Куды знікае гісторыя?

17:09 / 18.05.2020
Дзіўная ўсё ж рэч – гісторыя…

IMG_4054.jpg

Бываючы на экскурсіях у мя­сці­нах, дзе кожны прыдарожны камень захоўвае памяць пра дотык каваных ботаў ці босых ног знакамітых людзей; чытаючы ў гістарычных раманах знакамітых людзей дыялогі і маналогі, я заўсёды здзіўлялася, як экскурсаводы-пісьменнікі да­слоўна пераказваюць, што ска­заў Мікалай Радзівіл Сіротка таму ці іншаму госцю – нібыта самі прысутнічалі пры размове. Адкуль яны ведаюць, хто каго кахаў, хто каму здраджваў і хто ад каго нараджаў, – стагоддзі ж прайшлі, а экспертызы ДНК тады яшчэ не рабілі.
І яшчэ большым было маё здзіў­ленне, якое адначасова выклікала, прабачце за скептыцызм, недавер да дэталёва перададзеных падрабязнасцяў спраў даўно міну­лых дзён, калі я ўшчыльную занялася перадваеннай і пасляваеннай гісторыяй Астравеччыны – прынамсі, той яе часткай, што тычыцца раённай газеты, і адлюстраваных на яе старонках падзей і людзей. Гэта ж было зусім нядаўна, нейкіх семдзесят-восемдзесят га­доў таму, яшчэ жывыя некаторыя сведкі ці хоць бы іх дзеці – а ўсё пакрытае калі не непранікаль­ным змрокам, то смугою, за якой мала што можна разгледзець. З немалымі цяжкасцямі нам удалося адшукаць тых, хто ведаў першых дэпутатаў Вярхоўнага Савета БССР Маланню Жыліс і Вікенція Падаліса. А пра многіх, хто жыў і працаваў у той час на Астравеччыне, так і не ўдалося даведацца падрабязней.
Цікава, чаму так? Доўга і пакутліва разважаючы над гэтым пытаннем, я прыйшла да несуцяшальнай высновы: мы лянуемся. Лянуемся шукаць, лянуемся пісаць… Нам здаецца: тое, што адбываецца сёння, не вартае ўвагі. А калі вартае, то мы ўпэўнены: бу­дзем помніць пра гэта заўсёды!
Так і ўзнікаюць белыя плямы ў гісторыі сем’яў, арганізацый, тэрыторый. А потым з’яўляюцца энтузіясты, якія цаной неймаверных намаганняў імкнуцца запоўніць гэтую пустэчу імёнамі, датамі, фактамі.
З такіх – Ларыса Мартынава. Ветэран педагогікі зрабіла сапраўды тытанічную працу – і сабрала пад адной вокладкай усе дакументы і сведчанні відавочцаў, якія ўдалося адшукаць на той час. І ў 2018 годзе пры фінансавай падтрымцы райвыканкама выдала дакументальную кнігу «История Островецкой средней школы №1». Пасля гэтага нейкі час здавалася, што белых плям у гісторыі першай школы не засталося.
Але ніколі не гавары «Ні­ко­лі!», тым больш у пытаннях ад­наўлення гісторыі. Справа гэ­тая наколькі захапляючая, на­столькі і непрадказальная: паця­гнуўшы за тоненькую нітачку, можна разблытаць цэлы клубок з фактаў, падзей, імён.
Ларыса Аляксандраўна, даве­даў­шыся, што рэдакцыі ўдалося адшукаць першыя сем нумароў раённай газеты «Большэвіцкі арганізатар», прыйшла ў рэдакцыю з палаючымі вачыма: пакажыце! Можа, там ёсць нешта пра школу? У нас жа няма ніякіх звестак пра даваенную адукацыю!
А калі ў «Астравецкай праў­дзе» з’явілася тэматычная рубрыка «Гісторыя газетным радком», пасля кожнага яе выхаду былая настаўніца прыходзіла ў рэдакцыю: ёй хацелася даведацца, што з таго, што тычылася сістэмы адукацыі ўвогуле і яе роднай першай астравецкай школы (на той час – адзінай!), не ўвайшло ў га­зетны агляд. Вядома ж, рэдакцыя дзялілася з Ларысай Аляксандраўнай  матэрыяламі, што ўдалося здабыць у Нацыянальнай бібліятэцы.
І вось выдадзены дадатак да вы­шэйзгаданай кнігі – «От сорок первого до пятьдесят пер­вого. Островецкая школа на страницах районной газеты». Канешне, гэта не кніга, а звычайны «самвыдат» – але ад таго каштоўнасць звестак, што сабраны пад ламініраванай вокладкай, не страчваецца. Ларыса Мартынава прааналізавала, пра што пісала перад- і пасляваенная «раёнка», не пакінула без увагі ніводнай заметкі, у якой ішла размова пра астравецкую школу ў прыватнасці і адукацыю раёна ўвогуле, ніводнага прозвішча. Жанчына знайшла нямала цікавых звестак – пра першы піянерскі касцёр, дзейнасць школьных пляцовак, першую школьную спартакіяду – шмат чаго, што сёння стала звыклым ці нават здаецца састарэлым, пачыналася ў тыя гады і мела прыстаўку «першы».
Захапляючыся работай, якую зрабіла Ларыса Марты­нава разам са сваімі памочнікамі Зояй Куркуль і Алай Каржанок, я адначасова здзіўляюся іншаму: больш ніхто не звярнуўся ў рэ­дакцыю за дапамогай у ад­наўленні звестак пра свой калгас, вёску, сельсавет, прадпрыемства. Чаму? Нецікава? Усё ведаем? Няма часу? Ці, як сказала адна з калег, «не дараслі яшчэ да гісторыі»?
Але ж, калі дарасцём, можа быць позна. Нядаўна ў рэдакцыю звярнулася жанчына, якая хацела з дапамогай журналістаў аднавіць памяць пра свайго бацьку, ветэрана вайны: пакуль ён быў жывы, не да таго было, тады дачка яшчэ «не дарасла». А потым раптам стала позна… 
Жыццё чалавека такое кароткае, а памяць такая ненадзейная… Беззваротна сыходзяць людзі, якія ведалі і маглі б расказаць, і застаюцца толькі абрыўкі іх успамінаў.  З якіх, падфарбаваныя пісьменнікамі і журналістамі на свой густ, і з’яўляюцца тыя самыя «дакладныя звесткі», якія потым будуць фігурыраваць у кнігах і расповедах экскурсаводаў. 
Таму – запісвайце! Бо напі­са­нае – застаецца…




Подписывайтесь на телеграм-канал «Гродно Медиа Group» по короткой ссылке t.me/GrodnoMediaGroup
Телеграм-канал «Гродно Медиа Group» - это ежедневные новости районов Гродненской области и города Гродно.


Текст: Нина Рыбик