюся, – прызнаецца Ганна Афанасьеўна.
Ды і Іван Андрыянавіч стаў паціху расказваць сябрам, дзе і як яго, у выпадку чаго, пахаваць…
Гэта было яшчэ ў 1-ю хвалю эпідэміі. Але прыйшла вясна – і Цішковы вярнуліся з добраўпарадкаванай «шпакоўні» з усімі выгодамі на «летнія кватэры» – у старэнькі домік на ўзбярэжжы Лошы, дзе пражылі ўсё свядомае жыццё і куды кожны год перабіраюцца ў красавіку і застаюцца да лістапада.
Хто ж дапамагае шаноўным ветэранам спраўляцца з паўсядзённымі клопатамі, якіх нямала і на «зімовым», і ў «летнім» жытле? Тым больш у сённяшні час, калі па вуліцах гуляць непажадана. Дачка жыве ў Мінску, прыязджае не так часта – работа, хатнія клопаты.
– А во гэтыя хлопчыкі, – паказвае Ганна Афанасьеўна на сваіх памочнікаў. – Без іх мы з дзедам прапалі б. Яны і адвязуць, куды трэба, і вады наносяць, калі на Набярэжнай жывём. Што ні папросім – дапамогуць, а то і самі прапануюць.
…72-гадовы Віталь Бандарык і 68-гадовы Сяргей Шэін побач з Цішковымі і сапраўды – «хлопчыкі». Ім бы і самім пасцерагчыся ад небяспечнай інфекцыі – хоць і не адносяць сябе «мужчыны ў самым росквіце гадоў» да пажылых людзей, усё ж у групу рызыкі ўваходзяць (зрэшты, хто ў яе цяпер не ўваходзіць?).
Але як пакінуць без дапамогі сябра па шматгадовых нядзельных «пасядзелках» у гарадской парылцы? Іх нефармальнаму лазневаму таварыству, неафіцыйным старшынёй якога з’яўляецца Сяргей Шэін, ужо 35 гадоў. За гэты час нехта выбыў з яго па аб’ектыўных прычынах, нехта «ўліўся» ў суполку аматараў лёгкай пары і шчырых размоў, але касцяк на чале з аксакалам Іванам Андрыянавічам застаецца нязменным. Нават падчас эпідэміі.
– У нашым калектыве аматараў лазні ў кожнага свае абавязкі ў адносінах да дзеда, як мы любоўна называем Івана Андрыянавіча, – расказвае Сяргей Шэін. – Мой клопат – прывезці яго ў лазню і адвезці дамоў, нехта павінен папарыць так, каб было і ў асалоду, і не шкодна, іншы – дапамагчы апрануцца… А ў яго адзін абавязак – радаваць нас сваёй прысутнасцю і добрым здароўем!
Вядома ж, астравецкія аматары лазні ратуюцца ад ковіду не толькі парылкай: у кожнага ў кішэні антысэптык, маска і пальчаткі, якімі яны карыстаюцца па меры неабходнасці.
Выпрацавалі яны і яшчэ адзін сродак барацьбы з каронавірусам.
– Галоўнае супрацьдзеянне любой хваробе, і гэтай інфекцыі ў тым ліку, – моцны імунітэт, – дзеліцца «сакрэтам» Віталь Бандарык. – А для яго ўмацавання, як вядома, асноўная ўмова – станоўчыя эмоцыі і аптымізм. Таму мы ва ўсім, што адбываецца, стараемся шукаць пазітыў. Менш глядзім тэлевізар, абмяжоўваем кантакты з «беднымі» людзьмі, якім усё дрэнна, – і часцей сустракаемся з сябрамі, стасункі з якімі ўздымаюць настрой.
…Віталь Бандарык і Сяргей Шэін – не сацыяльныя работнікі і не валанцёры – хоць пры жаданні іх можна было б прылічыць да гэтай катэгорыі. Гэтыя «хлопчыкі» па добрай волі дапамагаюць жыць і адчуваць радасць жыцця двум немаладым людзям – і не толькі ім.
Меркаванне эксперта
Аксана Барысевіч, псіхолаг (Мінск):
– З выхадам на пенсію людзі страчваюць ранейшыя кантакты. Нейкі час яны яшчэ імкнуцца іх падтрымліваць, але паступова кола ранейшых таварышаў-прыяцеляў усё больш звужаецца. Многія, асабліва людзі актыўныя, энергічныя, перажываюць гэта вельмі цяжка, ім здаецца, што пра іх усе забыліся, што яны нікому непатрэбны.
А ў цяперашняй сітуацыі гэта адчуваецца асабліва востра. Цудоўна, калі ў сям’і добрыя адносіны, узаемаразуменне і падтрымка. Але нават у гэтым выпадку людзі «трэцяга ўзросту» пакутуюць ад недахопу стасункаў. І галоўнае, чаму можа і павінна навучыць пандэмія, – гэта ўменне захоўваць, знаходзіць і развіваць новыя кантакты.
«Кожны дзень складаецца з маленькіх перамог над сабой»
Гісторыя амерыканска-гудагайская, пра ветэрана педагогікі Марыю Васілёнак.
Калі напачатку мінулага года пачалі гаварыць пра эпідэмію COVID-19, мала хто успрыняў небяспеку ўсур’ёз: ці мала чым нас палохалі?
Вось і Марыя Васілёнак прызнаецца, што ад навін з Кітая ніводная клетачка яе душы не здрыганулася – і, як было запланавана, 4 сакавіка яна адправілася ў Амерыку, каб пабачыцца з сынам, нявесткай, унучкамі, што жывуць там.
– Ляцела праз Маскву – ні ў Шарамецьева, ні ў горадзе не было адчування, што нешта змянілася ў свеце: бясконцы паток пасажыраў і самалётаў, перапоўненае метро, шчыльны аўтамабільны і людскі паток, – расказвае Марыя Карлаўна. – А вось вашынгтонскі аэрапорт быў паўпустым. Прыляцела – і праз 4 дні ў ЗША было ўведзена надзвычайнае становішча. Усе ўстановы перайшлі на дыстанцыйную работу, закрылі ўсе месцы культурнага адпачынку, нават паркі і дзіцячыя пляцоўкі.
Пра сусветнае шэсце каронавіруса дазнавалася з телевізара. Прызнаецца: было страшна і балюча глядзець, як у Нью-Ёрку велізарныя рэфрыжэратары вывозілі з бедных раёнаў сотні памерлых.
А ў невялікім «спальным» раёне ў штаце Нью-Джэрсі, куды яна прыехала, было спакойна як у бога за пазухай. Сын з нявесткай працавалі анлайн, старэйшая ўнучка вучылася праз «Скайп», з меншай бабуля бесперашкодна гуляла па вуліцах, назіраючы, як дзясяткі людзей выходзяць на прабежку або прагулку, выконваючы абавязковую ўмову – дыстанцыю.
Але эканамічны крызіс, выкліканы пандэміяй, запланаванае вяртанне дамоў замест 2-х месяцаў адцягнуў на ўсе 4 – і толькі дзякуючы дапамозе беларускага пасольства ў чэрвені Марыя Карлаўна змагла вылецець з Нью-Ёрка ў Амстэрдам, а адтуль – у Мінск.
– У самалёце да Амстэрдама пасажыраў рассадзілі ў шахматным парадку, сцюардэсы з’яўляліся ў салоне толькі па выкліку, а прадуктовы кулёк кожны знайшоў на сваім месцы, – успамінае яна дарогу дамоў. – У беларускім боінгу ўсё было па-ранейшаму: пасажыры сядзелі плячо ў плячо, кожны атрымаў ад сцюардаў бутэрброд і шклянку гарачай гарбаты ці кавы. У аэрапорце нам раздалі памяткі аб неабходнасці захоўваць самаізаляцыю. Усе рэкамендацыі я выконвала строга – першы час пасля вяртання маска заўсёды была са мной. Але паступова, здавалася, неабходнасць у ёй адпала.
Але прыйшла восень – а з ёй і другая хваля каронавіруса.
– Адна з самых крыўдных нязручнасцей, што прынесла пандэмія, – немагчымасць бачыцца з роднымі, асабліва тымі, хто жыве за мяжой, – жаліцца мая суразмоўца. – Дзякуй Богу, што ёсць «Вайбер», «Скайп», але ўсё ж віртуальныя сустрэчы не заменяць асабовых стасункаў. Давялося адмовіцца і ад грамадскіх мерапрыемстваў. Я ўсёй душой прыкіпела да сябровак з вакальнай групы «Аксаміткі», што дзейнічае пры Тэрытарыяльным цэнтры сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва. Аб’яднаў нас не толькі ўзрост і любоў да песні, але і агульныя ўспаміны пра маладосць, а яшчэ – прафесіяналізм музычнага кіраўніка. Са шкадаваннем давялося часова развітацца з шыкоўным лазневым комплексам у фізкультурна-аздараўленчым комплексе, які быў для мяне адпачынкам і рэлаксацыяй.
Чым жа ўсё гэта замяніць? Што засталося?
Нямала, пераканана Марыя Карлаўна. Яна лічыць, што карысць прыносіць толькі тое, ад чаго атрымліваеш задавальненне, перамогі над сабой, хоць бы невялікія. Сорак хвілін ранішняй гімнастыкі, 1,5 гадзіны вывучэння англійскай мовы, 2-гадзінная прагулка – гэтыя і іншыя «пераадоленні сябе» даюць ёй тое, што маладыя называюць словам «кайф».
А яшчэ – кнігі. Для колішняга настаўніка-філолага яны былі сутнасцю прафесіі, а цяпер, па яе словах, не даюць «плеснявець» мозгу. За час пандэміі Марыя Карлаўна адкрыла для сябе добрых 2 дзясяткі цікавых беларускіх, рускіх, замежных аўтараў – між іншым, дзякуючы інтэрнэту, бо не кожную кнігу цяпер можна прачытаць у папяровым варыянце: купіць – дорага, а ў бібліятэцы ёсць далёка не ўсе навінкі.
Не дае сумаваць і смартфон, які адны лічаць «пажырацелем» часу, а другія – правадніком у свет нязведанага, у залежнасці хто для чаго яго выкарыстоўвае.
Словам, і ў час пандэміі Марыя Васілёнак выбірае паўнацэннае жыццё. І з тым, чым яго насыціць, праблем у жанчыны не ўзнікае.
Меркаванне эксперта
Аксана Свірская, загадчык аддзялення Астравецкага ТЦСАН:
– Да пандэміі аддзяленне дзённага знаходжання інвалідаў і людзей пажылога ўзросту вяло актыўнае жыццё: мы штодня збіраліся – у рукадзельніц былі свае заняткі, аматары песні аб’ядналіся ў калектыў «Аксаміткі», якім кіруе Васіль Карпец, танцорамі апекавалася Тамара Батура. Часта выбіраліся ў вандроўкі – па сваім раёне і за яго межы.
Эпідэмія COVID-19 унесла карэктывы ў дзейнасць аддзялення. У нас няма вялікага памяшкання, дзе можна было б размясціць наведвальнікаў з улікам патрабаванняў сацыяльнага дыстанцыравання. Многія асцерагаюцца прыходзіць у цэнтр – і гэта зразумела. Таму стасункі звялі ў асноўным да тэлефонных размоў: звязваемся з падапечнымі ледзь не штодня – ім трэба пагаварыць, а мы імкнёмся даведацца, у чым яны маюць патрэбу. А Васіль Карпец і Тамара Батура працягваюць заняткі ў сваіх гуртках, толькі ў малых групах.
Вядома, усе ўжо засумавалі адзін па аднаму і з нецярплівасцю чакаюць, калі можна будзе зноў вярнуцца да штодзённых сустрэч…
«Пайшлі грыбы – забылася пра пандэмію»
Гісторыя баранская, пра пенсіянерку Яніну Ілюк.
Сямідзесяцісямігадовая жыхарка вёскі Барані Яніна Ілюк прызнаецца, што пандэмія, якая ў мінулым годзе паставіла на вушы ўвесь свет, у яе жыццё асаблівых змяненняў не прынесла.
– А што нам той каронавірус? – паціскае яна плячыма. – Жывём у лесе, да Астраўца 60 кіламетраў, да Падольцаў – 7. У Баранях 13 жыхароў засталося, кожны сам па сабе. Два разы на тыдзень ля аўталаўкі збіраемся – тады ўжо надзенем маску… А калі што большае трэба купіць, дык прашу сына ў горад адвезці, тады ўжо як патрабуюць: маску, пальчаткі, пшыкалку бяру з сабой…
Хоць пахвалявацца Ілюкам усё ж давялося: «каронай» захварэў сын, які жыве ў Падольцах, бацькі сталі кантактамі 1-га ўзроўню. Але Яніна Вітольдаўна ўспрыняла гэта хутчэй як прыгоду: прыязджалі з Астраўца людзі ў спецыяльных касцюмах, бралі тэсты – навіна на ўсю вёску! А ізаляцыя ў іх і без таго: жывуць на ўскрайку, амаль што ў лесе…
А як сыпанулі грыбы, то жанчына зусім забыла, што недзе ў свеце бушуе пандэмія: кожны дзень бегала ў лес за баравікамі ды лісічкамі – дзякаваць богу, навакольныя бары на іх шчодрыя.
Адзіная непрыемнасць, што прынесла Ілюкам пандэмія – тое, што з малодшым сынам, які жыве ў Літве, не бачыліся ўжо амаль год. За гэты час у яе там нарадзілася 2-е праўнукаў – а прабабуля яшчэ не патрымала іх на руках! Гэта Яніну Вітольдаўну засмучае больш за ўсё.
Але недахоп рэальных стасункаў яна кампенсуе перавагамі віртуальных – дзякаваць богу, у свой час асвоіла і планшэт, і смартфон.
Яніна Вітольдаўна не разумее аднагодкаў, якія не ведаюць, як увесці пін-код у кнопачны тэлефон.
– Думаю, што дзеці ў гэтым вінаватыя, – выказвае меркаванне мая суразмоўца. – Апусцілі бацькоў, лічаць, што яны нічога не вартыя. Дый не такія ўжо і старыя – ёсць маладзейшыя за мяне. Можна ж купіць ім недарагі смартфон ці свой стары аддаць, навучыць карыстацца. Як у сённяшнім свеце жыць без інтэрнэту – хоць маладым, хоць старым? Па сабе ведаю: як толькі зразумеюць, што гэта такое і якія магчымасці ён дае, то іх потым з сеціва і калом не выганіш!
З Янінай Вітольдаўнай, думаю, пагодзяцца многія пажылыя, якім сёння камп’ютар і інтэрнэт дапамагаюць перажыць ізаляцыю цікава і карысна: бясконца і, галоўнае, бясплатна абмяркоўваць жыццё і навіны з сябрамі і знаёмымі, асвоіць новыя захапленні ці ўдасканаліць існуючыя, чытаць кнігі і глядзець кіно. Калі вы яшчэ не ў іх ліку, тэрмінова далучайцеся, а то пандэмія хутка скончыцца і ў вас не будзе нагоды пасябраваць з бязмежнымі магчымасцямі віртуальнага свету!
Меркаванне эксперта
Алена Дзямідава, дырэктар Цэнтра актыўнага даўгалецця (Мінск):
– Калі мы аддаляемся ад сваіх пажылых бацькоў, бабуль і дзядуляў, стараючыся зберагчы іх ад інфекцыі, баімся лішні раз праведаць, дакрануцца, абняць, то прыносім ім яшчэ большую шкоду, чым магла б нанесці хвароба. Трэба разумець, што для людзей старэйшага пакалення адзінота не менш небяспечная, чым магчымасць захварэць, – яна пагражае іх псіхічнаму здароўю.
Калі ж ізаляцыя непазбежная, то часцей тэлефануйце пажылым бацькам, даўжэй размаўляйце з імі. Урэшце набярыцеся цярпення, знайдзіце час і навучыце іх карыстацца сучаснымі гаджэтамі – гэта вельмі аблегчыць іх і ваша жыццё.
А пажылым хацелася б параіць клапаціцца не толькі пра сваё фізічнае, але і пра псіхічнае здароўе. Не варта заганяць сябе ў тупік страхамі: а што будзе, калі я раптам захварэю? Ад гэтай пастаяннай трывогі вы захварэеце яшчэ хутчэй… Старайцеся парадаваць сябе: купіце тое, пра што даўно марылі, паспрабуйце даведацца нешта новае. Паглядзіце на самаізаляцыю па-іншаму: магчыма, гэта нагода асвоіць новыя тэхналогіі, захапленні, нават прафесію. Зрэшты, навучыцца падарожнічаць анлайн, пабываць бясплатна на спектаклі ў Парыжскай оперы ці на экскурсіі ў Луўры. Калі яшчэ ў вас будзе такая магчымасць?
Пандэмія каронавіруснай інфекцыі COVID-19 прынесла нам не толькі шмат нязручнасцей, непрыемнасцей, праблем, але і многаму навучыла.
Тым, вядома, хто хоча і ўмее вучыцца…