26 тур конкурсу «Пазнай Астравеччыну»

08:53 / 17.07.2020
«Знайсці адказ на заданне гэтага тура аказалася не так проста, як здавалася напачатку, – зазначыла адзін з лідараў нашага конкурсу Марына Кімса. – Фотаздымкаў сядзібы ў Каменцы шмат, а вось інфармацыю па гісторыі маёнтка давялося збіраць літаральна па крупінках. З нецярплівасцю буду чакаць выхаду газеты, каб больш даведацца пра гэты ўнікальны будынак».  

Падобна, з такімі ж цяжкасцямі сутык­нуліся і некаторыя іншыя ўдзель­нікі. Хоць пазналі маёнтак у Каменцы амаль усе, дакладна расказаць пра будынак удалося не кожнаму.

2.jpg



Былая панская сядзіба ў Каменцы – увасабленне вядомай прыказкі: што маем – не захоўваем, страціўшы – плачам: яшчэ не так даўно, на памяці старэйшага пакалення, ён быў «жывым» – цяпер жа бачым руіны. 

3.jpg



Як расказалі найбольш дасведчаныя і дапытлівыя ўдзельнікі конкурсу, Каменка, якая ў 1558 годзе звалася маёнткам Камяніцкае, з’яўлялася ўласнасцю Паўла Каспаравіча Астравіцкага, у 1567 – уласнасцю Марціна Тамашавіча Чэрапко, а праз год перайшоў у сумесную ўласнасць гаспадарскага  маршалка Паўла Астравіцкага і яго брата Эразмуса. 



Дарэчы, пастаянны і найбольш дасвед­чаны ўдзельнік конкурсу Ванда Вайшна­ровіч выказала слушную версію, што назва Астраўца пайшла менавіта ад прозвішча Астравіцкіх, а не ад слова «востраў», як прынята лічыць, бо, па-першае, ніякага вострава рэчкі і рачулкі, што агінаюць наша паселішча, не ўтвараюць, а, па-другое, легенда гэтая, як і многія іншыя, з’явілася не так даўно дзякуючы багатаму мастацкаму ўяўленню творчых асоб.

У 1577 годзе маёнтак Камяніца ў Аш­мян­­­скім павеце – уласнасць Стані­слава  Паў­лавіча Астравіцкага, які ён, не маючы дзяцей, запісаў хворай малодшай сястры  Соф’і і перадаў у апеку сваёй жонцы Настассі Мацееўне Агінскай. 

4.jpg



У 1865 годзе Каменка перайшла ва ўласнасць памешчыкаў  Лакуцеўскага і Ляшчынскага. Сядзіба, нават у рэштках якой угадваецца былая веліч і прыгажосць, была пабудавана ў 1856 годзе.  

Адразу пасля вызвалення Астравецкага раёна ад немцаў, 13 ліпеня 1944 года ў былым маёнтку адкрылася раённая бальніца. У 1961 годзе яна пераехала ў Астравец, а ў Каменцы адкрылі туберкулёзную бальніцу, пазней – тэрапеўтычнае аддзяленне.

5.jpg


Калі ж лячэбныя ўстановы цалкам былі пераведзены ў раённы цэнтр, будынак некалькі разоў мяняў уласніка і паступова прыходзіў у заняпад. Да нашых часоў захаваліся руіны панскага дома, флігель, сыраварня і рэшткі колішняга парка. Цяпер маёнтак у прыватнай уласнасці – хочацца верыць, што ўладальніку хопіць энтузіязму, сіл і сродкаў, каб адрадзіць колішнюю прыгажосць.

Правільна адказалі на пытанне конкурсу і атрымалі 1 бал Наталля Тумаш і Дзмітрый Шмялёў, Наталля Азара­ва. Дапоўніла адказ падрабязнай інфар­ма­цыяй пра гісторыю маёнтка і яго ўла­дальнікаў Ванда Вайшнаровіч – у яе 2 балы. Па 3 балы атрымалі Святлана Ма­розава, Марына Кімса, Кацярына Ва­раб’ё­ва, Андрэй Ваўчок. Максімальна магчымыя 4 балы запісалі на свой раху­нак Ганна Мілашэвіч, Алег Драган, Вікто­рыя Іван­цэвіч і Жанна Волк-Леановіч.

Лідзіруе ў конкурсе па-ранейшаму Алег Драган, у якога 78 балаў, на другім месцы – Марына Кімса з 76 баламі, на трэцім Ганна Мілашэвіч і Жанна Волк-Леановіч – у іх па 72.


Дзе гэта, што гэта?

IMG_3389 Задание на 27 тур.jpg



Нагадваем: далучыцца да конкурсу можна з любога этапу. Калі вы ведаеце, дзе гэта і што гэта, – дасылайце свае адказы, расповеды і фотаздымкі.

Адказы на пытанні конкурсу можна дасылаць у рэдакцыю па электроннай пошце ці паведамляць па тэлефонах: 2-03-64, 7-08-44, +375-29-328-75-99 на працягу пяці дзён (з улікам выхадных і святочных) пасля выхаду газеты з заданнем (да аўторка ўключна).

Текст: Нина Рыбик
Видео: Екатерина Воробьёва