У Будранах засталося два жыхары. А якой застанецца вёска ў памяці сваіх дзяцей?

14:06 / 02.09.2020
Напісаць гісторыю вёскі Будраны мяне папрасіла наша зямлячка Ганна Гас­перская. Яна рэгулярна чытае ў інтэрнэце «Астравецкую праўду», пільна сочыць за краязнаўчымі матэрыяламі. Асабліва дарагія яе сэрцу артыкулы, дзе ідзе гаворка пра знаёмыя мясціны. Ганна, якая цяпер жыве ў Паўночнай Асеціі, нарадзілася каля Белай Вады, а ў Будранах праводзіла бесклапотныя гады дзяцінства ў сваёй бабулі Леўці Пятроўскай. Удзячная зямліцы, якая жывіла, давала сілу і моц, жанчына амаль штогод пераадольвае тысячы кіламетраў, каб наведаць маленькую радзіму, прайсці па сцяжынках, дзе некалі бегалі яе босыя ножкі.

І гісторыя вёскі Будраны  аказалася вельмі багатай і цікавай.

У свой час, калі працавала бібліятэкарам, па даручэнні выканкама абходзіла многія вёскі Спондаўскага сельсавета, удакладняючы гаспадарчыя кнігі. Бывала і ў Будранах. Падабалася мне гэтая вёсачка сваёй адметнасцю: тры вуліцы, масткі, гістарычныя будынкі… Хоць жыхароў ужо ў тыя часы было няшмат.

Мінулым летам зноў наведала Будраны. Тут засталося толькі 2 двары і двое жыхароў. А  ўспаміны нагадваюць: вось у гэтым прыгожым доме жыла моцная сям’я Івана Субача, вось тут – Кумішчы, 3 хаты, тут 4 хаты Коўшыкаў, столькі ж – Гасперскіх, Пятроўскіх, 2 сядзібы Шышкаў. А яшчэ – Ствалы, Корсакі, Кажурны. Феня Сусвіла – гэтая добрая жанчына кожны раз, як толькі я пераступала парог яе хаты, уса­джвала за стол, даставала з печы гарачы суп: «Па марозе ходзіш, змерзла, суп хутка адагрэе!» І так утульна было сядзець у гэтай гасціннай жанчыны, слухаючы розныя вясковыя гісторыі...

1.jpg

Дом Галіны Ствол часта наведваюць дзеці, унукі і праўнукі




Гістарычная даведка

Будраны вядомы з 16 стагоддзя. У 1568 годзе – сяло ў Быстрыцкай воласці, уласнаснасць караля польскага і вялікага князя ВКЛ Жыгімонта Аўгуста. Будраны – гэта казённы маёнтак, цэнтр сельскай грамады, які  ўключаў у сваю акругу вёскі Трашчаны, Чартоўшчызна, Будраны, Сухарышкі, Петрашышкі; засценкі Глушыца, Стара Недарасль, Попішкі, Баровы, Яцкуны. Будранская казённая сельская грамада ў 1874 годзе налічвала 239 рэвізскіх душ. Належалі да гэтай грамады і 6 рускіх пасяленцаў у самой вёсцы Будраны.

Пазней уваходзіла ў Аляксандраўскую воласць (валасны цэнтр – Жукойні Страчскія). У 1897 годзе – 6 двароў, 47 жыхароў. У пачатку 20 стагоддзя – у Аляксандраўскай воласці Свянцянскага павета Віленскай губерніі. З 1922 года – у складзе Польшчы, у Жукойніцкай гміне Свянцянскага павета Віленскага ваяводства. У 1938 годзе ў Будранах налічвалася 13 двароў, 87 жыхароў.

З 1939-га – у складзе БССР. З 12.10.1940 г. вёска ў Клюшчанскім сельсавеце Свірскага раёна Вілейскай, а з 20.09.1944 г. – Маладзечанскай вобласці. З 03.04.1959 г. – у Спондаўскім сельсавеце. 

З 31.08.1959 г. – у Астравецкім раёне. У 1959-м у Будранах пражывала 54 жыхары. З 20.01.1960 г. года вёска ў складзе  Гродзенскай вобласці. З 25.12.1962 г. – у Смаргонскім, а з 06.01.1965г. – зноў у Астравецкім раёне. У 1979-м у вёсцы 73 жыхары. На 01.01.2004 г. – 11 двароў, 20 жыхароў. 

(З кнігі «Памяць. Астравецкі раён»)



Археалогія

На паўднёвым захадзе ад вёскі размешчаны археалагічны помнік – курганны могільнік, які адносіцца да ўсходнелітоўскіх курганоў і датуецца канцом першага тысячагоддзя нашай эры.  У ім знойдзена сякерка – такія сякеркі са шчакавіцамі-выступамі, упрыгожаныя арнаментам, служылі як рубячай, так і ўдарнай зброяй ваяводаў, іх звычайна знаходзілі ў пахаваннях багатых людзей. Знаходкі гэтыя нешматлікія: на тэрыторыі Літвы і Заходняй Беларусі зной­дзена толькі 21 такая сякерка, і адна з іх – у Будранах.

Тапонім

У беларускага тапаніміста В. Жучкевіча знаходзім такое тлумачэнне: буда – невялікая забудова, часовае жыллё, лясная старажоўка. Ад яго ж заснаваны дзеяслоў будаваць, словы будка, будынак.

У 14-18 стагоддзях будамі называлі асобныя лясныя будынкі, дзе жылі буднікі, якія выпальвалі паташ, займаліся вытворчасцю дзёгцю, смолаў, драўлянага вугалю. З канца 19 стагоддзя тэрмін «буда» ў якасці асновы для новых геаграфічных назваў не выкарыстоўваўся. У 1960 годзе на тэрыторыі Беларусі было каля 110 тапонімаў, утвораных ад гэтай асновы.

Ёсць і другая версія. Назва вёскі Будраны хутчэй за ўсё літоўскага паходжання, на што паказвае мяккае вымаўленне ў рускім варыянце перадапошняга складу – БудРЯны. Вёс­ка з такой жа назвай ёсць у Панявежскай вобласці Літвы (інфармацыя ўзята з кнігі А Dictionary of Jewish Surnames from the Russian Empire Аляксандра Бейдэра), многія выхадцы з гэтай вёскі насілі прозвішча Будрановіч (Будрянович).

Падобных назваў шмат у ваколіцах Швянчонскага раёна: Будры, Будрычкі, Будрыкі, Буд­рыньшчызна, Будра. 

У перакладзе з літоўскага «буд­ра» – блюшчыка, шматгадовая травяністая расліна.

Ваколіцы Будран

Будраны, нібы вяночкам, акружаны прыгожымі, вясёлымі, быццам рамонкавыя букецікі ў жытнім полі, хутарамі з маляўнічымі назвамі: Пагулянка, Наваселле, Асінаўка, Міхалінова, Клемансова, Янова, Кіркішкі, Лысюкі, Лысая Гара, Навалессе. Раней на кожным з іх, як і ў саміх Будранах, кіпела, віравала жыццё. Людзі цягнуліся да ведаў, нягледзячы на аддаленасць ад буйных цэнтраў, вучыліся, станавіліся запатрабаванымі і вядомымі людзьмі. 

Да прыкладу, на хутары Асінаўка нарадзіўся Мечыслаў Валуевіч. Скончыўшы Гродзенскі сельгасінстытут, ён узначаліў калгас «Шлях Леніна», якому аддаў 41 год жыцця. Заслужаны работнік сельскай гаспадаркі Беларусі, узнагароджаны ордэнамі Леніна, Працоўнага Чырвонага Сцяга, двойчы ордэнам «Знак Пашаны». Мечыслаў Аляксандравіч дапамагаў у аднаўленні гудагайскага касцёла і навакольнай тэрыторыі. Гэта адзіны жыхар раёна, які сустракаўся ў Ватыкане з Папам Рымскім Іаанам Паўлам II.

Памятаю настаўніцу Ядвігу Усцінаўну – дзявочае прозвішча, здаецца, Валуевіч, па мужу – Цэйка. Яна замяняла нашу пастаянную настаўніцу ў Трашчанскай пачатковай школе. Сама ж вучылася ў той час, калі не хапала падручнікаў, і ўсяго, што патрэбна для вучобы, – але  мела мэту і імкнулася да яе. У школу хадзіла кожны дзень за некалькі кіламетраў з хутара – але ніколі не прапускала заняткі. Ядвіга Усцінаўна стала адной з першых мясцовых настаўніц.

На хутары Навалессе, побач з Будранамі, нарадзіўся Дыянізас Сусвіла. Ён расказаў, што яго дзед Андрэй Сусвіла служыў у Вільні ў жандармерыі, а калі выйшаў у адстаўку, стаў скупліваць землі на тэрыторыі Літвы і Беларусі. Ён купіў сто гектараў зямлі ў пана Сволькена і ў 1925-26 гадах пабудаваў тут дом і заснаваў хутар Навалессе. Калі ажаніліся яго сыны, на хутары пабудавалі яшчэ два дамы. Адзін з сыноў, Юзаф Сусвіла, сябраваў з маім бацькам і часта прыязджаў да нас у госці. Слухаючы іх гамонку, я здзіўлялася запасу ведаў Юзафа: ён мог пагаварыць і пра кнігі, і пра мастацтва, а найбольш – пра гісторыю. Даў добрую адукацыю сваім дзецям. Дачка Леанора скончыла Віцебскі педінстытут і працавала настаўніцай бія­ло­гіі і хіміі ў Стрыпішскай васьмігодцы, пазней – дырэктарам школы ў Дзягенева, а калі выйшла замуж у Літву, працавала настаўніцай у рускай сярэдняй школе Швянчоніса. Сын Дыянізас закончыў Віленскі інжынерна-будаўнічы інстытут, працаваў майстрам, прарабам, а затым дырэктарам ПМК Швянчонскага раёна. Зараз мае сямейны бізнес – будаўнічую фірму «Деостата».

Дыяннізас Сусвіла.jpg

Дыянізас Сусвіла


На хутары Лысая Гара жыў вядомы не толькі ў акрузе, але і ва ўсім раёне ляснік Лёнгін Міхновіч, заслужаны работнік лясной гаспадаркі, які аддаў любімай справе 43  гады. Нават пасля выхаду на пенсію ён не пакідаў свой пост. Быў прыкладам і настаўнікам для маладога пакалення, узнагаро­джаны шматлікімі ганаровымі граматамі.

На хутары Янова жыў яшчэ адзін ляснік Юзаф Колтан. Ён рассеяў па лесе жарновец мяцельчаты – калі каму даводзілася ехаць напачатку мая па дарозе ад Будран на Барані, той не мог не залюбавацца квітнеючымі кусцікамі жарноўцу, што, нібы кавалачкі веснавога сонца, успыхваюць то тут, то там на ўскрайку лесу.

Вёска

Дыянізас Сусвіла падзяліўся ўспамінамі, пачутымі ад бацькі і дзеда. Яны расказвалі, што пасля падаўлення паўстання Тадэвуша Касцюшкі (1794 г.), якое пацягнула за сабой трэці па­дзел Рэчы Паспалітай, цар аддаў загад павесіць у ліку іншых і графа, уладальніка маёнтка Будраны, прозвішча якога ніхто не памятае. Дыянізас не выключае, што назва вёскі можа паходзіць ад прозвішча таго графа.

А вось прозвішча пані Ястрэмскай даводзілася чуць неаднойчы ад многіх, хто цікавіўся гісторыяй гэтай мясцовасці. Яе двор размяшчаўся за 100 метраў ад павароту на Барані. Цяпер аб ім нагадваюць напаўразбураныя панскія  гаспадарчыя пабудовы. Пры маёнтку быў стаў, млын і бровар. Для ахалоджвання і ачысткі былі выкапаны каналы – жалабы з дубовых дошак бачны і зараз. Як жартаваў адзін знаёмы, гэтую канструкцыю можна лічыць самым старажытным водаправодам у Гродзенскай вобласці.

Дыянізас памятае з аповедаў дзядоў, што ў вёсцы была капліца. У сярэдзіне мінулага стагоддзя ён сам з хлапчукамі разглядваў камяні і пліты з надпісамі. Адзін такі камень мне паказаў Валянцін Кумішча, але ён настолькі зарос мохам, што надпіс разабраць немагчыма.

У сувязі з апазіцыйнасцю карэнных дваран («палякаў») адміністрацыя Віленскага ваеннага генерал-губернатарства разглядала мясцовых сялян, у першую чаргу праваслаўных, у якасці галоўнай апоры імперыі на заходніх землях. Перасяленцам давалі зямлю і доб­рыя пасады. Пасля паўстання 1861-га ў Будранах атрымалі зямельныя надзелы Коўшыкі, якія прыехалі з Кабыльніка, Кумішчы з Шаркаўшчыны – яны былі праваслаўнымі, а таксама католікі Гасперскія і Пятроўскія з Літвы. Кумішчы і Коўшыкі атрымалі больш зямлі і панскія забудовы і фактычна кіравалі вёскай. Асноўныя будынкі, маёнтак былі прададзены ці разбураны, засталіся толькі гас­падарчыя, глінабітныя. Пры іх пабудове змешвалі гліну з саломай, верасам і лазой. Дыянізас расказваў, што падобная дрэва­глінная тэхналогія прымяняецца дзе-нідзе яшчэ і зараз. 

Васіль Коўшык расказваў, што ў спадчыну ад дзядоў яму дасталася глінабітная панская канюшня даўжынёй у сто метраў, затым калгас заняў яе пад кароўнік, а пасля будынак зноў дастаўся гаспадару. Такая вялікая пабудова яму была не патрэбна, і Васіль трактарам разбурыў  сцены, дзівячыся іх моцы, пакінуў сабе толькі невялікі хлевушок.

6.jpg

Сцены панскай канюшні



Як вядома з пісьмовых крыніц, у 1866 годзе парафіяльны жалядскі касцёл Святога Войцеха з-за рэвалюцыйных прамоў мясцовага пробашча быў зачынены. Будынак  перадалі ў праваслаўнае ведамства, і ў 1876 годзе ён быў пераўтвораны ў праваслаўную Свята-Увя­дзенскую царкву. Некаторы час святаром у жалядскай царкве служыў адзін з будранскіх Коўшыкаў – такія весткі знайшоў краязнаўца Іван Драўніцкі.

У вёсцы тры вуліцы, адна з іх вымашчана бярвеннем, таму што была гразкай, і два масткі праз ручаёк, выток рэчкі Здаха, якая ў Акартэлях, працякаючы пад мостам, упадае ў Туравейскае возера. Назву рэчкі Здаха мясцовыя не ўспрымаюць, але на карце 1865 года яна пазначана менавіта так.

Пасляваенны час

Калгас у Будранах быў заснаваны, як і паўсюдна, у 1949 годзе. Ён аб’ядноўваў вёску і бліжэйшыя хутары і насіў імя Мічурына. Такая назва прысвоена, бо непадлёк, у маёнтку Шайкуны, быў плодагадавальнік і калгас збіраўся займацца садаводствам. Але хутка пачалося ўзбуйненне, Будраны далучылі да клюшчанскай сельгасарцелі, а затым прайшло аб’яднанне ўсіх бліжэйшых калгасаў у адзін буйны, з цэнтральнай сядзібай у Масцянах.

7.jpg

Дажынкі. Здымак з сямейнага архіва Галіны Ствол



Старшыня калгаса франтавік Бандарэнка любіў займацца будаўніцтвам. Ён недзе падгледзеў гаспадарчыя пабудовы круглай формы і пайшоў на эксперымент – пабудаваў 3 круглыя фермы. Першую – у Будранах на 100 галоў з кало­дзежам у цэнтры. Цікавы факт: калі адбіралі бычкоў для перагону ў Будраны з цэнтральнага гадавальніка, то, як па каман­дзе, аддзялілася і выбегла роўна 100 галоў. Другі такі ж кароўнік быў пабудаваны ў Трашчанах, а трэці – у Клюшчанах. Памятаю, як госці, заўважыўшы пры дарозе дзіўную пабудову, пыталі: што гэта за шапіто? Фермы былі вельмі зручнымі і істотна аблягчалі працу даглядчыкаў. А калі сталі ўкараняць механізацыю жывёлагадоўчых працэсаў, круглыя кароўнікі сталі незапатрабаваны.

Будранцы працавалі дружна і весела – як у калгасе, так і на падворках. Вёска заўсёды выглядала святочна  і дагледжана. 

9.jpg

Аляксей Збыслававіч



Большасць яе жыхароў працавала даяркамі і даглядчыкамі. Калектыў фермы, дзе працавалі Алена Кумішча, Тэафілія Сусвіла, Браніслава Гасперская, Альбін Корсак і іншыя буд­ранцы, доўгі час утрымліваў першынство ў сельгасарцелі. Алена Кумішча была адной з лепшых даярак, узнагароджана медалём «Ветэран працы». Такі ж медаль мелі і яе сваячка Тэафілія Сусвіла, Іосіф Кумішча. Адзначаўся поспехамі ў працы даглядчык жывёлы Альбін Корсак. Рарытэтны экзэмпляр «Астравецкай праўды» за 1967 год з фотаздымкам сваёй мамы і перадавых вяскоўцаў зберагла для дзяцей і ўнукаў Галіна Ствол. І ўнук Алены Кумішчы Аляксей Ствол, працуючы ў калгасе на бензавозе, таксама паказаў сябе добрасумленным  працаўніком, аб чым паведамляла «АП» за 1992 год.

3.jpg

Даяркі перадавой фермы калгаса «Клюшчаны» (злева направа): Алена Кумішча, Браніслава Корбут і Тэафілія Сусвіла. 
«АП», 28 сакавіка 1967 года.



Не хлебам адзіным…

Большасць будранскіх і хутарскіх дзяцей хадзіла ў Трашчанскую пачатковую школу, а сярэднюю адукацыю атрымлівалі ў Жукойне-Жалядскай, пасля – у Спондаўскай.

Жыхары Будран і хутаране з’яўляліся парафіянамі клюшчанскага касцёла, які  адыгрываў вялікую ролю ў іх жыцці. У 90-х гадах усе вяскоўцы актыўна ўдзельнічалі ў адбудове святыні. Дапамагалі хто як мог:  будаўнічымі матэрыяламі,  грашыма, сваёй працай – і за адзін год узнялі касцёл з руін. Уладзімір Коўшык рабіў рамкі для абразоў, насілкі для харугваў, каркас для балдахіна, а сам балдахін падараваў Тадэвуш Коўшык – прывёз з французскага Лурда разам з абразам  Маці Божай. Жыхары Будран Галіна Ствол і Іосіф Кумішча ўваходзілі ў касцёльны камітэт, а ўзначальваў яго Лёнгін Міхновіч. 

4.jpg

Галіна Ствол



Былі сярод будранцаў і ветэраны Вялікай Айчыннай вайны. Іосіф Кумішча ваяваў стралком на 1-м Беларускім фронце пад камандаваннем маршала Жукава, прымаў удзел у фарсіраванні Віслы, Одэра і Нісы, быў узнагароджаны ордэнам  Айчыннай вайны і шматлікімі медалямі,  пра яго таксама пісала «Астравецкая праўда». Разам з ім быў прызваны і ваяваў аднавясковец Міхаіл Гасперскі – ён быў кулямётчыкам. Альбін Корсак родам з Віцебшчыны, ён былы партызан. Пасля вайны яго накіравалі ў Свірскі раён. Бываючы па справах у Будранах, актывіст упадабаў тут мясцовую дзяўчыну, ажаніўся з ёю і перабраўся ў вёску. 

8.jpg

Альбін Корсак



Былі ў Будранах амаль у кожным доме свае ўмельцы. Франц Коўшык шыў мужчынскае адзен­не: касцюмы, кажухі, дэлі (доўгае цёплае паліто). Антось Пятроўскі быў кавалём. Васіль Коўшык аказваў ветэрынарныя паслугі. Уладзімір Коўшык – слынны сталяр. Франц Кумішча быў бондарам. На ўсю акругу славіліся браты-музыканты Пятроўскія. Рэгіна Субач (Коўшык) успамінае, як яны збіралі дзяўчат-падлеткаў і вучылі іх танцаваць кракавяк.

А яшчэ Будраны славіліся мнагадзетнымі сем’ямі: у Пятроўскіх было 17 дзяцей: тры разы нараджаліся двойні,  два разы – тройні і 5 разоў бусел прыносіў на іх падворак па адным дзіцяці. Канстанцін і Альжбета Гасперскія мелі 6 дачок і 4 сыны, у Янкі і Франі Коўшыкаў было 11 дзяцей, столькі ж – у Івана і Стэфаніі Кумішчаў.  А яшчэ ў вёсцы быў дом, дзе жыло 3 сям’і Коўшыкаў – 21 чалавек! Уявіце сабе, колькі трэба было гаспадыням бліноў напячы і іншых страў нагатаваць, і ўсё гэта не на газавай ці індукцыйнай пліце, а ў печы! 

5.jpg

Гэты дом ажывае вясной, калі руплівы гаспадар Валянцін Кумішча з жонкай Тэрэзай прыязджае на лета


Чаго ў жыцці не бывае

Распавядаючы розныя выпадкі з жыцця вёскі, амаль усе ўспамінаюць патоп 1984 года. Тады вырашылі спусціць возера каля Кісялёў. Як толькі бульдозер раскапаў гравійку, вада прарвала дарожны насып і рынулася наперад. Буд­раны знаходзяцца ў паўтара кіламетрах ад гэтага возера, але вяскоўцы не маглі ўцяміць, што робіцца: сонца свеціць, неба яснае, самалёта не бачна, а нейкі незразумелы рокат нарастае і набліжаецца. Эмілія Коўшык, якая ў гэты час палола грады, пачуўшы гул, стала жагнацца – думала, пачаўся канец свету. Праз імгненне тыя, хто быў на вуліцы, убачылі, што на вёску са страшэннай хуткасцю нясецца вадзяны вал вышынёй, можа, у два метры. Хаваліся, хто куды мог: на дрэва, на страху. Толькі тыя, хто сядзеў у хаце, ні аб чым не здагадваліся. Вадзяны паток нёсся, выбіраючы больш нізкія мясціны і, на шчасце, амаль што абмінуў вёску. Толькі аднаму гаспадару вада трапіла ў хлеў і стаяла пару дзён вышынёй у паўметра. Каля драўлянага мастка ў вёсцы ляжалі камяні па паўтоны ці больш вагой, якія паток вады адкаціў на 20 метраў – такая  была  яго  сіла!  Доўжылася гэта навала хвiлiн 15 і панесла з сабой у каго дошкі, у каго кураводку з куранятамі, у каго вуллі з пчоламі.

Здарылася яшчэ адна трагедыя, аб якой памятаюць жыхары і іх дзеці: Броня Гасперская, у мінулым – перадавая даярка, згарэла зімой у доме, усяго некалькі крокаў не дапоўзшы да парога, каб адамкнуць дзверы.  І гэта за два дні да таго, як мелася выехаць да дачкі!

Вёскі-вёсачкі, вялікія і маленькія, сціплыя,  прыгожыя някідкай прыгажосцю з чаромхавымі, салаўінымі аселіцамі, з вясёлымі, кветкавымі дворыкамі, са шчодрымі садамі, населеныя адкрытымі, працавітымі, добразычлівымі людзьмі, вы паступова,  адна за другой, знікаеце з карт, рэестраў, з твару роднай зямліцы – але навечна застаецеся ў памяці сваіх дзяцей. І ў цяжкія хвіліны кожнаму ўспамінаецца мясціна, дзе нарадзіўся і вырас, дзе прайшло дзяцінства і юнацтва, яны на ўсё жыццё – радзімка ў іх душы.


Подписывайтесь на телеграм-канал «Гродно Медиа Group» по короткой ссылке t.me/GrodnoMediaGroup.

Телеграм-канал «Гродно Медиа Group» – это ежедневные новости районов Гродненской области и города Гродно.


Текст: