Бабулькі цяпер сучасныя
08:51 / 27.08.2020
Разные житейские истории – веселые и грустные, поучительные и «ни о чем» – вы можете присылать нам на обычную (Островец, ул. Энгельса, 2А) или электронную ostrov_red@tut.by почту, воспользовавшись баннером «Предложить новость» на главной странице сайта ostrovets.by в правом нижнем углу или оставив сообщение в группах «Островецкой правды» в социальных сетях.
Ваши истории будут опубликованы на сайте газеты и в социальных сетях, а лучше – напечатаны на страницах «Островецкой правды».
Патрапіла я неяк у бальніцу – ціск падняўся. Паклалі мяне ў палату, дзе ляжалі дзве бабулькі. Пакуль у вачах было цёмна, то нікога не бачыла і не чула, а як крыху пасвятлела пасля кропельніц і ўколаў, то захацелася пагаманіць з суседкамі.
Высветлілася, што абедзве – вясковыя, адной ужо за 80 гадоў, другой без года – 90. «Ну, – падумала сама сабе, – нагаваруся з імі… Трэба будзе ў іншых палатах каляжанак шукаць, каб не так сумна было».
І раптам у маладзейшай зацілінькаў тэлефон.
– Авохці мне! Унучок звоніць! – хуценька дастала бабуля мабільнік. – Як ты там, Сярожка? – стала распытваць хлопца пра справы.
Толькі адна закончыла размову, як палезла ў тумбачку другая:
– Трэба ж і мне сыну пазваніць. Алё, Чэсь? Сынок, чуеш мяне? Як ты там? Печку выцепліў? А курэй пакарміў? А, ну то добра...
І патлумачыла нам, націснуўшы «адбой»:
– Сынок асобна жыве, кватэра ў яго з выгодамі. А цяпер, як я ў бальніцу трапіла, хатку маю глядзіць…
Зразумела я, што суседкі мае, хоць і ў вельмі паважаным узросце, але з мабільнікам на «ты». Трэба паглядзець, можа, яшчэ і ў «Аднакласніках» іх знайду – «зафрэндзімся»…
А найбольш парадавалася, што іх дзеці і ўнукі паклапаціліся, каб матуля і бабуля былі заўсёды на сувязі.
І столькі пяшчоты было ў тых звычайных словах «унучок», «сынок», з такой любоўю гаварылі яны простыя, будзённыя словы, што міжволі зашчымела сэрца: маму ўспомніла, для якой я і дарослай заўсёды заставалася дачушкай…
Рэгіна ДРЭМА