44 тур конкурсу «Пазнай Астравеччыну»

08:07 / 20.11.2020
Заданне чарговага тура было прадказальна лёгкім – Гудагайскі касцёл Адведзінаў Найсвяцейшай Панны Марыі з’яўляецца дыяцэзіяльным санктуарыем Маці Божай Шкап­лернай Гродзенскай дыяцэзіі. У храме знаходзіцца вядомы шматлікімі ласкамі абраз Маці Божай Гудагайскай. Наўрад ці ёсць на Астравеччыне чалавек, які хоць аднойчы не пабываў тут. А тое, што на фота не сам касцёл, а званіца каля яго, канкурсантаў у зман не ўвяло. Але для многіх стала нагодай пашукаць у розных крыніцах звесткі пра гісторыю мястэчка, касцёла, цудатворную ікону – а гэта і ёсць галоўная мэта конкурсу.

12.jpg


Гісторыя Гудагая непарыўна звязана з цудатворным абразом Маці Божай. Наконт з’яўлення ў гэтых мясцінах праваслаўнай іконы (вядома, што абраз Маці Божай Гудагайскай – спісак іконы Маці Божай Уладзімірскай) існуе некалькі легенд.

Найбольш праўдападобная сведчыць, што ў старажытныя часы на глухой лясной дарозе, што праходзіла па гэтых мясцінах, рабаўнікі напалі на рускіх купцоў, забралі ўсе каштоўнасці, а просценькі абраз выкінулі як непатрэбны. Яго знайшоў ляснік ці манах-пустэльнік і забраў у свой будан. Неўзабаве да іконы сталі ісці людзі, просячы паратунку ў розных бедах, – і атрымлівалі дапамогу. Некаторыя сталі сяліцца побач – так з’явілася паселішча, якое назву сваю, па легендзе, атрымала адпаведную: буда ў гаі, Будагай, Гудагай… 

У абраза  Маці Божай Гудагайскай няпросты лёс: яму давялося павандраваць па свеце, пабываць у многіх руках – але ён заўсёды вяртаўся ў Гудагай. Ганна Война з Сулістроўскіх у памяць пра свайго загінулага першага мужа  Міхала Козел-Паклеўскага пабудавала для гэтага абраза перш капліцу, а ў 1763 годзе – драўляны касцёл. Праз год, 8 верасня 1764 года, у свята Нараджэння Найсвяцейшай Панны Марыі, сюды прыбылі з Вільні  дзеля  апекі  над цудатворным абразом кармеліты босыя. Яны заснавалі тут кляштар, школу для сірот і шпіталь для бедных. Гудагайскі прыход у той час налічваў прыкладна 1 500 чалавек.


Парафія і яе святыні зведалі шмат рэпрэсій. У 1832 годзе дэкрэтам цара Мікалая I гудагайскі кляштар кармелітаў зачынілі, а касцёл, званіцу і іншыя пабудовы прадалі габрэям на разборку. Абраз Маці Божай Гудагайскай перанеслі ў касцёл у Ашмянах. Але, дзякуючы прыхаджанам, храм і званіца засталіся цэлымі. У 1856 го­дзе касцёл набыў, а затым і аднавіў айцец Данат Сямашка. У 1878-м ад царскіх уладаў быў атрыманы дазвол праводзіць у Гудагаі імшу кожную суботу, а з цягам часу – і па вялікіх святах. У 1906 годзе быў адноўлены гудагайскі прыход. 

У пабудаваны для яго касцёл абраз Маці Божай Гудагайскай вярнуўся 2 жніўня 1907 года. Пасля ліквідацыі кляштара кармелітаў босых душпастырскія паслугі аказвалі дыяцэзіяльныя святары, сярод якіх найбольш у парафіі служылі  ксяндзы Павел Сянкевіч і Адам  Вайцяхоўскі. 

Дзень 7 ліпеня 1990 года ў гісторыі парафіі знамянальны тым, што ў Гудагай, пасля 158 гадоў перапынку, вярнуліся кармеліты босыя і сталі сапраўднымі ахоўнікамі санктуарыя Маці Божай Гудагайскай. Па іх намаганнях і малітвах 18 кастрычніка 2003 года Папа Рымскі Ян Павел II асвяціў кароны, зробленыя з залатых дароў удзячных вернікаў і шанавальнікаў цудатворнага абраза Маці Божай Гудагайскай, а 15 ліпеня 2007 года кардынал Казімір Свёнтак каранаваў гэты абраз. 

Канкурсанты, акрамя таго, расказалі шмат цікавага пра архітэктуру касцёла,  званіцу на фотаздымку, гісторыю трох страчаных званоў, што некалі запрашалі вернікаў на малітву, пра гудагайскую парафію і яе святароў – словам, бачна, што месца гэтае добра вядомае і многімі любімае.

На гэты раз правільныя адказы мы атрымалі ад 13 канкурсантаў. Па 1 балу ў Гражыны Якель, Святланы Станкевіч, Станіслава Памецькі, Генаэфы Кандратовіч, 2 балы запісаў на свой рахунак Андрэй Ваўчок, 3 – Святлана Марозава. Па 4  атрымалі за разгорнутыя адказы, дапоўненыя фота і відэа, Кацярына Вараб’ёва, Ганна Мілашэвіч, Алег Драган, Алена Памецька, Марына Кімса, Жанна Волк-Леановіч, Вікторыя Іванцэвіч.

У стане лідараў без перамен: Алег Драган – 150 балаў, Марына Кімса – 148, Ганна Мілашэвіч і Жанна Волк-Леановіч – па 144.


Дзе гэта, што гэта?

1.jpg


Нагадваем: далучыцца да конкурсу «Пазнай Астравеччыну» можна з любога этапу. Калі вы ведаеце, дзе гэта і што гэта, – дасылайце свае адказы, расповеды, фотаздымкі і відэа.

Адказы на пытанні конкурсу можна дасылаць у рэдакцыю па электроннай пошце ці паведамляць па тэлефонах 2-03-64, 7-08-44, +375-29-328-75-99 на працягу пяці дзён (з улікам выхадных і святочных) пасля выхаду газеты з конкурсным заданнем (да аўторка ўключна).



Подписывайтесь на телеграм-канал «Островецкая правда» по короткой ссылке https://t.me/ostrovetsby.

Телеграм-канал «Островецкая правда»  – всё самое интересное из жизни Островца и Островецкого района. 

 

 

Подписывайтесь на телеграм-канал «Гродно Медиа Group» по короткой ссылке t.me/GrodnoMediaGroup.

Телеграм-канал «Гродно Медиа Group» – это ежедневные новости районов Гродненской области и города Гродно.



Текст: Нина Рыбик