45 тур конкурсу «Пазнай Астравеччыну»

08:59 / 27.11.2020
Чарговае заданне конкурсу не стала моцным арэшкам для нашых пастаянных удзельнікаў: велічная капліца на могілках у Міхалішках відаць нават з Полацкага тракту і, мусіць, многія цікаўныя падарожнікі збочвалі з дарогі, каб пагля­дзець, што ж гэта за будынак. А тое, што на конкурсным здымку ён паказаны ў ранейшым, занядбаным стане, таксама нікога не ўвяло ў зман.

1.jpg

А вось інфар­мацыі пра гэтую капліцу канкурсанты «накапалі» не шмат. Магчыма, яе магла б дапоўніць ці аздобіць мясцовымі падрабязнасцямі скарбніца ведаў пра гісторыю Астравеччыны Ванда Вайшнаровіч – але апошнім часам яна не радуе нас сваімі цікавымі і падрабязнымі адказамі.

Усе канкурсанты амаль у адзін голас расказалі, што капліца на міхалішкаўскіх могілках пабудавана ў 1857-1864 гадах тагачаснымі ўладальнікамі мястэчка Котвічамі. Аднак у пачатку ХХ ст. Котвічы з’ехалі адсюль, і пазней іх багаты маёнтак у Турлах разбурылі і разрабавалі – пра гэта ўдзельнікі конкурсу расказвалі ў заданні аднаго з тураў. 

А вось у капліцы лёс аказаўся  шчаслівейшы. Хоць у мінулым стагоддзі аб ёй ніхто не клапаціўся, яна захавалася ў нядрэнным стане – мо таму, што знаходзіцца на могілках. 

Дарэчы, міхалішкаўскія могілкі таксама вельмі старыя, тут сустракаюцца пахаванні, якім больш як 100 гадоў. Адна з адметных магіл – ксяндза Адольфа Сакалоўскага (1888 – 1968 гады).

2.jpg

Па легендзе, ад будынка капліцы да касцёла вядзе падземны ход – Ганна Мілашэвіч напісала, што яе муж Іван падлеткам са сваімі сябрамі спускаўся ў сутарэнне: хлопцы прайшлі з дзясятак метраў у цемры і, спалохаўшыся, вярнуліся назад. Але, хутчэй за ўсё, пад капліцай знаходзіцца ўсыпальніца – багатыя людзі ў даўнейшыя часы часта рабілі фамільныя склепы для пахавання сваіх родных.

У 2015 годзе будынак капліцы і брама-званіца намаганнямі ксяндза Анатоля Захарэўскага адноўлены і цяпер з’яўляюцца адной з адметнасцяў Міхалішак.

Правільныя адказы далі Станіслаў Памецька – 1 бал, Святлана Марозава – 3, Алег Драган, Ганна Мілашэвіч, Жанна Волк-Леановіч, Вікторыя Іванцэвіч, Алена Памецька, Марына Кімса – па 4. 

Квартэт лідараў застаецца нязменным вось ужо каторы час: Алег Драган – 154 балы, Марына Кімса – 152, Ганна Мілашэвіч і Жанна Волк-Леановіч – па 148.


Дзе гэта, што гэта?

1.jpg

Нагадваем: далучыцца да кон­курсу «Пазнай Астравеччыну» можна з любога этапу. Калі вы ведаеце, дзе гэта і што гэта, – дасылайце свае адказы, 
расповеды, фотаздымкі і відэа.

Адказы на пытанні конкурсу можна дасылаць у рэдакцыю па электроннай пошце ці паведамляць па тэлефонах 2-03-64, 7-08-44, +375-29-328-75-99 на працягу пяці дзён (з улікам выхадных і святочных) пасля выхаду газеты з конкурсным заданнем (да аўторка ўключна).



Подписывайтесь на телеграм-канал «Островецкая правда» по короткой ссылке https://t.me/ostrovetsby.

Телеграм-канал «Островецкая правда»  – всё самое интересное из жизни Островца и Островецкого района. 

 

 

Подписывайтесь на телеграм-канал «Гродно Медиа Group» по короткой ссылке t.me/GrodnoMediaGroup.

Телеграм-канал «Гродно Медиа Group» – это ежедневные новости районов Гродненской области и города Гродно.



Текст: Нина Рыбик