Як часта варта хадзіць да споведзі і пра якія грахі расказваць

09:12 / 09.12.2020

Распавялі праваслаўны і каталіцкі святары.


Пытанні:

1. Навошта патрэбна споведзь? Ці абавязкова дзеля яе ісці ў храм? Нехта лічыць, што адкрыць душу можна псіхолагу ці блізкаму чалавеку.

2. Як часта трэба спавядацца? Чаму гэта абавязкова трэба зрабіць падчас посту? Ці ёсць адрозненне ў споведзі каляднай, велікапоснай, паў­сядзённай? Як правільна рыхтавацца?

3. Споведзь падчас посту для некаторых звычайная фармальнасць. Што лепш: схадзіць у храм «ад людскога вока» – ці не ісці зусім?

4. Ці пра ўсе грахі варта гаварыць святару? Нехта паўгадзіны расказвае, што стукнуў сабаку, – а іншы можа не дачакацца, каб пакаяцца ў цяжкім граху.

5. Што рабіць, калі расказаў не пра ўсе грахі?

6. Якія грахі святар не можа адпусціць?

7. Вернік можа выбіраць сабе духоўнага айца? Ці можа святар адмовіць у споведзі?


Благачынны Астравецкага благачыння айцец Георгій САВІЦКІ:

1.jpg

1. Пачнём з таго, што не заўсёды святар з’яўляецца чужым чалавекам – часам сябры, якім імкнуцца адкрыць душу, больш далёкія. Ва ўсякім выпадку, тое, што вы расказалі на споведзі, не стане праз пару дзён абмяркоўваць увесь горад, а з сябрамі падобная сітуацыя не выключана. Калі што забаліць, таксама можна звярнуцца да сябра, але ж мы ідзём да ўрачоў. Так і з хваробамі душы: Гасподзь зрабіў святароў пасрэднікамі паміж Богам і людзьмі, каб яны маглі адпускаць грахі.

Споведзь – гэта духоў­нае ачышчэнне. Для чаго яна патрэбна? Гэта ўсё роўна што спытаць: навошта чалавеку мыцца? Сёння, у час эпідэміі, мы па некалькі разоў на дзень мыем рукі, апрацоўваем іх антысэптыкам, клапоцімся пра чысціню цела – хоць вірус не бачым, мо, яго і няма на руках. А калі ёсць? Тады захварэем, будзем пакутаваць. Так і грахі: мы іх не заўважаем, забываем, але, калі не спавядацца, не пазбаўляцца іх – яны разбураюць душу. 

2. Калі ў чалавека нешта здарылася – бяда, хвароба, калі саграшыў ці страціў душэўны спакой, то лепш не адкладваць размову са святаром, пакаяцца адразу. А ў кожны з чатырох пастоў Царква раіць прыйсці да споведзі і прыняць святое прычасце, бо пост – час малітвы і пакаяння, які настройвае на тое, каб пераасэнсаваць жыццё, пакаяцца ў грахах, супрацьпаставіць ім добрыя справы.  

1.jpg

Рыхтуючыся да спо­ве­дзі, трэба настроіцца на шчырую размову са святаром, успомніць свае грахі, папрасіць прабачэння ў Госпада. 

І галоўнае – пасля таго, як раскаяліся, выправіць тыя грахі, у якіх пакаяліся. 

А розніцы паміж споведдзю ў звычайны дзень і ў посце няма.

3. У паўсядзённай мі­тусні людзі больш заняты будзённымі справамі. А падчас посту сама атмасфера настройвае на пакаянне і малітву. Да свята Божага Нараджэння, да якога мы набліжаемся, трэба падрыхтаваць не толькі хату, вычысціўшы ўсе куточкі, а найперш – душу.  Таму так важна паспавядацца.

4. Адкуль мы ведаем, фармальна чалавек прыйшоў да споведзі ці прынёс на Божы суд нешта вельмі важнае?

Грэх жа не толькі ў тым, што нехта, як вы кажаце, стукнуў сабаку – часта за такім учынкам хаваецца гняўлівасць, раздражняльнасць, а гэта ўжо больш сур’ёзна. 

Спавядаючыся раз у год, вядома ж, не ўспом­ніш усе грахі. А той, хто ро­біць гэта часта, бачыць найменшую плямку на душы – і стараецца пазбавіцца яе. Зноў жа, параўноўваючы з ачышчэннем цела: ці можна добра вымыцца, прымаючы душ раз у год? 

Так што споведзі шмат не бывае…

5. Калі чалавек забыў расказаць пра нейкі грэх – гэта не страшна. Калі ж наўмысна не назваў яго святару, то споведзь несапраўдная: сумленне ў выніку не ачышчана, а, наадварот, яшчэ больш забруджана новым грахом.  

6. Грахі адпускае не бацюшка, а Бог, святар пры гэтым толькі сведка.

Гасподзь можа дараваць любы грэх. Нават калі нехта не змог паспавядацца, але шчыра пакаяўся ці зрабіў нешта, каб выправіць свой грэх, – Бог даруе. 

Але споведзь, пакаянне – не тое, што прыйшоў, адбарабаніў грахі, прыняў прычасце, – і можна жыць, як раней. Пакаянне павінна стаць неад’емнай часткай жыцця. 

7. Адмовіць у споведзі нельга – прынамсі, я падобных выпадкаў не ведаю. 

Але ў вялікім храме, дзе спавядае некалькі свя­­тароў, калі сітуацыя, з якой прыйшоў да святара спа­­вядальнік, вельмі цяжкая і заблытаная, можна накіраваць яго да больш вопытнага бацюшкі.

Кусташ гудагайскага санктуарыя Адведзінаў Найсвяцейшай Панны Марыі, айцец Аркадзь Куляха:

2.jpg

1. Сапраўды прабле­мамі, набалелым можна падзяліцца з сябрамі ці звярнуцца за дапамогай да псіхолага, але гэта не будзе лічыцца споведзю. Яе сутнасць заключаецца ў сувязі чалавека з Богам. Адпушчэнне грахоў хоць і з’яўляецца істотным элементам споведзі, але яно не павінна стаяць на першым месцы, галоўнае – еднасць з Усявышнім. Па вялікім рахунку, споведзь – гэта размова чалавека з Богам праз святара. 

2. Што тычыцца перыя­дычнасці споведзі, то,­ згодна з кодэксам кана­нічнага права, чалавек павінен спавядацца не менш за адзін раз у год і прыступіць да святой ка­муніі. Гэты абавязак тычыцца якраз велікоднага перыяду і з’яўляецца свое­асаблівым мінімумам для католіка. Як часта трэба спавядацца, вырашае сам чалавек і гэта залежыць ад таго, наколькі ён дбае пра сваю душу.  

Кожны, хто спавядаецца, хоча, каб споведзь прынесла плён. Касцёл гаворыць пра пяць умоў добрай споведзі: рахунак сумлення, жаль за грахі, цвёрдае пастанаўленне вы­правіцца, шчырая споведзь, кампенсацыя за грахі Богу і бліжняму.

Я б звярнуў увагу на тое, што і рахунак сумлення, і жаль за грахі, і цвёрдае пастанаўленне выправіцца – гэта свайго роду малітва. Таму каб падрыхтавацца да споведзі, трэба памаліцца – добра, шчыра, ад душы. 

3. Езус у прыпавесці расказваў, што на небе большая радасць ад аднаго грэшніка, які на­вяр­­нуўся, чым ад 99 пра­веднікаў. Галоўнае – жаданне чалавека вы­пра­віцца, стаць лепшым.

У традыцыі спавядацца перад вялікімі святамі, мне здаецца, закладзены мудрасць і клопат пра чалавека: каб ён перад урачыстасцю навёў парадак не толькі ў сваім доме, але і ў душы. 

Адна з бед чалавека – прывычка да споведзі, калі гэты працэс адбываецца машынальна. Аднойчы, нават, давялося пачуць словазлучэнне «адбыць споведзь». Яе трэба не «адбываць», як нейкі цяжкі абавязак, а перажываць. 

4. Згодна з кананічным правам Касцёла, чалавек павінен вызнаваць усе свае цяжкія грахі, больш лёгкія – неабавязкова. 

Ёсць сітуацыі, калі чалавеку хочацца проста паразмаўляць са святаром. Многія людзі, на жаль, блытаюць звычайную размову са спове­дзю. 

Перад вялікі святамі ля спавядніцы звычайна выстройваецца чарга з жадаючых паспавядац­ца, таму сапраўды вельмі працяг­лая па часе споведзь аднаго можа прымусіць іншага не дачакацца сваёй чаргі, сапсаваць яму настрой ці збіць з малітвы. Вернікам, у якіх ёсць патрэба ў працяглай споведзі, я б раіў дамо­віцца са святаром на іншы дзень.  

3.jpg

5. Не варта ад спавед­ніка ўтойваць грахі. Калі чалавек наўмысна не сказаў пра нейкія цяжкія правіны, то споведзь будзе лічыцца несапраўднай, больш таго – святатацкай. Чалавек не толькі не атрымае адпушчэння грахоў, а, наадварот, больш у іх паглыбіцца. 

6. Такіх грахоў, якіх святар не можа адпусціць, наогул, няма – бо гэта робіць сам Бог. Аднак ёсць вельмі цяжкія грахі, адпусціць якія могуць толькі ў Апостальскай Сталіцы, – гэта, напрыклад, зневажанне Найсвя­цейшага Сакрамэнту, выда­ванне таямніцы спо­ведзі, насілле адносна Святога Айца і іншыя. Варта ўдакладніць, што Папа Рымскі Францішак дазволіў усім святарам вызваляць ад экс­каму­­нікі – кананічнай кары – за грэх аборту. У асобных дыяцэзіях біскупы прызначаюць свя­тароў, якія называюцца «пэні­тэн­ццыя­рыямі», для адпушчэння цяжкіх грахоў. 

7. Вернікі свабодныя ў выбары спаведніка: яны могуць пастаянна спавядацца ў свайго пробашча ці пайсці да іншага ксян­дза. Споведзь ў аднаго святара карысная, таму што ён вядзе чалавека ў духоўным жыцці на працягу многіх гадоў. Аднак пажадана час ад часу спавядацца і ў іншых: для гэтага ў касцёле ёсць цудоўная традыцыя – рэкалекцыі. 

Ксёндз ніколі не адмо­віць выслухаць грахі – пра такія выпадкі я, нават, і не чуў. Быць спаведніком – пакліканне і абавязак кожнага святара.

Мне здаецца, што сутнасць споведзі вельмі прыгожая – бо мы ста­новімся сведкамі не толь­кі перамен чалавека, а, можна сказаць, яго нара­джэння нанова. 

Ніна Рыбік, Алена Гануліч


Текст: Главный администратор