Вёска Керплашына: лёсы і будні

08:20 / 30.09.2020
Вёска Керплашына зна­ходзіцца ў Гервяц­кім сель­савеце, непадалёк Гір. Пасе­лішча гэта ніколі не вызна­чалася вялікімі памерамі. Па расповедах жыхароў, тут было ўсяго 10 хат – дарэчы, яны і сёння стаяць. Цяпер жылыя 4 дамы, 3 – сталі дачамі для родзічаў колішніх гаспадароў, цягне дзяцей да сваіх вытокаў родная старонка. 

Астатнія хаціны «трымаюць месца» – раптам зной­дзецца той, каго зачаруе прыгажосць і ўтульнасць гэтага ціхага кутка Гервяцкай зямлі, хто палюбіць яго ўсім сэрцам  і саўе тут сямейнае гняздзечка. 

43.jpg


Што ў імені тваім

– Першая згадка пра вёску датуецца 1762 годам, калі тут пасяліўся чалавек з Рым­дзюн па імені Моцка, здаецца, – гэта быў першы жыхар. Згодна з перапісамі, у нашым паселішчы фігурыравалі толькі тры прозвішчы: Урбановіч, Кармаза і Петрык. Самая вялікая колькасць людзей была ў 1834 годзе – больш за 30, – расказаў жыхар Керплашыны Аляксей Антоненка. – Наша вёска ніколі не мела такога  статусу – гэта быў хутар, а дакладней – засценак. Нават на старадаўніх польскіх картах ён пазначаны. Калі я цікавіўся ў мясцовых, ніхто не патлумачыў, што азначае «керплашына». Як ні дзіўна, меркаванне наконт сэнсу назвы мне выказаў рускі чалавек, які добра ведае літоўскую мову. Аказваецца, «керплеше» ў перакладзе з літоўскай – «корч». Так што наша вёска, магчыма, на славянскі манер называлася б Карчы альбо Карчэўнікі. І з гэтым можна пагадзіцца, бо сапраўды ў нас шмат карчоў – яны ляжаць на дне ракі. Бачна, дрэвы, якія раслі па беразе, падалі ў ваду, згнівалі, а пні – яны ж  смалістыя, –  захаваліся. 

«Месца, дзе цёпла душы»

Любоў і Аляксей Антоненкі 

1.jpg



Каля 25 гадоў назад  Керплашына стала другой радзімай для мужа з жонкай Аляксея і Любові Антоненкаў. 

– У 1991 годзе мы вырашылі купіць дачу, – узгадвае былы афіцэр, гараджанін па нараджэнні Аляксей Антоненка. – У гэтай вёсцы жыў наш родзіч светлай памяці Альгердас Урбановіч. Ён і прапанаваў гэта месца.

І сапраўды, мы прыехалі сюды, паглядзелі: прыгожая прырода, рака (Ашмянка. – Заўв. аўт.) непадалёк… Адно толькі: хаты, каб купіць, тут не было. Тады мы набылі дом у Соргаўцах і перавезлі сюды. На месцы, дзе цяпер жывём, было чыстае поле – ні аднаго дрэўца вакол. Мы выкупілі гектар зямлі. Гэты лясок, пачынаючы з 1995 года, як пераехалі на пастаяннае месца жыхарства, самі садзілі: сосны, бярозы, дубы, клёны, рабіну…  

Памянялі літоўскую сталіцу на маленькую беларускую вёсачку Антоненкі тады, калі Аляксей выйшаў у адстаўку. 

–  Калі прыехалі сюды, муж быў ужо на пенсіі, а я пайшла на работу ў Гервяцкі сельскі Савет, потым перайшла працаваць у Бел­дзяржстрах. Цяпер таксама ўжо на пенсіі, –  расказвае Любоў.

– Мы ж карэнныя вільнюсцы, –далучаецца Аляксей. – Я служыў там у МУС. Калі расфарміравалі падраздзяленне, там жа, на радзіме, прапанавалі пасаду ва Узброеных сілах – дзе служыў, пакуль не разваліўся Савецкі Саюз і не пачаўся вывад расійскіх войскаў з Літвы. А тады мы з жонкай сталі перад выбарам. Грамадзянства літоўскае атрымаць не мог, паколькі савецкая краіна перастала існаваць і я стаў служа­чым арміі замежнай дзяржавы. Па той жа прычыне не далі і від на жыхарства, хоць быў карэнным жыхаром.  

Ваенную часць Аляксея пера­водзілі пад Маскву. Туды Анто­ненкі ехаць не хацелі, бо ўсе іх родныя, у тым ліку і старэйшы сын, засталіся ў Літве. Яны вырашылі, што, жывучы на Астравеччыне, будуць бліжэй да сваіх, змогуць з імі часцей бачыцца. Тым больш і Аляксей ужо мог выйсці на пенсію. 

Сямейная пара пачала абжывацца на новым месцы:  завялі гаспадарку – курэй, свіней, коз. 

Двор Антоненкаў.jpg



– Сеялі ячмень, садзілі бульбу… Чаго толькі ні рабілі! Пакуль не зразумелі, што гэта ўсё марна – пясчаная зямля ўраджай давала слабы.  І вырашылі: трэба садзіць тое, што тут расце: агрэст, маліну, клубніцы, буякі... А гаспадарку збылі. Нават кур то каршуны, то лісы цягаюць – нашто ж і падкормліваць?! – смяюцца Антоненкі.

Галоўным захапленнем Аляксея стала пчалярства. 

– Хоць мне і цяжка хадзіць, але гэта самая прыемная справа, – прызнаецца мужчына. – Раней было16 вулляў, цяпер – 11. Пчалярствам займаюся ўжо 25 гадоў. Вучыўся па кнігах. Яшчэ як набылі гэту зямлю, ведаў, што буду пчол трымаць, – таму скупляў спецыяль­ную літаратуру і вывучаў усе тонкасці справы. Нават зімой работы хапае: новыя вуллі зрабіць, рамы падрыхтаваць – гэта вельмі карпатлівая праца, дакладная, памеры да міліметра трэба вытрымаць. 

Дарэчы, Аляксей «хварэе» не толькі пчоламі, цікавіцца ён і гісторыяй месца, да якога пры­кіпела яго душа, і, магчыма, ве­дае пра Керплашыну нават больш, чым яе карэнныя жыхары. 

– Увогуле ў вёсцы, ды яшчэ і седзячы на пенсіі, не засумуеш – заняткаў заўсёды хапае, было б жаданне і сілы рабіць, – гаворыць Любоў. – Ведаеце, неяк злавіла сябе на думцы, што нават зімой не паспяваю адпачыць. Толькі, здаецца, усе справы завершыш да лістапада, там нешта звязаць трэба, нешта падрамантаваць, глядзіш – ужо студзень і прайшоў. І зноў пачынаеш рыхтавацца да новага агароднага сезону: насеннем займаешся, рассадай. У нас дзве цяпліцы, памідоры – хоць кож­ны год, здаецца, змяншаем коль­касць, а іх 30 сартоў застаецца. Грыбы, ягады – без гэтага таксама не магчыма, асабліва калі яны пад бокам, у сваім ляску.

А яшчэ жанчына вельмі любіць кветкі. Яна прызнаецца, што яе многія не разумеюць: як можна да 100 рублёў на цыбулькі і насенне выкідваць! Затое потым усе любуюцца гэтым морам хараства.
 
Нягледзячы на паўсядзён­ную занятасць, некалькі разоў на месяц Любоў паспявае заглянуць і ў рымдзюнскую бібліятэку.

– А як жа без кніг?! – здзіў­ляецца жанчына. – У бібліятэцы мяне добра ведаюць – як новае па­ступленне, адразу тэлефануюць. Вунь і цяпер стос цэлы набрала. Акрамя гэтага, мы і часопісы выпісваем. 

– Некалі я марыў жыць у лесе –  мара здзейснілася! Толькі давя­лося самому пасадзіць і вы­расціць гэты лес, – гаворыць на развітанне Аляксей. – Гэта вёсачка стала для нас радзімай – бо мы ўклалі ў яе сваю душу. Тут мы пабудавалі дом, у якім нам утульна і спакойна. 

«Я тут ад нараджэння»

Вітольд Урбановіч

Вітольд Урбановіч.jpg



Зайшоўшы ў двор Вітольда, з першага погляду зразумела, што тут жыве гаспадар: абкошана, радуюць вока аку­рат­ненькія клумбы і самаробныя штучныя кветкі, дровы, скла­дзеныя паленца ў паленца ўздоўж сцен гаспадарчых пабудоў, выглядаюць як дэкор. А між іншым мужчына – адзінокі!

– Я ў вёсцы ад нараджэння – з 1953 года, гэта бацькоўскі дом, – адчыняе дзверы Вітольд. –  Да пенсіі працаваў на трактары, на камбайне – тая тэхніка ў параўнанні з цяпе­рашняй – пыл.

– Заняўся сёлета рамонтам: веранду зрабіў, падлогу пачаў у хаце фарбаваць, столь трэба падбіць… Хацелася б і вокны памяняць. Думаю, хутка ўсё не атрымаецца – па-першае, я пасля аперацыі на назе, моцна яе не напружыш, а па-другое, грошы ж на ўсё трэба. Корпаюся паціху, – працягвае гаспадар. – Дровы нядаўна прывезлі – трэба было спарадкаваць: напілаваў-нашчапаў – хопіць на зіму, яшчэ і застанецца. Пару гра­дак маю – нарыхтовак ужо ёсць і з агарода, і ў лес за Пет­рыкі крыху хадзіў па грыбы, чарніцы, брусніцы!  

Мужчына гаворыць, што стараецца як мага больш запланавага зрабіць за лета і восень, пакуль надвор’е спрыяе. А на зіму застаюцца справы для душы: Вітольд майструе ўпрыгажэнні з пластыку.

– Бацяноў во зрабіў, пагля­дзі­це, – паказвае на штучную бу­с­лянку майстар. – Зімой тэле­візар гляджу. І раблю штучныя кветкі, падзелкі з пластыкавых бутэлек – не выкідаць жа. А так, калі пастарацца, і двор упрыгожыш. Ідэі прыдумваю сам. Спярша пластык трэба высушыць, зашкурыць, пафарбаваць – па­ва­зіцца адным словам, а тады ўжо нешта майстраваць. Я такой спра­вай займаюся пад настрой. Хачу з камяня яшчэ паспрабаваць што зрабіць – падрыхтаваў вунь, пафарбую, можа, мухамор атрымаецца. (Смяецца.)

Гаспадарку, як і яго адна­вяс­коў­цы, Вітольд не трымае – лі­чыць, патрэбы ў гэтым цяпер ня­ма. 

– Раней былі і свінні, і карова, і куры. Таму і працавалі  больш і цяжэй: накасіць, пакарміць, пачысціць. Сёння прасцей малака купіць у магазіне – аўталаўка ж прыязджае.  

«З гаспадаркі – 2 каты і Рэбусь»

Уладзіслава Петрык

Уладзіслава Петрык.jpg



– Дзетачка мілая, жыву я тут ад малых дзён (ад нараджэння. – Заўв. аўт.), ужо 85-ты гадок пайшоў ад ліпеня, – сустракаючы на парозе, гаворыць бабуля Уладзіслава. 

– Тры гады таму мужык памёр – паціху прызвычаілася жыць без яго. Дзеткі прыязджаюць. А куды ж ім ехаць, як не да мяне, маткі сваёй?! І цяпер дачка з Вільнюса гасціць у мяне.  Як прыязджаюць дзеці, дык парадкуюцца мне тут, але і сама не сяджу, дзеткі мілая: і пасаджу агарод, і папалю яго, і тое, і сёе... Ногі не адключаюцца – «поўзаю».

– У нас раней 10 было хат (маецца на ўвазе, жылых). А цяпер толькі Віцюк жыве, я і Жэнечка (Яўгенія Урбановіч. – Заўв. аўт.) – гэта з даўнейшых, а там наезджыя (Антоненкі. – Заўв. аўт.) пабудаваліся ў ляску, – кажа жанчына. 

З гаспадаркі, як расказвае бабуля,  у яе цяпер толькі 2 каты і Рэбусь  – сабака Рэкс. У мінулым годзе яшчэ куры былі, але як трапіла ў бальніцу, сын іх прадаў. 

– А хто ж будзе карміць, гля­дзець? Гэта кожны дзень рабіць трэба, – тлумачыць гаспадынька. – А болей іх і не нажывала. Ды і колькі тых яёк мне трэба – 10 штук купіла ў аўталаўцы і хопіць на цэлы тыдзень, а калі і гэтага не з’ем.

– Адной жыць цяжка ў маім узросце – і рабіла б, ды спрыт не той і сілы таксама. Да рэчкі сха­джу, у агарод, то сабаку пачухаю, то кату падам што. Па лясах ужо баюся хадзіць. 

Як на пенсію пайшла, не мела часу пасядзець. Мы з мужам трымалі каня, 2 каровы, авечак, свіней, курэй. А бульбы колькі садзілі! Сена нарыхтоўвалі! Божа! Спраў было – рабіць не перарабіць, дзеці заўсёды дапамагаць ехалі, – гаворыць бабуля Уладзіслава. – Вось пашанцавала, што людзі ў нас мілыя: Любачка заўсёды патэлефануе, што аўталаўка прыехала. Ся­джу, чакаю каля тэлефона, калі пазвоніць, тады хутчэй за сумку – і ляту. 

– Хоць мама і старэнькая, і цяжка ёй па гаспадарцы ўпраўляцца – але калі б я ні прыехала, і агарод у яе прапо­латы – ні травіначкі, і паліта ўсё! – далучаецца да размовы дачка Уладзіславы Петрык Ганна. – Яна малайчынка. Не дае сабе расслабляцца, крэпенька трымаецца, рухаецца, па меры магчымасці робіць. І калі куды выбіраецца, то і макіяжык сабе зробіць: крэмам памажацца, па­мадкай вусны падфарбуе і паду­хмяніцца. (Усміхаецца.)

– А зімой чым займаецеся? – цікаўлюся ў бабулі. 

– Ну а што зімой, во – тэле­візар уключыш, то тое, то сёе паробіш у хаце.  Раней вязала – цяпер не магу, рукі хворыя, – адказвае бабуля. – Сяброўкам тэлефаную: у Петрыкі да Яні Гражуль, у Рымдзюны яшчэ да адной жанчыны; мне патэлефануюць – навіны якія раскажуць. Дзякуй богу, што гэтыя тэлефоны ёсць!


Як заўважаюць вяскоўцы,  у па­раўнанні з тым, што было гадоў 20 таму, жыццё ў Керплашыне змянілася да лепшага. Не ў тым плане, што камунікацыі праклалі ці мага­зін пабудавалі – такога і не было ў гэтым засценку. Аднак! Дарогу, па якой на трактары цяжка было прасунуцца, зрабілі і трымаюць яе ў належным стане. Правялі вулічнае асвятленне. Газавыя балоны цяпер не трэба, як калісьці, цягнуць на санках напрасткі цераз поле ў Рым­дзюны, каб памяняць пусты на поўны. Смецце арганізавана выво­зяць. Аўталаўка прыязджае 2 разы на тыдзень. Тэлефонная сувязь ёсць. Праўда, хацелася б жыхарам, каб інтэрнэт лепш «цягнуў» і па мабільнаму каб без перабою дазваніцца... Але гэта невялікія нязручнасці – галоўнае вяскоўцы жывуць там, дзе ім падабаецца, дзе ўтульна, дзе цёпла іх душы. 

Таму ў невялічкай вёсачцы  буяюць краскамі палісады і дагледжаныя двары, імкнуцца ў бацькоўскія хаты дзеці – дапамагчы, праведаць альбо проста адпачыць. 



Подписывайтесь на телеграм-канал «Островецкая правда» по короткой ссылке https://t.me/ostrovetsby.

Телеграм-канал  «Островецкая правда»  – всё самое интересное из жизни Островца и Островецкого района. 

 

 

Подписывайтесь на телеграм-канал «Гродно Медиа Group» по короткой ссылке t.me/GrodnoMediaGroup.

Телеграм-канал «Гродно Медиа Group» – это ежедневные новости районов Гродненской области и города Гродно.


Текст:
Фото: Рита Дремо