Як альхоўскія дашкольнікі дапамагаюць птушкам

13:59 / 11.01.2021

Наступіла зіма, і хоць марозы не лютыя, аднак корму для птушак у лясах становіцца менш – пярнатым трэба дапамагчы.

Наш дзіцячы садок удзельнічае ў рэспубліканскім адукацыйным праекце «Зялёныя школы». За гэты час прайшло шмат акцый, конкурсаў, забаў на экалагічныя тэмы. Педагогі расказваюць выхаванцам пра значнасць птушак для прыроды і чалавека. Малышы ведаюць, што птушкі знішчаюць шкодных насякомых, ахоўваючы лясы і палі, тым самым захоўваючы ўраджай для чалавека. Усё ў прыродзе ўзаемазвязана, і адзін без аднаго мы не зможам выжыць. Таму і павінны дапамагаць.

1.jpg

Рэалізацыі праекта спрыяе размяшчэнне дзіцячага сада ў самым жывапісным месцы Альхоўкі. На нашай тэрыторыі расце 49 сосен, больш за 30 лісцевых дрэў і кустарнікаў, таму нядзіўна, што частымі гасцямі з’яўляюцца птушкі.

У пачатку снежня мы аб’явілі акцыю «Зрабі кармушку – дапамажы птушкам». Дзеці і іх бацькі з ахвотай адгукнуліся на заклік – і на дрэвах за агароджай дзіцячага сада з’явіліся кармушкі. Напэўна, знойдзецца добры чалавек, які не пройдзе міма, а прыхопіць з сабой корм для птушак. Далучайцеся і вы!

2.jpg

Людміла ГРЭЙЦЬ,
загадчык Альхоўскага дзіцячага сада

Текст: Главный администратор