Как молодой специалист работала куриным прорабом

08:12 / 26.08.2020

Разные житейские истории – веселые и грустные, поучительные и «ни о чем» – вы можете присылать нам на обычную (Островец, ул. Энгельса, 2А) или электронную ostrov_red@tut.by почту, воспользовавшись баннером «Предложить новость» на главной странице сайта ostrovets.by в правом нижнем углу или оставив сообщение в группах «Островецкой правды» в социальных сетях.

Ваши истории будут опубликованы на сайте газеты и в социальных сетях, а лучше – напечатаны на страницах «Островецкой правды».

1.jpg


Прыслалі неяк у нашу вёску маладога спецыяліста: Мілану пасля заканчэння адпаведнай навучальнай установы прызначылі прарабам. Пасялілася дзяўчына ў адзінокай бабулі – Лявонаўна з радасцю выдзеліла ёй асобны пакой. Гаспадыня і кватарантка хутка пасябравалі і па меры магчымасці дапамагалі адна адной: Лявонаўна Мілане вячэру зварыць, а тая з магазіна што-небудзь прынясе, з якой цяжэйшай работай дапаможа ўправіцца.

Неяк, вярнуўшыся дадому, дзяўчына застала гаспадыню ў слязах: ціск падскочыў, прыязджала «хуткая дапамога», сказалі класціся ў бальніцу – а як жа гаспадарка: куры, кот, сабака? Дзяўчына паабяцала, што ўсё дагледзіць і, атрымаўшы падрабязны інструктаж, адпусціла Лявонаўну на лячэнне. 

Праводзіўшы ранкам гаспадыню на аўтобус, Мілана напоўніла карытцы і паілкі, выпусціла курэй, сабрала ў куратніку яйкі – іх было з дзясятак, няшмат у параўнанні з курыным статкам, але Лявонаўна казала, што дрэнна нясуцца. Шарыка пакарміць не паспела – спазнялася на работу.




У абед замяшала сабаку баланду з рэшткаў баршчу, якім абедала, і кавалкаў хлеба. Але не паспеў Шарык вылезці з буды, як куры расхапалі пачастунак, пакінуўшы толькі голую костачку. 

Вечарам, калі Мілана вярнулася з работы, куры ўжо сабраліся ў куратніку. Дзяўчына пералічыла іх – 28 і певень – і зачыніла дзверцы, падумаўшы пра сябе: «А колькі, цікава, павінна быць? Забылася спытаць у Лявонаўны». Падзялілася з Шарыкам сваёй вячэрай, дабавіўшы да сабачай пайкі буханку хлеба, і пайшла спаць.

Раніцай, калі дзяўчына выйшла ў ганак, то аж падскочыла ад нечаканасці: яе сустрэла прывітальнае «ко-ко-ко». На падваконні за фіранкай сядзела курыца, побач на нейкай анучцы ляжала яечка…

Днём новы сюрпрыз: усе куры ў агародзе – зрабілі падкоп пад плотам і кошкаюцца ў кветніку. Палова кветак ужо ляжыць карэннем уверх! Гадзіна абедзеннага перапынку пайшла на тое, каб загнаць птаства на чорны двор, падладзіць плот, засыпаць раскапанае і пасадзіць назад кветкі.

Вечарам дзяўчына затрымалася на рабоце і рэвізію ў куратніку рабіла, падсвечваючы тэлефонам: 29 курэй, адзін певень. «Ну, мусіць, сёння ўсе!» – уздыхнула з палёгкай.

Але ранак пачаўся з ужо знаёмага «ко-ко-ко» ў ганку і яйка на падваконні. Пакуль напаўняла карытцы і паілкі, заўважыла ў скрынцы за бочкай з вадой яйка, яшчэ адно – пад паветкай. «Напэўна, я рана іх выпускаю і позна зачыняю, вось і нясуцца, дзе папала», – зрабіла выснову Мілана. Даўшы заданне рабочым, яна вярнулася дахаты, прыцягнуўшы з сабой скрынкі, што ляжалі за магазінам. Гадзіны дзве рэканструявала куратнік: зрабіла са скрынак з дзясятак новых «пасадачных месцаў» – цяпер нясушкі не павінны бадзяцца па дварэ.

Вечарам з ліхтарыкам аблазіла ўсе закуткі хлевушка: курэй налічыла ці то 29, ці то 30. Певень – адзін!

А ранкам у ганку зноў – «ко-ко-ко»!

Вырашыла не выпускаць курэй так рана – прыбегла гадзін у 10, калі мужчыны селі на першы перакур. Карысць відавочная: сабрала 25 яек! Ды яшчэ тое, што ў ганку…

Вечарам на сувязь выйшла Лявонаўна і паведаміла, што лячэнне ёй прадоўжылі на тыдзень. Мілана расказала, што гаспадарка дагледжаная і між іншым пацікавілася, колькі галоў налічвае птушыны статак.

Адказ шакіраваў: 36 курэй і два пеўні!

Ранкам  яе сустрэла традыцыйнае «ко-ко-ко» з падарункам – міжволі падумала, што, калі ўсё скончыцца, ёй, напэўна, будзе не хапаць гэтых курыных прывітанняў. У куратніку зноў 29 курэй і адзін певень.

Вырашыла правесці «рэвізію» днём: у абед пакрышыла курам буханку хлеба, каб пералічыць іх пры сонечным святле. Колькасць не змянілася – але ўзнікла новая праблема: цяпер, як толькі куры чулі стук брамкі, ляцелі да яе з усіх ног. На работу выходзіла крадком, каб «паклонніцы» не пабеглі ўслед.

З недастачай пагалоўя Мілана змірылася – мо, бабка забылася, колькі ў яе курэй. І раптам, несучы птаству сняданак, пачула звонкае «ку-ка-рэ-ку!» З развалін старога хлява важна выходзіў певень у суправаджэнні шасці курачак. «Бач ты, які малайчына: адсяліўся, гарэм сабе сабраў, звёў дзевак ад старога», – падумала Мілана – і стала насіць есці  і «адшчапенцам» – няхай Лявонаўна сама перасяляе іх у куратнік, калі палічыць патрэбным.

Дзён праз дзесяць узнікла новая праблема: яйкі ў халадзільнік ужо не ўмяшчаліся! Прапанавала калегам – тыя з радасцю купілі «натурпрадукт». Грошы Мілана засунула Лявонаўне пад падушку.

…Калі гаспадыня вярнулася з бальніцы, у хаце ў яе быў поўны ажур: усе 36 курэй спраўна несліся, неспадзяваныя грошы ляжалі пад падушкай, Шарык вясёлы, Мурзік ласкавы. 

Ну а што кватарантка трохі схуднела, дык у маладых, кажуць, цяпер так модна!

Марына КАВАЛЕЎСКАЯ


Текст: Главный администратор