О детских играх, любимых игрушках и вкусняшках рассказали представители разных поколений

13:09 / 29.05.2020
Самая шчаслівая пара ў жыцці чалавека – дзяцінства. Бо твае мары не выходзяць за межы рэальнасці – іх карэктуе толькі час. Бо цябе робіць шчаслівым новая цацка ці ласунак – альбо  няшчасным пачутае ад бацькоў «не куплю». Бо кожны, хто гуляе разам з табой, сябар – і не істотна, ведаеш ты яго даўно ці толькі што пазнаёміўся. 

Кажуць, кожнае пакаленне адрознае ад папярэдняга і інтарэсы дзяцей, да прыкладу, 80-х не параўнаць з пакаленнем «нулявых». Гэта мы і паспрабавалі высветліць у размове з жыхарамі раёна пра любімыя гульні, цацкі і ласункі дзяцінства.

2010-я

Маргарыта Красевічв. Петра­шышкі: 

Маргарыта Красевіч 2.jpg



–  Люблю складваць мазаікі, гуляць у даміно і шашкі – мяне старэйшая сястрычка навучыла, я ў яе часта выігрываю. Яшчэ з сяброўкамі гуляем у хованкі, даганялкі і «рызіначку» – яна ў кожнай дзяўчынкі ёсць.
З любімых цацак у мяне мяккія сабака і мядзведзь. Яны вялікія! А яшчэ ў мяне ёсць лялька. Яе можна апранаць, мы з мамай ёй сукенку пашылі.

Больш за ўсё я люблю шакаладны торт – яго можна купіць у магазіне – і лімонны напітак, дакладней любы газіраваны ліманад са смакам лімона.

2000-я

Георгій Драздоўаг. Міхалішкі: 

Георгій Драздоў.jpg



–  Мая сям’я жыла ў Гродне. Хованкі – напэўна, галоўная гульня дзяцінства. Мы збіраліся кампаніяй у 8-12 чалавек і хаваліся ў двары. Добра, што месцаў, дзе можна зацішыцца, было шмат: кусты, дрэвы, прыгоркі… А яшчэ днямі навылет я прападаў на стадыёне – гуляў са старэйшымі хлопцамі ў футбол. Дзякуючы гэтаму, ужо з пачатковых класаў выступаў за зборную школы і часта ўдзельнічаў у спаборніцтвах.

Любімымі цацкамі заўсёды былі машынкі, асабліва металічныя! Я іх калекцыяніраваў і таму калі ішоў з бацькамі па магазінах, часта вяртаўся з новай мадэлькай. А потым увесь свой «аўтапарк» аддаў пляменніку. 

Самым смачным ласункам былі цукеркі ў шакаладзе «Кароўка люкс» і гарбата з мятай, якая расла ў дзядулі на агародзе.

1990-я

Анастасія Мінаковаг. Астравец: 

Анастасія Мінакова 2.jpg



– Гаворачы пра дзяцінства, адразу ўзгадалася вуліца – найперш гульні з суседскай «братвой». Больш за ўсё мы любілі рабіць буданы. Такая сумесная дзейнасць вучыла нас не толькі прытрымлівацца правілаў калектывізму, яна яшчэ выхоўвала самастойнасць і развівала фантазію: чаго мы толькі ні будавалі!

Што тычыцца любімай цацкі – гэта плюшавае качаня Чубчык, якое адразу заняло пачэснае месца побач з маёй падушкай. Яго мне на пяць гадоў падарыў хросны бацька.  Цацку так назвала не я – імя было напісана  на этыкетцы і вельмі ёй  адпавядала: у качаняці быў пушысты чубок, які я любіла прычэсваць.  

Неяк я закаціла істэрыку з-за адсутнасці ў хаце цукерак і пячэння, а маці, ушчуваючы мяне за распешчанасць і капрызы, сказала, што ў яе дзяцінстве не было нічога смачней за просты батон, змочаны ў вадзе і пасыпаны цукрам. Я пакаштавала – і сапраўды гэты «бутэрброд» быў асаблівым! Яго смак памятаю і цяпер.

1980-я

Святлана Лазарэвічв. Альхоўка: 

Святлана Лазарэвіч.jpg



– Ой, мы шмат у што гулялі! У «кла­сікі»: чарцілі на асфальце крэйдай квадрацікі, упісвалі ў іх літары альбо лічбы, кідалі каменьчык – і скакалі то  на адной назе, то на дзвюх… А яшчэ «рызіначка» – у кожнага свая была, стараліся купіць, каб колерам адрознівалася ад іншых. Скакалі і паасобку – кожны сам за сябе гуляў, і па парах. Часам выбіралі «капусту» – гэта запасны ігрок, які ў выпадку няўдачы асноўных ігракоў мог скокнуць за іх, каб тыя не прапусцілі свой ход. І ў карты гулялі: звычайны дурак, паддавала; «туалет» – яго стараліся рабіць хісткім, каб  выцягваючы з-пад нізу карты, хутчэй разбурыць – на чыім ходзе ўпаў, той «праваліўся» ў туалет…

Рабілі са сшыткаў анкеты, размалёўвалі іх і давалі запаўняць сябрам, аднакласнікам, знаёмым. Акрамя адказаў на пытанні, трэба было напісаць пажаданне, верш для гаспадара гэтай анкеты. 

Ласунак дзяцінства – гэта цукровыя пеўні на палачцы, марожанае «Пламбір» і бананы. Канешне ж, хлеб, намочаны ў вадзе і пасыпаны цукрам, заўсёды з ім беглі на вуліцу – і як адзін вынесе, так усе астатнія бягуць дамоў, каб зрабіць сабе такую ж смакату. Думаю, многія ўзгадаюць віленскія прысмакі: каўбасу «Доктарскую» і хлеб «Паланга». Ну і, вядома, польскія жуйкі «Дональдс» – па-першае, з  іх надуваліся вялікія пульхіры, па-другое, карцінкі-ўкладышы якія прыгожыя былі! 

Узгадалася і наша колішняя сталоўка для рабочых «Вецярок», што працавала пры кардоннай фабрыцы. Пасля ўрокаў мы любілі туды заходзіць, каб паесці, як дарослыя, бралі першае, другое і трэцяе. Праўда, нас адтуль бацькі часта ганялі, але мы ўсё адно праціскаліся. Там прадавалі смачнае печыва, шакаладныя цукеркі і шакаладкі «Аўрора» – яна рубель каштавала. Я ў сталоўцы заўсёды купляла булачку –  карміла бяздомнага сабаку.

З маёй любімай цацкай гулялі і мае дзеці – гэта Чабурашка. Ён быў карычневага колеру з жоўтымі знутры лапкамі і брушкам, а носік у яго быў трохкутнічкам. Я з ім не расставалася. Яшчэ помню былі мяккія  жоўты ослік і карычневы сабака. І купленая бацькамі ў Літве лялька Рута – не малыш, а дзяўчына-мадэль. У яе былі мяккія рукі, таму яе зручна было апранаць. Але найчасцей мы гулялі з папяровымі лялькамі, якіх рабілі самі. Сшытак, кожны аркуш якога складваўся напалову, быў гардэробнай, па яе «шафках» складвалі спадніцы, кофтачкі, сукенкі – усё гэта старанна малявалі, выстрыгалі, падглядалі адна ў адной мадэлі.  

1970-я

Андрэй Букельг. Астравец: 

Андрэй Букель.jpg



– Мы з хлопцамі любілі гуляць у рыцараў: рабілі драўляныя мячы, дзяліліся на два ор­дэны – і ішлі ад­ваё­ў­ваць тэрыторыю. Каля будынка старой міліцыі была горка – вось за яе мы і змагаліся: адны нападалі, а другія абаранялі. У хованкі гулялі. І ў «мінус пяць»: малявалі на плоце вароты, куды павінны былі забіць гол. Калі мяч трапляў у іншае месца, з яго ігрок павінен быў пацэліць у «вароты». А вось калі пяць разоў прамазваў – то атрымліваў выспятак.

Спярша любімай цацкай для мяне быў трохколавы веласіпед – я з ім не расставаўся, пакуль аднойчы не праваліўся ў люк, заехаўшы ў лужыну.  Так маё велааматарства скончылася і на змену яму прыйшлі салдацікі – алавяныя і з пластмасы.  Мы з сябрамі выносілі іх на вуліцу, рабілі ў пяску акопы, крэпасці, умацаванні – і расстаўлялі кожны сваё войска. А затым перасоўвалі салдацікаў, адпраўляючы такім чынам у наступленне,  дапамагалі сваім воінам змагацца: кідалі ў ворага  каменьчыкамі. Ну і, безумоўна, адна з абавязковых хлопчыкавых цацак – пісталет! Помню, у мяне быў на пістонах – здавалася, амаль як сапраўдны. А калі зламаўся, то я вымаў пістоны і «дастрэльваў», стукаючы па іх камянём.

З ласункаў найсмачнейшымі для мяне былі цукеркі «Залаты ключык», ліманады «Дзюшэс» і «Бураціна», а таксама кукурузныя палачкі – імі ў колішнія часы быў завалены магазін «Дзяжурны» (потым «Івушка», цяпер «Родны кут». – Заўв. аўт.). Праўда, адным паяданнем палачак справа не заканчвалася. Мы клалі камяні ў пустыя пачкі, кідалі іх на дарогу і, схаваўшыся, выглядалі: аб’едзе веласіпедзіст гэту «ляльку», выкручваючы васьмёркі, ці праскочыць праз яе.

1960-я

Ганна Алексеявец.jpgГанна Алексеявец, в. Чэхі: 

– Я родам з Украіны, у нашай мясцовасці скрозь горы былі. Дык мы з іх летам на жываце каталіся – ляжам і, адпіхваючыся, першым стараемся спусціцца. Як галовы не паскручвалі?! А зімой – на санках альбо лыжах! Іх тата рабіў – і нам, і суседскім дзецям. З сяброўкамі скакалі ў «рызіначку», у «класікі» гулялі, але гэта рэдка. У маёй вёсцы толькі чатыры дзяўчынкі было – астатнія хлопцы, таму часцей даводзілася гуляць у іх гульні: у вайну, хованкі, хакей – клюшкі самі рабілі, пра куплёныя і размовы не было. На веласіпедах каталіся – прыйдзеш пасля гэтых забаў увесь абдзёрты, а ўсё адно шчаслівы. Памятаю, як хадзілі ў горы ў хованкі гуляць: скажам хлопцам, што пайшлі хавацца, а самі дахаты – тыя шукаюць… На наступны дзень атрымлівалі ад іх на гарэхі!  Была ў нас яшчэ гульня з веласіпедным колам: станавіліся па абодва бакі ад яго – і палкамі ці жалезнымі штырамі, пераймаючы адзін у аднаго, кацілі па дарозе. Але забавы ў нас пачыналіся толькі пасля таго, як паробім усё, што бацькі наказалі: у хаце прыбраць, намыць бульбы ў саганы, травы свінням нарваць – за ёй далёка трэба было ісці, дроў зімой нанасіць, а летам торф дапамагчы нарыхтаваць, у ягады-грыбы схадзіць – цяжка працавалі. Але пасля работ на вуліцу ляціш і нічога не баліць.   

З цацак? Якія там цацкі асабліва былі: мама мне ляльку пашыла – вочкі і носік у яе былі з гузічкаў, пару сукенак у дадатак зрабіла. Асабліва там уборы ніхто не рабіў лялькам – як гулялі: укручвалі іх у хустку і насілі. Некаторыя рабілі лялек з хусцінак. З куплёных цацак ваўчок  адзін на ўсю вуліцу быў – яго мая бабуля з Саратава прывезла.

Любілі падвесіць на шнурок кошык – кшталту люлькі зрабіць, і катоў, закручаных у анучу ці хустку туды пакласці і калыхаць. І цярпелі тыя жывёліны, не ўцякалі.

З прысмакаў дзяцінства помняцца цукеркі  «Рамонак», «Тарас Бульба», глазураваны гарошак і цукровыя пеўнікі – іх бабуля прывозіла з царквы. А далікатэсам для нас, малых, быў трыбух, напхнёны мясам – яго, падсушаны, маці брала на бульбакапанне…



Подписывайтесь на телеграм-канал «Гродно Медиа Group» по короткой ссылке t.me/GrodnoMediaGroup.

Телеграм-канал «Гродно Медиа Group» – это ежедневные новости районов Гродненской области и города Гродно.


Текст: