Майстрыха – і аптымістка!

09:37 / 01.10.2020
На выставе мастацкай твор­часці землякоў у Вар­нян­скім цэнтры культуры і вольнага часу ўбачыла цудоўную экс­пазіцыю вязаных рэчаў. Карункавыя пуловеры, ка­­мізэлькі, накідкі, жакеты... Арыгінальныя ўзоры, далі­катныя колеры, тонкая работа – у спалучэнні. Гэта была частка гардэробу майстрыхі – Лідзіі Аляксандраўны Лакевіч. Вялікая – больш за дваццаць  рэчаў, кожная з якіх – шэдэўр. Зайздросціце, мадэльеры па трыкатажы! А колькі ўсяго засталося дома!

2.jpg


Гаспадыня акуратна раскладвае на канапе ў гасцёўні  вязаныя пакрывалы (самае, на мой погляд, шыкоўнае –  лёгкае, як пух, ажурнае, яшчэ не закончана, белай кіпенню «выцякае» з кошычка). Хараство неперадавальнае!

– Колькі часу працавалі над усім гэтым багаццем? – пытаюся.

– Ды ўсё жыццё вяжу, – адказвае Лідзія Аляксандраўна. – Са студэнцкіх часоў. Помніца, тады ў моду ўвайшлі вязаныя берэцікі. Аднакурсніцы ў іх паўбіраліся – і мне захацелася. Але ж набыць абнову на рынку сціплыя студэнцкія даходы не дазвалялі, таму купіла ніткі за рубель і дваццаць капеек, пруткі – і за працу. Так і навучылася.  А можа, і ад мамы, Надзеі Сцяпанаўны, што перадалося – яна ў мяне майстрыха на ўсе рукі была. Дагэтуль захоўваю яе абрусы, на сямейныя святы засцілаю на стол, вось гэты, з карункавай устаўкай і махрамі,  – выключна на Ражаство і Пасху.  Сястра Галіна таксама да рукадзелля здатная.

Вось гэтае рознакаляровае пакрывала мы разам вязалі (на здымку – пасцелена на канапе).

1.jpg



Мая субяседніца ўспамінае, як двое маладых спецыялістаў – матэматык Эдуард Мечыслававіч і хімік-біёлаг Лідзія Аляксандраўна – у 1974 годзе пры­ехалі па размеркаванні на працу ў Варнянскую школу-інтэрнат.

Кожны пад сваім прозвішчам, агульнае – Лакевіч – стала ў іх ужо тут. Праз год перайшлі ў сярэднюю школу.

Абодва шчыра захапляліся сваімі прад­метамі і любімымі заняткамі: Эдуард Мечыслававіч быў заядлым шахматыстам і шашыстам і стараўся прыцягнуць да гэтых мудрых відаў спорту  сваіх вучняў, вясковую моладзь, дарослых. А Лідзія Аляк­сандраўна ў ахвоту вязала. 

– На жаль, у мужа было хворае сэрца, ён часта ляжаў у бальніцы то ў Гродне, то ў Мінску, трэба было знаходзіцца побач. Каб не паддацца маркоце,  узяла ў рукі кручок, а пруткі  адклала ўбок.

– Практычна ўсе мае рэчы –  з ужываных нітак. Вязала світэры мужу, сынам – Сашу, Юру і Андрэю, кожнаму – розны. Паносяць крыху, пафарсяць – перараб­ляю. Колеры мяняю. І атрымліваюцца  новыя рэчы. Цяпер ужо толькі для сябе вяжу.

– А ўзоры, мадэлі адкуль?

– Ой, дык з гэтым не праблема! Маю шмат даўнейшых часопісаў, дапаможнікаў, адтуль – узоры, а мадэлі прыдумваю сама. Вечарам сяду перад тэлевізарам – ён мне фонам служыць – і працую. Часам вышываю – вунь падушачкі на тахце ляжаць. Дзве – яшчэ з дзяцінства. А колькі работ раздарыла. Ёсць у мяне сяброўка ў Вільнюсе. Займела новую кватэру і папрасіла вышыўку на памяць. Падабрала ёй карціну ў грэчаскіх матывах. А сяброўка вока паклала на іншую, з  букетам палявых кветак – макаў, васількоў. І паехала мая праца ў Літву як напамін аб малой радзіме. А  прыгожы  льняны абрус дачка  сяброўкі забрала ў Англію. Яна там цэлы пакой аформіла ў беларускім стылі.

Людзям, якія прывыклі жыць на­поў­ніцу, ні хвіліны не губляючы дарма, бывае цяжка збавіць тэмп. І выхад на заслужаны адпачынак для некаторых становіцца ледзь не трагедыяй. 

– Для мяне ні драмы, ні трагедыі не было. Пакуль жылі ўдваіх з Эдуардам Мечыслававічам, дзвюх пенсій  ды яго зарплаты хапала, да таго ж  сад-агарод пры доме, курачкі на падворку сакочуць. І ўсё ўвагі патрабуе. А вось калі мужа не стала, душа забалела: як адна буду? І сумна стала, і горка. Сыны павырасталі,  двое ў Мінску ўладкаваліся, трэці, праўда, блізка жыве, у пасёлку Сельгасхіміі. Ды  ў кожнага свае жыццё, турботы. А я са сваімі сама ўпраўляюся. Дзякуй Марыі Сігізмундаўне Шыманец, якая не дала заседжвацца  дома ў самоце, паклікала на працу ў сацыяльны прытулак. З дзецьмі цікава і весела. Вязаць іх вучыла, нават хлапчукоў. (Усміхаецца.)  Час паляцеў хутка. А потым Іван Іванавіч Пляўга мяне на работу паклікаў, і яму вялікі дзякуй. І ўсё, уцягнулася ў рытм быцця. То на час водпускаў каго з калег падмяню, а  зараз вось у Варонскі дзіцячы садок на палову стаўкі аформілася. Здаецца, і гады адступілі. Сярод людзей душой маладзею, адчуваю сябе патрэбнай. Вярнуўся ранейшы аптымізм і смак да жыцця. 

Увогуле вам скажу: аптымізму губляць не трэба ніколі, ні пры якіх абставінах. Тады нягоды не адолеюць. Праўда! 



Подписывайтесь на телеграм-канал «Островецкая правда» по короткой ссылке https://t.me/ostrovetsby.

Телеграм-канал  «Островецкая правда»  – всё самое интересное из жизни Островца и Островецкого района. 

 

 

Подписывайтесь на телеграм-канал «Гродно Медиа Group» по короткой ссылке t.me/GrodnoMediaGroup.

Телеграм-канал «Гродно Медиа Group» – это ежедневные новости районов Гродненской области и города Гродно.


Текст:
Фото: Таисия Семёнова