Што змянілася ў Кямелішках за 28 гадоў, расказвае Валянціна Пятроўская

12:12 / 08.08.2020

Валянціна Пятроўская, галоўны ўрач Кямелішкаўскай амбулаторыі ўрача агульнай практыкі, дэпутат раённага Савета:

1.jpg

– У Кямелішкі я прыехала ў 1992 годзе. Пасля заканчэння Гродзенскага медыцынскага інстытута тры гады працавала ў Магілёўскай вобласці, але хацелася куды-небудзь бліжэй да роднага дома – родам я з Маладзечна. Можа падацца дзіўным, але новае месца працы ў межах Беларусі мы з мужам знайшлі дзякуючы ўсесаюзнай газеце «Правда»: прачыталі, што ў Астравецкі раён патрабуюцца ўрачы. Муж быў тэрапеўтам, я – педыят­рам. Ідэальны расклад: два спецыялісты – адна кватэра. Нас прынялі на работу і накіравалі ў Кямелішкаўскую ўчастковую бальніцу – так на той час называлася наша медыцынская ўстанова. Муж праз нейкі час пакінуў і вёску, і сям’ю, а для мяне Кямелішкі сталі другой радзімай.

За гэты час многае змянілася не толькі ў маім асабістым жыцці – кардынальна памянялася і наша вёска, якая стала аграгарадком. Добра, што пасля многіх разваг летась вырашылася пытанне з сельскім Домам культуры: сёлетні Новы год мы сустракалі ўжо ў новым памяшканні, хай сабе ў і прыстасаваным, але ж усё неабходнае для адпачынку там ёсць.

А галоўным падарункам для жыхароў Рытані, Кямелішак і навакольных вёсак стала асфальтаваная дарога ад Вароны да Літвян, якая зрабіла шлях да Астраўца больш хуткім і зручным.

Кардынальна памянялася і сістэма аховы здароўя, прычым не толькі ў раёне, хоць усе мы ганарымся, што сёння нашай цэнтральнай раённай клінічнай бальніцы можа пазайздросціць любая сталічная клініка. Мяне ж асабліва радуе, што і сельская медыцына не застаецца па-за ўвагай. Падчас будаўніцтва ў 2008 годзе ў Кямелішках аграгарадка ў нашай медыцынскай установе правялі капітальны рамонт, і яна поўнасцю змяніла ўнутранае і знешняе аблічча: памяняліся не толькі сцены, але і начынне стала сучасным, прыгожым і якасным.

Усе гэтыя 28 гадоў, што жыву на Астравеччыне, адзіным маім месцам працы з’яўлялася кямелішкаўская бальніца. За гэты час змянілася не толькі яе наз­ва і статус – участковая бальніца была перапрафіліравана ва ўрачэбную амбулаторыю ўрача агульнай практыкі, іншым стала і медыцынскае абслугоўванне вяскоўцаў. Цяпер у амбулаторыі ёсць 7 ложкаў дзённага стацыянару і тыя, хто мае патрэбу, могуць, так бы мовіць, не адрываючыся ад хатніх умоў, атрымаць усе прызначаныя працэдуры, у тым ліку фізіятэрапеўтычныя: у нас ёсць апарат УВЧ, ультрагук, парафіналячэнне, электрафарэз, інгалятар. Ды і кансультацыі вузкіх спецыялістаў сталі больш даступнымі: мы падключаны да сістэмы тэлемедыцыны. Нават калі хвораму першапачаткова трэба з’ездзіць на прыём да ўрача ў раённую паліклініку, затым усе прызначэнні мы выконваем на месцы, а калі трэба, то і дадатковыя кансультацыі спецыялістаў ажыццяўляем ў відэафармаце. Нават не верыцца, што не так даўно пра падобнае мы чыталі ў фантастычных раманах.

Сёння ў амбулаторыі я – адзіны ўрач. Пасля рэарганізацыі прайшла спецыялізацыю і ўзначаліла наша медыцынскае падраздзяленне. За столькі гадоў работы ўсіх жыхароў Кямелішак і наваколля ведаю не толькі па дыягназах, а і па асаблівасцях характару, ладу жыцця. Сямейны доктар – так мяне часам называюць і гэтак я сама сябе адчуваю. Дзеці, за якімі калісьці назірала, ужо самі становяцца бацькамі і прыводзяць да мяне на прыём сваіх малышоў – гэта так радасна і прыемна.

З 1 жніўня ў нашай амбулаторыі з’явіў­ся памочнік урача, малады спе­цыя­ліст Дзіяна Трыбоцкая. Наша кямелішкаўская дзяўчына закончыла медыцынскі каледж і вярнулася працаваць у родную вёску, цяпер яна зможа падмяніць мяне ў выпадку неабходнасці. Радуе, што ў вясковай медыцыне расце не толькі тэхналагічны патэнцыял – да нас прыходзяць маладыя кадры, здольныя працаваць на сучасным абсталяванні. Значыць, будзем жыць!




Подписывайтесь на телеграм-канал «Гродно Медиа Group» по короткой ссылке t.me/GrodnoMediaGroup
Телеграм-канал «Гродно Медиа Group» - это ежедневные новости районов Гродненской области и города Гродно.


Текст: Нина Рыбик