Гервяцкі дзіцячы сад адзначыў 30 гадоў

15:21 / 02.10.2020

Усе мы родам з дзяцінства, а значыць, з дзіцячага садка. І ад таго, наколькі прыемным стане наведванне дзіцячага садка для выхаванцаў, залежыць вельмі многае – нават далейшы лёс маленькага чалавека.

Трыццаць гадоў прайшло з таго дня, як упершыню адчыніліся дзверы дзіцячага сада «Сонейка» ў аграгарадку Гервяты.

Многія выпускнікі гэтай дашкольнай установы сталі дарослымі людзьмі, але, як і трыццаць гадоў назад, яны спяшаюцца сюды – вядуць сваіх дзетак.

Работнікі дзіцячага сада – гэта калектыў аднадумцаў, для якога галоўнай умовай з’яўляецца любоў да дзяцей і жаданне падарыць ім радасць, веды і часцінку сваёй душы.

25 верасня прайшло святочнае мерапрыемства, прысвечанае юбілею дзіцячага сада. Але ў сувязі з эпідэмічнай сітуацыяй удзел у ім прынялі толькі калектыў і ветэраны педагагічнай працы К.П. Аляксеявец, В.У. Вайцяховіч, Н.А. Мароз, Л.Л. Урбановіч, Д.І Бясецкая, Л.М. Аляксандровіч. Вялікі дзякуй і нізкі паклон за вашу добрасумленную працу і плённую педагагічную дзейнасць, уклад у развіццё і выхаванне дзяцей!

1.jpg

Песні, танцы і добры настрой сталі спадарожнікамі нашага свята. Казачныя героі забаўлялі ўдзельнікаў мыльнымі пульхірамі і танцавальным флэшмобам. Сюрпрызам для выхаванцаў стаў торт з феерверкам.

Жадаем усяму калектыву і нашым ветэранам працы таго, чаго жадаюць добрым людзям: здароўя, шчасця, поспехаў у справах, здзяйснення ўсіх задуманых планаў і творчасці, творчасці, творчасці!

Марыя СЦЕФАНОВІЧ,
загадчык Гервяцкага дзіцячага сада

Текст: Главный администратор