Уладзімір Буракоў быў прадстаўлены да звання Героя Савецкага Саюза – і не ведаў пра гэта

10:08 / 02.07.2020
474
Уладзімір Платонавіч Буракоў за подзвігі, здзейсненыя ў красавіку 1945 года, быў прадстаўлены да звання Героя Савецкага Саюза. Але ўзнагародзілі яго 19 мая 1945 года не ордэнам Леніна і «Залатой Зоркай», а ордэнам Славы ІІІ ступені, які герой так і не атрымаў…

Бураков001.jpgУладзіміра Платонавіча памятаюць бадай што ўсе жыхары старэйшага пакалення. У 1965 годзе, пасля аднаўлення Астравецкага раёна, яго накіравалі сюды другім сакратаром райкама партыі. Праз дзесяць гадоў, у 1975-м, прызначылі дырэктарам СШ №1 г.п. Астравец, якую ён узна­чальваў дваццаць гадоў. Затым нейкі час працаваў старшынёй раённага Савета дэпутатаў. Стаяў ля вытокаў стварэння новай грамадскай арганізацыі – раённага савета ветэранаў вайны і працы, амаль 10 гадоў з’яўляўся яго старшынёй.

Але не ўсе астраўчане ведалі пра тое, што юнацтва Уладзімі­ра Пла­тонавіча было апалена вайной. Нарадзіўся ён у 1925 годзе ў вёсцы Сухавінцы Слуцкага раё­на Мінскай вобласці. Калі пачалася вайна, сям’я Бураковых, у тым ліку і 17-гадовы Валодзя, пайшла ў партызанскі атрад імя М. Астроўскага брыгады імя Суворава Мінскага партызанскага аб’яднання. Пасля вызвалення Беларусі Ула­­дзіміра Платонавіча пры­звалі ў дзеючую армію: ён ваяваў у складзе 444-га стралковага палка 108-й Бабруй­скай дывізіі. 

Біяграфію Уладзіміра Буракова можна знайсці ў раённай кнізе «Памяць». Там жа ёсць інфармацыя пра яго ўзна­га­роды: медаль «За адвагу», два ордэны Чырвонай Зоркі, ордэн «Знак Пашаны», які ён атрымаў ужо за поспехі ў працы. Толькі вось звесткі гэтыя няпоўныя: не ўзгадваецца ордэн Айчыннай вайны ІІ ступені – яго Уладзімір Платонавіч, як і іншыя ветэраны Вялікай Айчыннай вайны, якія мелі баявыя ўзнагароды, атрымаў у 1985 годзе, да 40-годдзя Перамогі. І галоўнае – там няма ні слова пра ордэн Славы ІІІ ступені. 

Зрэшты, вінаваціць укла­даль­нікаў кнігі «Памяць» не варта: падобна, і сам Буракоў не ве­даў, што яго прадстаўлялі да звання Героя Савецкага Саю­за і ўзнагародзілі га­лоў­ным сал­дац­кім ордэнам – ва ўсякім выпадку, былыя ка­легі і паплечнікі Уладзіміра Пла­тонавіча, з кім давялося размаўляць, у адзін голас сцвяр­джаюць, што ён ніколі не гава­рыў пра гэта. 

Звесткі  пра неатрыманыя ўз­на­гароды адшукаў не так даўно на адкрытым сайце «Памяць народа» сакратар раённага савета ветэранаў Вале­рый Ламека. Прычым там змеш­ча­ны не толькі пералік баявых ордэнаў і ме­далёў, але і ўзнагародныя лісты. 

Партызана Уладзіміра Бу­ра­ко­ва прызвалі ў дзеючую ар­мію ў ліпені 1944 года – а ўжо 25 каст­рычніка таго ж года ўз­на­га­родзілі медалём «За ад­вагу». 

Першы ордэн Чырвонай Зор­кі чырвонаармеец Буракоў ат­­ры­­­маў у лютым 1945 года. 

«У наступальных баях па прарыву абароны пра­ціў­­ніка, праведзеных пал­­ком у перыяд з 14 па 30.01.1945 года тав. Бу­ра­коў паказаў высокія ўзоры муж­насці і сама­ахвярнас­ці. Грэбую­чы аса­­бістай не­бяс­пекай, часта пад агнём ворага ён ліквідоўваў па­рывы тэлефоннай лініі, чым за­бяспечыў беспера­бой­ную сувязь каманда­ван­ня  з дзеючымі пад­раз­дзя­леннямі, забяс­пе­чыў кіраванне боем. Дастой­ны ўзнагароджання ордэнам Чырвоная Зорка – такую характарыстыку ва ўзнагародным лісце чырвона­ар­мейцу Буракову даў каман­дзір 444-га стралковага палка гвардыі падпалкоўнік Авілаў. (Тут і далей пераклад на беларускую мову аўтара – Н.Р.)

Менш чым праз месяц, 18 красавіка 1945 года, тэле­фаніст Уладзімір  Буракоў быў узнагароджаны яшчэ адным ордэнам Чырвонай Зоркі за подзвігі, здзейсненыя ў перыяд 23.03.1945 – 28.03.1945.

І вось наступіў красавік 1945 года. Вынік вайны прадвызначаны. Але ад таго яшчэ су­праціўленне ворага было яшчэ больш жорсткім. І так страшна загінуць, калі да Пера­могі засталіся лічаныя дні…

Чытаем узнагародны ліст. «16.04.1945 года палку была пастаўлена баявая задача фарсіраваць рукаў ракі Одэр, выбіць немцаў з астравоў міжрэчча і замацавацца на востраве для далейшага фарсіравання заходняга русла ракі. З першай штурмавой групай для ўстанаўлення сувязі быў пасланы таварыш Буракоў. Праціўнік, жорстка супраціўляючыся, вёў ураганны артылерыйскі, мінамётны і ружэйна-кулямётны агонь на групе, што перапраўлялася праз раку. Нягледзячы на суцэльны лівень агню і смяротную небяспеку, смельчакі працягвалі перапраўляцца на лодках. Тав. Буракоў у такіх выключна складаных умовах правёў тэлефонную лінію і ўстанавіў сувязь з камандаваннем, падтрымліваючы яе бесперабойна  пры неаднаразовых парывах лініі. Задача была выканана бліскуча. Полк замацаваўся на востраве» 

Мінула чатыры дні. «20.04.1945 года полк фарсі­раваў заходні рукаў ракі Одэр. Зноў у першай штурмавой групе знаходзіўся тав. Буракоў, пракладваючы сувязь праз раку. Праціўнік, замацаваўшыся ў жалезабетонным устоі моста, прыстасаванага пад дот, вёў непасрэдны прамы агонь з усіх відаў зброі. Абстаноўка была выключна складная. Група смельчакоў усё ж высадзілася на заходнім беразе ракі, штурмам завалодала дотам і замацавалася, забяспечыўшы далейшую пераправу пяхоты. 

Падчас пераправы тав. Бу­ракоў быў паранены, тэле­фаністы, што наводзілі сувязь разам з ім, таксама былі паранены, але тав. Буракоў працягваў выконваць пастаўленую перад ім задачу. Камандзір батальёна, уба­чыўшы, што тав. Буракоў паранены, прапанаваў яму адпраўляцца на ўсходні бераг ракі, але тав. Буракоў, ведаючы, што, акрамя яго сувязь трымаць няма каму, застаўся каля апарата і забяспечыў бесперабойнае кіраванне боем, што забяспечыла выкананне агульнай складанейшай задачы».

За сухімі радкамі ўзнага­род­нага ліста, надрукаванага праз сінюю капірку, паўстае і той самы смяротны лівень, які палівае смельчакоў, што спрабуюць пераправіцца на другі бераг чужой ракі, і малады паранены тэлефаніст, які трымае сувязь – бо больш няма каму… 

НАградной лист.jpg



За подзвігі пры фарсіраванні Одэра Уладзімір Платонавіч Буракоў, камандзір аддзялення тэлефоннага ўзвода роты сувязі 444-га стралковага Чырвона­сцяжнага палка 103-й стралковай Бабруйскай ордэна Леніна дывізіі быў прадстаўлены да звання Героя Савецкага Саюза – і загадам ад 19 мая 1945 года ўзнагароджаны ордэнам Славы ІІІ ступені.

Але да таго часу вайна ўжо закончылася, і для ўсіх, хто сустрэў Перамогу, галоўнай узнагародай было тое, што яны засталіся жывымі. Буракову трэба было яшчэ даслужваць тэрміновую службу: гады, што ваяваў у партызанах і на фронце, у залік не ішлі. Дэмабілізаваўся ён толькі ў 1948 годзе. Закончыў Мінскі педагагічны інстытут,  Вышэйшую партыйную школу. Працаваў на розных пасадах у камсамольскіх і партыйных органах. З 1965 года ён – астраўчанін.

– Вядома, я памятаю Уладзі­міра Платонавіча, – гаворыць Ігар Прусакоў. – А мая жонка Іна ведае сям’ю Бураковых яшчэ лепш: яна вучылася ў політэхнічным інстытуце з іх дачкой Святланай, разам на кватэры жылі. Мы і цяпер падтрымліваем стасункі – Святлана ў Астраўцы жыве ў бацькоўскім доме. Я ж сябраваў з сынам Уладзіміра Платонавіча Валерам – ён, дарэчы, быў вельмі падобны да бацькі. Ваенны, даслужыўся да падпалкоўніка – на жаль, рана пайшоў з жыцця. Уладзімір Плато­навіч быў другім сакратаром райкама партыі, калі мяне зацвярджалі загадчыкам арганізацыйнага аддзела райкама камсамола. Канешне, я глядзеў на яго знізу ўверх: аўтарытэт!

– Гэта быў незвычайны чалавек і кіраўнік, – успамінае былая настаўніца беларускай мовы літаратуры СШ №1 Ядвіга Шаблінская. – Мы ж былі за ім, як за каменнай сцяной, маглі звярнуцца і з бядой, і з радасцю. Калі здараўся нейкі інцыдэнт, разбіраўся з тым, хто правініўся, сам-насам, ніхто пра гэта не ведаў ні ў школе, ні тым больш за яе парогам.

– Я мала працавала з Ула­дзі­мірам Платонавічам, гады два, – дзеліцца ўспамінамі аўтар кнігі пра гісторыю СШ №1 Ларыса Мартынава. – Для мяне ён – эталон савецкага настаўніка і дырэктара школы – мудрага, інтэлігентнага, далікатнага. Дырэктар толькі аднойчы прысутнічаў у мяне на ўроку – і, сам гісторык, за тры хвіліны адзначыў усе памылкі, якія дапусціла я, настаўніца пачатковых класаў. Уладзіміра Платонавіча я заўсёды ўспамінаю ў кабінеце з газетай «Правда» ў руках, пад партрэтам Ушынскага – дарэчы, цудоўная карціна алеем, не ведаю, куды яна падзявалася.

– Бацька амаль нічога не расказваў пра вайну, – успа­мінае дачка Уладзіміра Платонавіча Святлана Уснарская. – Увогуле не любіў гаварыць на гэтую тэму. Хіба што калі-небудзь да слова прый­дзецца… Я думаю, ён не ведаў, што яго прадстаўлялі да звання Героя – ніколі пра гэта не чула. 

Уладзімір Платонавіч памёр у 2004 годзе, так і не даве­даўшыся, што за подзвігі пры фарсіраванні Одэра ён узна­га­роджаны ордэнам Славы. Нашмат пазней, калі былі рассакрэчаны архівы Вялікай Айчыннай вайны і з’явіўся сайт «Памяць народа», дзе можна знайсці інфармацыю пра ўдзельнікаў вайны, яго ўнук Максім, які цяпер жыве ў Маладзечна, адшукаў звесткі пра подзвіг дзеда. 

Высокая ўзнагарода так і не знайшла героя пры жыцці… Але не толькі сям’я – землякі таксама павінны ведаць і памятаць, з якім чалавекам жылі і працавалі побач. 

Вялікі дзякуй Валерыю Ламеку, што дапамог закрыць яшчэ адну белую пляму ў гісторыі Вялікай Айчыннай вайны.



Подписывайтесь на телеграм-канал «Гродно Медиа Group» по короткой ссылке t.me/GrodnoMediaGroup.

Телеграм-канал «Гродно Медиа Group» – это ежедневные новости районов Гродненской области и города Гродно.


Текст: Нина Рыбик
Оставить комментарий
Текст сообщения*
Защита от автоматических сообщений