60-е, 70-е, 80-е, 90-е и «нулевые» – о своей молодости рассказали представители этих поколений

12:13 / 26.06.2020
Пра моду на прычоскі і адзенне, папулярныя песні і фільмы, сродкі сувязі і баўленне вольнага часу карэспандэнт «АП» распытаў у прадстаўнікоў розных пакаленняў. Умоўны ўзрост, да яго вярталіся ўспамінамі, прыкладна 20 гадоў. 

Крысціна Шостак, в. Стрыпуны: 

– Якая там была мода ў 60-х – насілі, што было! Пера­шывалі са старога адзення. Тады модныя былі жанжэты – такая лёгкая слізкая тканіна і штапель. Сукенкі да калена шылі, пышныя. Спадніцы рабілі з клінамі, калі пад іх адзявалі блузку, то абавязкова запраўлялі яе. У хлопцаў уборы таксама невялікія былі: кашуля, кофта і штаны клёш, а вось касцюмы мала хто меў – іх толькі багацейшыя маглі сабе дазволіць.

Дзяўчаты плялі косы, не закручвалі, роўненькімі насілі, і шоўкавую вузенькую стужку ўпляталі.

Любімая забава моладзі 60-х – танцы, іх ладзілі па суботах і нядзелях па чарзе ў кожнай з навакольных вёсак: адзін тыдзень – у адной, другі –  у другой. Гарманіста свайго ў нашай вёсцы не было, таму прывозілі з суседніх, частавалі. Помню, Журэйка з Драўнэляў граў, потым з Кямелішак чалавек. Танцавалі факстрот, вальс, польку, падыспань. Любілі спяваць: «Расцветали яблони и груши», «Вот кто-то с горочки спустился», іншыя жыццёвыя песні. А яшчэ раз ці два на месяц кінамеханік прывозіў фільмы ў вёску, загадзя вывешвалі афішу. Кіно круцілі ў нашай хаце: зносілі лавы, вешалі на сцяну экран – белую прасціну, ставілі праектар. Квіток на сеанс каштаваў 5-10 капеек. Паказвалі  ваенныя стужкі, а яшчэ  «Весёлые ребята».

1.jpg



Што тычыцца сродкаў сувязі, то пра тэлефоны і размовы не вялося –  свету ў хатах не было! Пісьмы пісалі, паштоўкі на святы слалі, асабліва шмат – на Новы год. Так і стасаваліся.    

Валерый і Галіна Багдановічыг. Астравец: 

IMG_3646.jpg



– У дзяўчат 70-х была ў модзе стрыжка «пад хлопчыка» – пазней яна стала  называцца мадэльнай. А яшчэ стрыгліся «пад гаўрош»: зверху кароткія валасы, а ззаду доўгія, да плеч. Модна было рабіць высокія ўкладкі, завіўкі. На жалезныя бігудзі валасы круцілі на ноч, каб раніцай прычоска гатовая была.

Хлопцы стрыгліся «пад канатку» – коратка. Але насілі і доўгія валасы. Мы, вясковыя, гэтай моды не разумелі і моцна не любілі доўгавалосых. Праўда, пазней я (Валерый) і сам адгадаваў валасы. 

У моду пайшлі балоніевыя па­доў­жаныя курткі, плашчы, паясы на якіх мы завязвалі вузлом назад, – іх насілі і хлопцы, і дзяўчаты; нядоўгія прыталеныя кажухі, пальчаткі.

У хлопцаў штаны клёш – і чым шырэйшыя. А знізу на штаніны падшывалі расшпіленую палову засцежкі-«маланкі». Неад’емная частка гардэробу – світары-гольфы і яркія квяцістыя кашулі з вялікім каўняром. 

Дзяўчаты таксама штаны клёш насілі, спадніцы клёш і адразныя са складкай. Сукенкі заўсёды ў мяне былі кароткія. У 70-х пачалі ўваходзіць у жаночую моду штаны. Помню, папрасіла іх у мамы, а бабця мая як узнялася: «Сатана толькі ў штанах ходзіць!» А ў 73-м годзе ў Літве сталі выпускаць боты-панчохі. Такі ажыятаж на іх быў! 

Мы родам з Якентан, таму раскажам, як адпачывала наша моладзь. Вольны час быў толькі з вечара суботы і нядзеля. Танцы рабілі навакольныя вёскі па чарзе, у якой не было клуба – ладзілі ў самай вялікай хаце. Хлопцы ездзілі дамаўляцца з музыкантамі – сабіралі па рублю, каб ім заплаціць. Звычайна гэта быў Мішка Раткоўскі з Трайгоў,  Гэнюсь Герасім са Снігянаў і Казік, прозвішча яго не памятаю, з Солаў, здаецца.  Гралі на гармоніку, на дудцы, а Казік яшчэ на барабане-талерцы ўмеў. Дзяўчаты  накрывалі стол, хлопцы  прыносілі па бутэльцы. Танцавалі да гадзін пяці раніцы. Рабілі перапынак каля 24.00, каб пакарміць музыкантаў і самім перакусіць. На вячэру ішла толькі тая моладзь, вёска якой прымала танцы.  Не было, каб напіваліся ці доўга сядзелі. Прышлая моладзь таксама перакусвала – на вуліцы. На танцы сабіраліся яшчэ і  вясковыя бабы – як зоймуць лаўкі, моладзі сесці не было дзе. Але яны вытрымлівалі толькі да гадзін дзесяці і разыходзіліся – вось тады ў нас пачынаўся сапраўдны адпачынак! Мы на танцы звычайна хадзілі ў Ажуройсці, Свіршчызну, Кавалі, Дайлідкі, Варакуншчызну, Снігяны і Валэйкавічы. Па-рознаму дабіраліся: пешшу, на матацыклах, на машыне. А ў  тыя Валэйкавічы зімой на гусенічным трактары ездзілі: падчаплялі прычэп, пад’язджалі да калгаснага стога, накідвалі саломы, усе мелі з сабой посцілкі – і напрасткі ў вёску. 

IMG_3645.jpg



А ў нядзелю – на прыроду: на паляну – называлася гаювка альбо на Бурлацкую бухту – гэта месца ля Новых Якентанаў, яны раней мелі назву Бурлакі. Бралі з сабой скваркі, цыбулі, агурка, бутэльку, вогнішча распальвалі і сядзелі. На школьнай пляцоўцы летам у футбол гулялі,  зімой – у хакей.

Папулярныя песні былі  «Ах, мамочка, на саночках», «Эти глаза напротив», «У солдата выходной», слухалі «бітлоў». Танцавалі польку, вальс – хлопцы асабліва чакалі дамскі, шэйк… Спярша хлопцы і дзяўчаты паасобку танцавалі – у кожнага быў свой круг, а потым ужо сыходзіліся.

Любілі глядзець  «Четыре танкиста и собака», «Генералы песчаных карьеров», фільмы з Луі дэ Фюнэсам. Што па тэлевізары глядзелі, што – у кінатэатры. 

У той час на ўсю вёску было толькі два тэлефоны – на пошце і ў канторы. Кантора не зачынялася, там быў вартаўнік, таму кожны, каму трэба было патэлефанаваць, мог прыйсці туды. Але часцей пісалі лісты, адпраўлялі паштоўкі родным і сябрам на ўсе святы!

Іван Чахрач, аг. Варона: 

Іван Чахрач.jpg



– У 80-х мы насі­лі «ва­ронкі», курткі джын­савыя, красоў­кі – іх куплялі на кір­машы ў Вільнюсе. 

Хлопцы насілі пы­ш­­ныя прычоскі, на ма­кушцы і паты­лі­цы  па­кідалі даў­жэй­шыя валасы. Некато­рыя за­віўкі рабілі, фар­ба­­валіся… Начосы на­бівалі і фіксавалі іх цукровай вадой. 

Я працаваў у Новай Вільні і жыў у за­вад­скім інтэрнаце. Туды часта прыносілі відэамагнітафон і паказвалі фільмы-стра­шылкі. Уваход каштаваў рубель. У кіна­тэат­ры хадзілі. Памятаю на «Любовь и голуби» чарга даўжэзная стаяла, на сеанс не ўсім квіткоў хапала. А калі да­моў, у Карвэлі, прыязджаў, на танцы ў клуб хадзіў, музыку тады круцілі дзе на бабінных магнітафонах, а дзе ўжо і касетныя меліся. Але гэта калі вяселляў у наваколлі не было. А так – дзе вяселле, там і дыскатэка. Вялікімі кампаніямі хадзілі. Танцавалі ра­зам з гасцямі пад хатай, дзе свята спраўлялі. У такія выхадныя клубы пуставалі. 

Іван Чахрач 80-я.jpg



Што тычыцца музыкі, асабіста я любіў шансон – падабаліся песні Уладзіміра Асмолава. А так гурт «Мираж» запальваў, «Ласковый май» з’явіўся.

Са сродкаў сувязі пару тэлефонаў было на вёску. Лісты пісалі. З нашай мясцовасці шмат хто калі не працаваў у Літве, то ездзіў туды за прадуктамі, таму сустракаліся з аднавяскоўцамі часта і прывітанні родным праз  іх перадавалі, ды і прыязджалі дамоў амаль кожны тыдзень. 

Наталля Бялячыцаг. Рымдзюны: 

Наталля Бялячыц.jpg



– Аддавалі перавагу джынсам роз­на­га фасону і колеру:  бар­вовы, белы, ры­жы... Спартыўныя кас­цю­мы фірмаў «Адзі­дас» і «Пума» – гэта былі не са­праўдныя брэнды, усяго толькі кустарны пашыў. Але ж лэйба! У модзе была скура – вырабы з гэтага матэрыялу і сёння цэняцца.  

Прычоска? Асабіста я насіла і  цяпер нашу доўгія валасы і грыўку. 

Кожныя выхадныя мы бавілі час на дыс­катэках. У канцы 90-х мая сям’я пераехала на Астравеччыну, і я стала хадзіць у варнянскі клуб – здавалася, што лепшай і круцейшай дыскатэкі быць не можа. Танцавалі пад песні Dr. Alban, гуртоў «Руки вверх», «Дэмо», «Краски», «Стрелки», «Комиссар» і іншых выканаўцаў. Дарэчы, многае з таго, што слухалі мы, сёння мае сучасную апрацоўку.

Наталля Бялячыц 90-я.jpg



А фільмы: «Богатые тоже плачут», «СПРУТ», «Просто Мария», «Твин Пикс», «Ди­кий ангел» – аж дух займала! І, нягле­дзячы на тое, што ўжо былі дарослымі, гулялі на прыстаўцы «Дэндзі», у тэтрыс… 

У пачатку 2000-х з’явіліся пэйджары. Потым ужо пайшлі мабільныя. А да гэтага мы стасаваліся праз пісьмы і хатнія тэлефоны – яны таксама  былі не ва ўсіх. Але самае цікавае: на спатканні ці  сустрэчы мы не спазняліся. 

Добры быў час. А ўвогуле любая пара жыцця цудоўная – галоўнае толькі мець мэту, ісці да яе і не забывацца на звычайныя чалавечыя каштоўнасці. 

Данута Тумкевіч, г. Астравец: 

Тумкевіч Данута.jpg



Пачатак 2000-х – гэта час майго студэнцтва. У модзе былі кароткія стрыжкі, укладзеныя ззаду віхурам. Мне яны падабаліся, але такую не зрабіла, бо раніцай хацелася даўжэй паспаць, а не стаяць перад люстэркам.

На вучобу ездзіць было даволі далёка, з перасадкамі, таму апраналася зручна і практычна. У школьныя часы за ўборамі хадзілі на астравецкі рынак і ездзілі на вільнюскі «Гарунай». І калі з’яўляліся навінкі – то хутка іх набывалі ўсе. 

Вольны час бавіла з сябрамі: у Астраўцы – пасядзелкі на вуліцы да раніцы, а ў сталіцы – паходы ў кіно і заняткі спортам. У сту­дэнцт­ве яшчэ пісала вершы.  Любіла вёс­ку – і цяпер тут часам адпачываем ад цыві­лізацыі. Незабыўнымі засталіся пешыя пілігрымкі ў Тракелі і работа ў летніх лагерах.

Тумкевіч 2000-я.jpg



Музыку слухала ў залежнасці ад настрою: «Девчонки полюбили не меня» гурта «Лепрыконсы», «Веретено» – «Алісы», «Моё сердце» – «Спліна», «Половинка» – «Танцы мінус», кампазіцыі Дэцла і «Касты», да гэтага часу любимая песня «Боже, какой пустяк» Аляксандра Іванова. З замежных слухала  гурт «Бон Джові», Пінк, Шакіру, Эраса Рамаззоцці, Араша.

Сярод фільмаў мне больш падабаліся камедыі.  Але і іншыя фільмы глядзела: «Ночь в музее», «Такси», «Брат», перагле­дзела серыялы «Дальнобойщики» і «Не родись красивой» – Пушкарову глядзець цяпер не вытрымала б. 

Першым мабільным у мяне быў «Сіменс МЕ 45». Помню, выбірала паміж двума тэлефонамі гэтай маркі, нават артыкул на цэлы аркуш у часопісе пра іх прачытала – характарыстыкі па сучасных мерках былі вельмі сціплымі.


А чым была адметная ваша маладосць, паважаныя чытачы? Дзяліцеся фотаздымкамі і ўспамінамі ў суполках нашай газеты ў сацыяльных сетках пад гэтым артыкулам.


Подписывайтесь на телеграм-канал «Гродно Медиа Group» по короткой ссылке t.me/GrodnoMediaGroup.

Телеграм-канал «Гродно Медиа Group» – это ежедневные новости районов Гродненской области и города Гродно.


Текст: