27 тур конкурсу «Пазнай Астравеччыну»

08:47 / 24.07.2020
Заданне 27 тура для большасці канкурсантаў аказалася складаным – толькі сямёра ўдзельнікаў далі правільныя адказы. Як шчыра напісала Марына Кімса, «…думала, што гэты этап конкурсу я пра­пушчу. Шукала ў інтэрнэце, распытвала сяброў і знаёмых – безвынікова. Але знайшоўся чалавек, дзякуй яму вялікі, які падказаў правільны адказ». Ну што ж, цудоўна, што ёсць людзі, якія ведаюць пра Астравеччыну калі не ўсё, то вельмі шмат – і добра, што дзякуючы гэтаму конкурсу, пра не вельмі вядомыя, але цікавыя мясціны раёна маюць магчымасць даведацца ўсе, для каго неабыякава гісторыя і культура роднага краю. 

Магчыма, канкурсантаў увялі ў зман яўныя прыкметы навадзелу на здымку – як гэта ні парадаксальна, з руінамі разабрацца прасцей. 

Але ў крыніцы Святога Якуба, якая знаходзіцца ў вёсцы Тракелі, у адрозненне ад многіх іншых помнікаў архітэктуры, культуры, гісторыі, больш шчаслівы лёс. Крыніца з цудадзейнай вадой у савецкія часы была страчана, здавалася, беззваротна, – але дзякуючы старанням многіх нераўнадушных людзей, сапраўдных патрыётаў сваёй малой радзімы, яна зноў дорыць гаючую ваду кожнаму падарожніку. Пра яе гісторыю, уздым, заняпад і адраджэнне расказвае сёння ў артыкуле Казімір Варановіч. Калі хто хоча не проста больш даведацца пра крыніцу, а напіцца з яе і стаць удзельнікам штогадовага фэсту, можа завітаць у Тракелі 25 ліпеня. 

1.jpg





Да слова, ёсць надзея, што крыніца Святога Якуба стане адным з пунктаў міжнароднага паломніцтва, прысвечанага гэтаму каталіцкаму святому, шлях якога пройдзе ад Беларусі да Іспаніі. Але гэта пакуль толькі планы і мары, якім, як вядома, уласціва збывацца.

Што тычыцца конкурсу, то большасць удзельнікаў бралі звесткі пра крыніцу Святога Якуба ў публікацыі «Астравецкай праўды» 2012 года, прысвечанай яе адкрыццю. Толькі ў Ванды Вайшнаровіч інфармацыя, як правіла, з уласнага досведу і не вельмі шырока разрэкламаваных у інтэрнэце крыніц. Дарэчы, Ванда Міхайлаўна расказала нам не толькі пра тракельскую цудадзейную кры­ніцу – яна паведаміла і іншыя цікавыя факты. Да прыкладу, тое, што хоць у Беларусі крыніц вельмі шмат, дакладную колькасць іх не можа назваць ні адзін даведнік, але асвечаных у гонар святых усяго каля 200. На Астравеччыне ж толькі 3 крыніцы носяць імя святых апекуноў: быстрыцкая, асвечаная ў гонар святога Яна; у Дубку, якая носіць імя Маці Божай Несупыннай Дапамогі; Святога Якуба ў Тракелях. Назву сваю тракельская кры­ніца, па меркаванні Ванды Міхайлаўны, атрымала ад імя гаспадарчага баярына Якуба Сташкавіча, на землях якога і забіла з-пад зямлі вада.

На гэты раз правільныя адказы далі Ванда Вайшнаровіч – 2 балы, Кацярына Вараб’ёва – 3, Жанна Волк-Леановіч, Алег Драган, Ганна Мілашэвіч, Марына Кім­са, Вікторыя Іванцэвіч – па 4.

Чацвёрка лідараў не змянілася: на першым месцы Алег Драган, у якога 82 балы, на другім – Марына Кімса, якая адстае на 2 балы, у Жанны Волк-Леановіч і Ганны Мілашэвіч – па 76.


Дзе гэта, што гэта?

2.jpg



Нагадваем: далучыцца да конкурсу можна з любога этапу. Калі вы ведаеце, дзе гэта і што гэта, – дасылайце свае адказы, расповеды і фотаздымкі.

Адказы на пытанні конкурсу можна дасылаць у рэдакцыю па электроннай пошце ці паведамляць па тэлефонах: 2-03-64, 7-08-44, +375-29-328-75-99 на працягу пяці дзён (з улікам выхадных і святочных) пасля выхаду газеты з заданнем (да аўторка ўключна).


Подписывайтесь на телеграм-канал «Гродно Медиа Group» по короткой ссылке t.me/GrodnoMediaGroup.

Телеграм-канал «Гродно Медиа Group» – это ежедневные новости районов Гродненской области и города Гродно.



Текст: Нина Рыбик