Выратавальнікі заўсёды дапамогуць

13:11 / 15.12.2020
Прывітанне, сябры!
Даўно мы з вамі не сустракаліся на старонках «Астравецкай праўды». Шчыра прызнаюся, не было часу – то ўрокі трэба рабіць, то бацькі нейкі занятак прыдумаюць. Але я зноў з вамі.

IMG_7715.jpg

Сёння раскажу, як мне выра­тавальнікі дапамаглі. Што тут такога, скажаце вы, дапамагаць – гэта іх работа. Так! Але я заўсёды думаў, што мне ніколі не давядзецца звяртацца да іх. 
Нічога дрэннага са мной не здарылася: пажару не было, у рэчцы не тануў, на дрэвах не завісаў, пчолы не джалілі, у лесе я не губляўся. Выпадкаў, калі можа спатрэбіцца дапамога выратавальнікаў значна больш, чым вам здаецца. 
Быў звычайны дзень. Я вярнуўся дамоў са школы. Адкрываючы дзверы ў кватэру, зламаў ключ. Усё, унутр не трапіць. Што рабіць? Не чакаць жа вечара, калі бацькі з работы прыедуць – яны, дарэчы, ніяк не маглі дапамагчы мне, бо працуюць не ў горадзе. Я патэлефанаваў ім, каб расказаць праблему, і яны параілі выклікаць выратавальнікаў.  
Ну, гэта лёгка! 101 ці 112 – вы, спадзяюся, таксама добра ведаеце гэтыя кароткія нумары. Выклікаць МНС можна і з мабільнага тэлефона. 
Дыспетчару раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях трэба назваць сябе, свой адрас і расказаць, што здарылася. 
У мяне ўдакладнілі, на якім паверсе кватэра, якія у нас дзверы: драўляныя ці мета­лічныя – для вырата­валь­нікаў важная кожная дробязь. 
А далей трэба ці выконваць парады супрацоўнікаў МНС (так, яны могуць і па тэлефоне падказаць, як дзейнічаць), ці чакаць іх. 
Да мяне выратавальнікі пры­ехалі хутка. На месцы аца­­нілі сітуацыю і вырашылі: тра­піць у кватэру праз фортачку. 
– Як гэта вы зробіце, праём жа невялікі? – здзіўлена запытаў я.
– Спакойна! – упэўнена адказалі мне. – У нас ёсць спецыяльна навучаныя людзі!
Не паспеў я вокам міргнуць, як адзін выратавальнік лёгка пралез у фортачку. Праз хвіліну дзверы адчыніліся...
Вось так мне дапамаглі работнікі МНС, дзякуй ім за гэта. Калі вырасту, таксама стану выратавальнікам, каб дапамагаць людзям!

З павагай Ягор.


Текст: Главный администратор