Таямнічы знак на Гудагайскім вакзале: што ён азначае?

15:29 / 04.09.2020
Станцыя Гудагай, трапна названая «ўязной брамай» нашай краіны з прыбалтыйскага накірунку, мае багатую і самабытную гісторыю. Увагу дапытлівых гасцей і мясцовых жыхароў тут прыцягваюць розныя помнікі мінуўшчыны, у тым ліку і ўмацаваны ў сцяну вакзальнага будынка прамавугольны знак з надпісам «Znak wysokosci. P.N.» і выявай арла пасярэдзіне. З якой нагоды, у які час ён з’явіўся і ці мае  значэнне сёння? Паспрабуем разабрацца.

2.jpg



Для дакладнага вымярэння вышыні пунк­таў зямной паверхні адносна ўз­роў­ню мора служыць нівелірная сетка. З яе дапамо­гай выконваюцца роз­ныя інжынерныя і будаўнічыя работы, выка­рыстоўваецца яна і для тапа­гра­­­фічных здымкаў мясцовасці. Складаец­ца такая сетка з уцэментаваных у сцены будынкаў металічных маркераў вы­шыні, па іншаму – геадэзічных сцянных рэпераў. 

У 1932-1933 гг. Міністэрствам каму­ні­ка­цый міжваеннай Польшчы было праве­дзе­на прэцызійнае, ці высокадакладнае, ніве­ліраванне па чыгуначнай лініі Нова Вілейка – Маладзечна. Для вымярэння гэтай лініі нівелірнай сеткі выкарыстоўваліся найноўшыя інстру­мен­ты і высокадакладныя метады вымя­рэнняў. Кожны прамежак паміж двума рэперамі вымяраўся як у адзін, так і ў другі бок. Пры магчымасці вымярэнні праводзілі ў розныя дні і розны час дня. 

Пры правядзенні высокадакладнага нівеліравання чыгуначнай лініі пры­мянялі рэперы ў выгля­дзе таблічак памерам 11,5 см на 8,5 см з надпісам, што ў перакладзе і пры расшыфроўцы азначае «Знак вышыні. Прэцызійнае нівеліраванне». Яны былі закладзены ў сцены трывалых станцыйных будынкаў на вышыні 1,80 м над зямлёй. Пунктам адліку вышыні ў такіх рэперах з’яўляецца адтуліна пасярэдзіне, у якую устаўляецца шпілька і да яе чапляецца спецыяльная рэйка для вымярэнняў. Цікава, што на момант вымярэння вышыня над узроўнем мора рэпера на станцыі Гудагай кладала 180 м 62 см 4 мм.  Бліжэйшы ад Гудагая рэпер знаходзіўся на воданапорнай вежы станцыі Ашмяны, але ён, як і сама вежа, не захаваўся да нашых дзён. Сёння бліжэйшы аналагічны знак на беларускім участку чыгункі можна ўбачыць на сцяне жылога дома для чыгуначнікаў каля вакзала ў Солах.

1.jpg

Адначасова на апоры чыгуначных мас­тоў і віадукаў, падмуркі будак чыгуначных аглядчыкаў, цокальныя часткі вакзальных памяшканняў і іншыя мураваныя станцыйныя будынкі ўмацоўваліся рэперы іншай формы. Вонкавая частка іх уяўляла сабой металічны дыск дыяметрам 7 см з паўкруглым выступам зверху, на якім была нівелірная рэйка пры правядзенні вымяральных работ. На паверхні балта – такую назву таксама мае гэты знак у польскамоўных крыніцах – размешчаны тагачасны дзяржаўны гербавы арол і такі самы надпіс, як і на гудагайскай таблічцы.

Выдадзены ў 1939 годзе Міністэрствам камунікацый «Каталог вышынь рэпераў польскай асноўнай ніве­ліцыйнай сеці» змяшчае інфармацыю пра шэсць балтавых рэпераў, якія знаходзіліся на чыгуначнай лініі ў межах цяперашняга Астравецкага раёна. На жаль, усе яны не захаваліся да нашых дзён, бо ўжо няма будак аглядчыкаў у Лошы і Сяржантах, спынілася жыццё на даваенным першапачатковым пасажырскім прыстанку Каменка, у сцены якіх былі ўмураваны рэперы. Зніклі гэтыя знакі пасля рэканструкцыі чыгуначных мастоў каля Лошы і Груз­доўшчыны, не ўбачыш такі геадэзічны маркер у падмурку Гудагайскага вакзала. Адзін з бліжэйшых балтавых рэпераў можна заўважыць толькі на цокальнай частцы вакзала станцыі Ашмяны.

Не менш цікавым з’яўляецца даследванне наяўнасці і стану геадэзічных кантрольных пунктаў міжваеннага перыя­ду па іншых дарожных накірунках нашага краю. Вядома, што Міністэрства гра­мадскіх работ да 1932 года па меры пра­вядзення нівелірных работ пада­вала спісы касцёлаў і касцёльных бу­дын­каў, у муры якіх убудоўваліся рэперы. Захаваліся такія знакі ў Сольскім і Ашмянскім касцёлах, іншых мясцінах колішняй Віленшчыны. 

На касцёлах у Астраўцы можна таксама заўважыць рэперы, але яны адносяцца ўжо да савецкага часу. Гэтыя каштоўныя гістарычныя памяткі патрабуюць далейшага вывучэння і чакаюць сваіх даследчыкаў. 

2.jpg

  

З развіццём новых высокадакладных тэхналогій вымярэнняў геадэзічныя сцянныя рэперы страчваюць сваё значэнне. Акрамя таго, міжваенныя рэперы не выкарыстоўваюцца ў сённяшняй нівелірнай сетцы, бо адлічваюць вышыню адносна ўзроўню Паўночнага мора ў Амстэрдаме, а не па прынятай у нашай краіне Балтыйскай сістэме вышынь, адлік якіх вядзецца ад нуля кранштадскага футштока. Не маючы ранейшага практычнага выкарыстання, яны пакрысе знікаюць пры зносе будынкаў і рэканструкцыі камунікацый, закрываюцца іншым матэрыялам.  Але сцянныя рэперы застаюцца каштоўнымі помнікамі развіцця навукі,  сведкамі мінулых геа­дэзічных работ у нашым краі. Таму варта пра іх ведаць і берагчы, прыгадваючы лацінскае выслоўе: «заўжды шануй сляды мінулага».

Уладзімір ПРЫХАЧ



Текст: Главный администратор