31 тур конкурсу «Пазнай Астравеччыну»

09:34 / 21.08.2020
Патрапаў крыху нервы нашым канкурсантам 29 этап конкурсу. І не таму, што заданне аказалася надзвычай складаным, – проста з-за трохдзённай адсутнасці інтэрнэту адправіць адказы было немагчыма. Таму сёння мы падводзім вынікі адразу двух этапаў.  

У 29-м туры на здымку – рэшткі колішняга млына на рацэ Страчы. Многія канкурсанты падрабязна расказалі нам пра гэтую хуткую рэчку – дарэчы, «Страча» ў перакладзе з балцкага азначае «хуткае цячэнне». І  яна поўнасцю апраўдвае гэтую назву, прыцягваючы сваім наравістым характарам аматараў воднага экстрыму. Рака адметная яшчэ і тым, што працякае па тэрыторыі трох раёнаў і абласцей: бярэ пачатак у возеры Вялікія Швакшты Мядзельскага раёна Мінскай вобласці, працякае праз тэрыторыю нацыянальнага парка «Нарачанскі» (Пастаўскі раён Віцебшчыны) і на тэрыторыі Астравеччыны паблізу Міхалішак упадае ў Вілію.

2.jpg



Страча – адзіная рака ў Беларусі другой катэгорыі складанасці. Там, дзе яе русла перасякае Свянцянскую граду, хуткасць цячэння дасягае 6-7 км у гадзіну. Тыя, хто бываў у Карэліі, сцвярджаюць, што яна нагадвае тамтэйшыя рэкі: імклівая, халодная, празрыстая, з перападамі і каменнымі парогамі.

Першы ўспамін пра вадзяны млын на Страчы адносіцца да 1557 года. Знаходзяцца звесткі пра яго і ў дакументах 1880 года – тады збудаванне належала памешчыку Пашкевічу. 

Вядома, што на 2-павярховым страчскім млыне была ўстаноўлена 2-мятровая турбіна. Тут малолі муку яшчэ ў 60-х гадах мінулага стагоддзя. Цяпер жа ад будынка засталіся толькі бетонные апоры і два злівы, якія і ўтвараюць вадаспад.

3.jpg



Правільна на заданне адказалі Ванда Вайшнаровіч, Андрэй Ваўчок, Кацярына Вараб’ёва – 2 балы, Святлана Марозава – 3, Алег Драган, Марына Кімса, Жанна Волк-Леановіч, Вікторыя Іванцэвіч, Ганна Мілашэвіч, Алена Памецька – па 4. 

Не выклікала цяжкасцей і заданне 30-га тура конкурсу: усе ўдзельнікі пазналі на здымку барэльеф над уваходам у варнянскі касцёл Святога Юрыя.

4.jpg



Акрамя падрабязных расповедаў не толькі пра гісторыю ўзвядзення храма, але і саміх Варнян, канкурсанты даслалі цікавыя відэаролікі, прэзентацыі, гістарычныя здымкі, фота, зробленыя падчас наведвання касцёла, і нават з сямейнага архіва.

У 1760 годзе прадстаўнік знакамітага роду Юрый Абрамовіч прыняўся за ўзвядзенне ў Варнянах каменнага храма ў гонар уласнага нябеснага дабрадзея Юрыя (Георгія). У гэтым яго падтрымала і жонка Марыя (Марцыяна). Касцёл пабудаваны ў стылі барока. Галоўны акцэнт зроблены на яго велічным двухвежавым фасадзе. У храме адзін прастакутны неф – падоўжаная пабудова, якая з'яўляецца неад'емнай часткай інтэр'еру, абмяжоўваецца з двух бакоў масіўнымі калонамі, падзеленымі на дзве часткі невялікімі аркамі. Гэты «двухчастковы» будынак нефа, якi сустракаецца рэдка, лічыцца асаблівасцю многіх храмаў Астравецкага раёна.

Да касцёла прымыкаюць дзве двухпавярховыя пабудовы,  адна з якіх – дом святара, а ў другой некалі жыў аптэкар.

У савецкія часы касцёл перадалі пад Дом культуры, тут была зроблена сцэна і ладзілі танцы. 

За адказы на заданне 30-га тура Ванда Вайшнаровіч атрымлівае 2 балы, Андрэй Ваўчок – 3. Па 4 – у Святланы Марозавай, Жанны Волк-Леановіч, Алега Драгана, Марыны Кімсы, Вікторыі Іванцэвіч, Ганны Мілашэвіч, Алены Памецькі і Кацярыны Вараб’ёвай.

Такім чынам, лідарамі конкурсу з улікам балаў апошніх двух тураў з’яўляюцца Алег Драган – 98, Марына Кімса – 96, Жанна Волк-Леановіч і Ганна Мілашэвіч – у іх па 92 балы. 


Дзе гэта, што гэта?

1.jpg



Нагадваем: далучыцца да конкурсу можна з любога этапу. Калі вы ведаеце, дзе гэта і што гэта, – дасылайце свае адказы, расповеды і фотаздымкі.

Адказы на пытанні конкурсу можна дасылаць у рэдакцыю па электроннай пошце ці паведамляць па тэлефонах 2-03-64, 7-08-44, +375-29-328-75-99 на працягу пяці дзён (з улікам выхадных і святочных) пасля выхаду газеты з конкурсным заданнем (да аўторка ўключна).


Подписывайтесь на телеграм-канал «Гродно Медиа Group» по короткой ссылке t.me/GrodnoMediaGroup.

Телеграм-канал «Гродно Медиа Group» – это ежедневные новости районов Гродненской области и города Гродно.



Текст: Нина Рыбик