Як зрабіць цацачны сімвал наступаючага года сваімі рукамі – і ўпрыгожыць ім ёлку, расказала школьніца Паліна Тарашкевіч

12:31 / 24.12.2020
У апошнія гады самаробныя навагоднія цацкі набываюць усё большую папулярнасць. Выбар іх на калядных кірмашах-распродажах шырокі. Тут можна знайсці ўпрыгажэнні на любы густ і кошт.

А чаму б не змайстраваць цацку самім, задумаліся мы – і за дапамогай накіраваліся ў адну са школ раёна.

На навагодні майстар-клас напрасіліся да пяцікласніцы Гудагайскай сярэдняй школы Паліны Тарашкевіч.

Давайце пазнаёмімся  

Паліна – пяцікласніца. Са школьных прадметаў больш за ўсё любіць матэматыку і працоўнае навучанне,  захапляецца маляваннем, любіць шыць і майстраваць сваімі рукамі.

2.jpg

– Цікавасць да рука­дзелля ў мяне ўзнікла яшчэ да школы, – расказвае дзяўчынка. – Старэйшая сястра Даша пастаянна штосьці майстравала, я глядзела і вучылася. 

У пакоі Паліны шмат рэчаў, створаных яе рукамі, у асобнай папцы мама захоўвае яе лепшыя малюнкі.

– Дачка – гіперактыўная дзяў­чынка, яна захапляецца ўсім і адразу. Паспявае і вучыцца,  і наведваць дадатковыя заняткі ў настаўніцы працоўнага навучання Таццяны Грыва і гурток цэнтра творчасці «Чароўная пацерка», які вядзе Наталля Рынковіч, – расказвае мама Паліны.

З нецярпеннем дзяўчынка чакае Новага года. Марыць аб падарунках, але лісты Дзеду Марозу не піша.

– Я ўжо дарослая, – гаворыць Паліна. – Падарункі заўсёды прашу ў  бацькоў – так надзейней. І яны абавязкова з’яўляюцца пад ёлачкай. 

Цацка на ёлку  

– Да калядных і навагодніх святаў мы ўжо практычна падрыхтаваліся: з мамай па­ста­вілі ёлку, упрыгожылі яе, за­палілі агеньчыкі,  – расказвае дзяўчынка. 

А потым у Паліны  з’явілася думка зрабіць на ёлку яшчэ і сімвал наступаючага года – бычка. З гэтым яна  і звярнулася да сваёй настаўніцы працоўнага навучання Таццяны Грыва. 

– З пашывам такога бычка справіцца любы школьнік. Самае складанае ў гэтай працы –  сшыць яго. Але калі пастарацца, то ўсё абавязкова атрымаецца, – лічыць Таццяна Уладзіміраўна. 

– Падзелкі з тканіны я ўжо рабіла, – расказвае Паліна. – Сёлета мы з Таццянай Уладзіміраўнай  рыхтавалі на конкурс «Тэхна-ёлка»  ёлачку з фетра.

Што трэба?  

Любая тканіна. Мы бяром фліс, фетр, кавалачак футра або варсістай тканіны для чубчыка, сінтэпон для набіўкі цацкі.

3.jpg


Рыхтуем выкрайку. Яе можна  зрабіць самастойна або знайсці ў інтэрнэце – усё залежыць ад вашых мастацкіх здольнасцей.

Затым пераводзім дэталі на тканіну, выстрыгаем іх.

4.jpg


Сшыць дэталі можна ўручную або з дапамогай машынкі. Мы будзем працаваць на машыне, каб было хутчэй. Да таго ж швы пры такім спосабе будуць больш акуратныя і трывалыя.

5.jpg


Асноўныя дэталі сшываем, па­кідаючы разрэз для набівання  сінтэпонам. Калі такога матэрыяла дома не знойдзецца, замяніць яго можна ватай, кавалачкамі нітак ці абрэзкамі тканіны – любымі матэрыяламі, якія нададуць дэталям аб’ём.

6.jpg


Затым да тулава прышываем дробныя дэталі – вушкі, рожкі, чубчык, хвост, нос. Робім гэта звычайнымі ніткамі ў колер тканіны або спецыяльнымі мона-ніткамі – яны падобныя да лескі. 

Засталося прышыць вочкі – іх загаддзя можна набыць у магазіне для рукадзелля або падабраць для гэтага два гузікі, а таксама матузок, за які цацку можна будзе павесіць на ёлку. 

На шыю бычку можна прымацаваць званочак, дэкарыраваць цацку іншымі матэрыяламі або размаляваць.

Што атрымалася?  

Цацку Паліна зрабіла дзесьці за тры гадзіны.

Выкрайку можна павялічыць – і тады атрымаецца не ёлачная цацка, а мяккая, з якой так любяць бавіць час усе дзеці.

1.jpg

– Бычку я дала мянушку  Гаў­руша – гэта адзін з перса­нажаў мультфільма «Кані­кулы ў Прастаквашыне», – расказвае дзяўчынка і ўдакладняе: – Памятаеце, у каровы  Муркі на­ра­дзілася  цялятка – і яго назвалі Гаўруша. Мне здаецца, яны падобныя.



Подписывайтесь на телеграм-канал «Островецкая правда» по короткой ссылке https://t.me/ostrovetsby.

Телеграм-канал  «Островецкая правда»  – всё самое интересное из жизни Островца и Островецкого района. 

 

 

Подписывайтесь на телеграм-канал «Гродно Медиа Group» по короткой ссылке t.me/GrodnoMediaGroup.

Телеграм-канал «Гродно Медиа Group» – это ежедневные новости районов Гродненской области и города Гродно.


Текст:
Фото: Таццяна ГРЫВА