Бядняк знайшоў скарб. Як ён ім распарадзіўся?

10:17 / 03.06.2020

Разные житейские истории – веселые и грустные, поучительные и «ни о чем» – вы можете присылать нам на обычную (Островец, ул. Энгельса, 2А) или электронную ostrov_red@tut.by почту, воспользовавшись баннером «Предложить новость» на главной странице сайта ostrovets.by в правом нижнем углу или оставив сообщение в группах «Островецкой правды» в социальных сетях.

Ваши истории будут опубликованы на сайте газеты и в социальных сетях, а лучше – напечатаны на страницах «Островецкой правды».

1.jpg


Спачатку прытча.

Ішоў Хрыстос з апосталамі па зямлі. Стаміліся яны і папрасіліся на начлег да бага­тага чалавека. Той не пусціў запыленых, стомленых пада­рожнікаў у хату, адправіў іх у ха­лодны сыры падвал. Настаўнік,
заўважыўшы дзірку ў яго сцяне, усю ноч замазваў яе глінай, каб і знаку не было.

На другую ноч у другой вёс­цы падарожнікі папрасіліся на­нач да бедняка – той прыняў іх, як дарагіх гасцей: накарміў, чым меў, паклаў спаць на сваю пасцель. А ранкам у таго чала­века пала карова – малыя дзеці засталіся без малака.

«Як Ты мог? – накінуліся на Збаўцу вучні, калі яны пакінулі гасцінны дом. – Ты дапамог багатаму і сквапнаму – і не ўратаваў адзіную карміліцу ў  сям’і гасціннага бедняка! Дзе ж Твая справядлівасць?»

«Прабачце, што не расказаў вам усё адразу. У сцяне падва­ла сквапнага багацея быў за­мураваны гаршчок з залатымі манетамі, пра які ён не ведае, і я замазаў дзірку, каб ён не знайшоў скарб – хай дастанецца
таму, каму гэта больш патрэбна. А ў дом бедняка сёння ноччу прыйшла Смерць, каб забраць гаспадыню. Я ўсю ноч прасіў яе не рабіць гэтага, і яна ўзяла ка­рову».

А цяпер выпадак з жыцця.

Антось у вёсцы слыў дзіваком. Жыў бабылём, пенсію атрымліваў нядрэнную, бо ўсё жыццё пра­цаваў на трактары. Але хадзіў абарванцам: у залатаных штанах, засаленых расцягнутых свэтрах, світках з чужога пляча. У магазіне купляў усё самае таннае і па мінімуму: хлеб, малако, кільку, не ленаваўся пайсці ў суседнюю вёску ў краму, дзе батон быў на пару капеек таннейшы, чым у іх аўталаўцы, і мог чакаць да самага
вечара, пакуль яго прывязуць. На кпіны і жарты аднавяскоўцаў увагі не звяртаў, моўчкі пасміхаўся ў сівы вус.

Зімой, калі мала работы, вя­сковыя мужыкі любілі збірацца ў Антося – пагуляць у карты, пагаманіць, калі і бутэлечку выпіць: ніхто не бурчыць, што ў хаце папяросы смаляць, у бо­тах па чыстай падлозе тэпаюць,
глупствам займаюцца замест таго, каб справу якую зрабіць.

Адно было дрэнна ў гэтай хаце: надта ж холадна.

123.jpg



– Чаму ты ніколі печ не паліш? – пыталіся мужыкі ў Антося. – Калі дроў не маеш, то мы будзем прыносіць па абярэмку. Як мож­на жыць у такой халадэчы?

– Не трэба дроў, – заўсёды адмаўляўся ад дапамогі сусед. – Мне не холадна, я прывычны. А печку гэтую нельга паліць, яна няспраўная, пажар можа стацца.

Мужыкі паціскалі плячыма: нам што, табе тут жыць, мы пару гадзін неяк ператрываем.

Так і пражыў Антось усё жыц­цё: не сагрэўся, не пад’еў у смак, не знасіў адзежыны ў радасць… І памёр раптам, нікому рук не заваліўшы.

Хаваў яго пляменнік – іншай радні ў бабыля не было. Грошай у нябожчыка не знайшлі, хоць і падазравалі, што недзе яны павінны быць – некуды ж дзяваў ён свае колішнія немалыя зар­платы і пенсію. Але пляменнік, хоць і жыў небагата, пяцёра дзяцей гадаваў, не паскупіўся, хораша пахаваў дзядзьку: кас­цюм новы купіў, труну прыго­жую, памінкі справіў – усё як мае быць.

– Дзядзька пры жыцці ва ўсім сабе адмаўляў – хай хоць на той свет, як чалавек, пойдзе, – так патлумачыў ён сваё, як многія палічылі, марнатраўства.

Лядашчая хаціна, у якой жыў Антось, пасля яго смерці таксама дасталася пляменніку. Толку з гэтай спадчыны было мала, жыць там не было як. Адзінае, на што рашыўся пляменнік – разабраць печ, каб са старой цэглы скласці печку ў новай хаце, якую пачаў будаваць для сваёй вялікай сям’і.

Сталі разбіраць – і знайшлі дзядзькаву хованку! А там… Столькі грошай не тое што пля­меннік – ніхто ў вёсцы ў вочы не бачыў! Антось усё, што за­рабляў, складваў. Каму, наво­шта, як збіраўся распарадзіцца
грашыма – таго ніхто не ведаў, ды ўжо і не даведаецца.

Пляменнік доўга не мог па­верыць, што гэты скарб – яго­ны. Але вяскоўцы пераканалі, што раз дзядзька хату завяшчаў пляменніку, то ўсё, што ў ёй, – таксама яго.

З раптам прываліўшага ба­гацця мужчына пабудаваў дзве хаты – сабе і маці, якая даводзілася сястрой «падполь­наму» мільянеру. Паставіў на яго магіле прыгожы помнік. І заказаў за спачын яго душы імшу на цэлы год – палічыў, што толькі так ён можа аддзячыць за нечаканую дапамогу.

…«Назад кінеш – наперадзе знойдзеш», – казалі некалі мудрыя людзі. І што кінеш – тое і знойдзеш. Часта – прымножанае шматразова…
Текст: Главный администратор
Фото: из интернета