Медсестра – это звучит… Как?
08:21 / 12.05.2020
Сёння яны, як і ўсе медыкі, – на перадавой барацьбы з пандэміяй каронавіруса. І літаральна на некалькі хвілін перад пачаткам чарговай напружанай змены мы адарвалі ад выканання сваіх абавязкаў медыцынскую сястру перавязачнага кабінета хірургічнага аддзялення Алесю Рогач і паставую медсястру інфекцыйнага аддзялення ЦРКБ Алёну Граеўскую, каб задаць ім некалькі пытанняў.
– Як і чаму вы абралі прафесію медыцынскай сястры?
Алеся Рогач:
– Калі шчыра, то і не думала, і не марыла. У дзяцінстве хацела быць настаўніцай пачатковых класаў, як бабуля Яўгенія Іванаўна Рабкоўская. Мама потым гаварыла, што бабуля, калі б дажыла, была б радая, што я пайшла ў медыцыну…
Закончыла Рытанскую школу, паспрабавала паступіць у вну – не атрымалася. А ў Мінскі медыцынскі каледж з маім балам атэстата прымалі без экзаменаў – туды і пайшла. Так выпадкова абрала для сябе справу жыцця – і ніколькі не шкадую.
У хірургічным аддзяленні таксама апынулася выпадкова. Размеркавання ў 2004 годзе, калі я заканчвала каледж, не было, у нашай бальніцы сказалі, што вакансій няма. Збіралася ехаць у Гомель – там абяцалі работу лабаранта, але літаральна напярэдадні патэлефанавалі з Астраўца: вызвалілася месца паставой медсястры ў хірургічным аддзяленні. І вось ужо шаснаццаць гадоў, з двума перапынкамі на дэкрэтны адпачынак, я тут. Спачатку працавала паставой, тры апошнія гады – у перавязачным кабінеце.
Алёна Граеўская:
– Я з дзяцінства марыла стаць урачом і мэтанакіравана рыхтавалася да паступлення ў медыцынскі ўніверсітэт. Але не атрымалася… Каб не губляць час, пайшла ў Гродзенскі медыцынскі каледж.
На размеркаванні нас амаль усіх адправілі ў Астравец. Маніць не буду: з кабінета, дзе засядала камісія, выйшла ў слязах. Гэта можна зразумець: нарадзілася і вырасла ў Верцялішках, што пад Гродна, там – усе: бацькі, сябры, родныя, блізкія. І раптам – невядомы Астравец недзе на краі свету!
Але шок гэты прайшоў хутка: тут нас добра сустрэлі, усіх забяспечылі жыллём. Астравец аказаўся сімпатычным утульным гарадком. Калектыў інфекцыйнага аддзялення, куды мяне накіравалі працаваць, проста цудоўны! Так што прывыкла даволі хутка.
– Назва вашай прафесіі складаецца з двух частак: «медыцынская» – сфера дзейнасці, гэтаму вучаць у каледжах, а «сястра» – слова вельмі роднае, цёплае… Вы сапраўды адчуваеце сябе сястрой для людзей, якія на нейкі час становяцца вашымі падапечнымі?
Алеся Рогач:
– Канешне! Хворым жа не менш за лячэнне патрэбны ўвага, догляд, клопат, асабліва людзям ва ўзросце – ім хочацца, каб іх выслухалі, падтрымалі, паспачувалі ці падбадзёрылі. Так што даводзіцца быць яшчэ і псіхолагам.
Алёна Граеўская:
– Веданне ўсіх медыцынскіх аспектаў – не самае галоўнае, ва ўсякім выпадку, гэта не адзінае патрабаванне да медсястры. Трэба са спачуваннем і міласэрнасцю адносіцца да хворых, якія становяцца тваімі падапечнымі. У кожнага пацыента свой характар, і да кожнага трэба знайсці падыход.
– Памятаеце першае самастойнае дзяжурства?
Алеся Рогач:
– Як сёння! Было вялікае паступленне – дванаццаць чалавек. Ой, баялася… Добра, што будні дзень, панядзелак, усе работнікі на месцы. Дапамаглі працэдурная медсястра – тады ў нас працавала Святлана Кеда, іншыя калегі. Справілася!
І калі пераходзіла ў перавязачны кабінет, таксама хвалявалася, нібы ў першы раз ішла на работу – хоць, здавалася б, усё ўжо ведаю і ўмею.
Мядсёстрам шмат дапамагаюць санітарачкі. Тыя, што даўно працуюць, у нейкіх пытаннях могуць і падказаць, і параіць. Мне ў свой час вельмі дапамагла светлай памяці Ганна Кузьмітовіч. У перавязачным кабінеце працавалі разам з Ганнай Часнойць – такі светлы, добры чалавек, шкада, што ад нас перайшла ў райЦГЭ…
Алёна Граеўская:
– Баявое хрышчэнне? Канешне – гэта ж было не так даўно, 1 жніўня мінулага года.
Было вельмі страшна, што нешта зраблю не так. Рукі калаціліся, сэрца – яшчэ больш. Тэлефанавала ўсім, чый нумар быў у спісе кантактаў, – пытала, раілася, прасіла парады. І ніхто не адмовіў!
Самым цяжкім быў першы месяц, затым з’явілася ўпэўненасць у сваіх сілах.
…А потым прыйшоў каронавірус, і наша аддзяленне – на перадавой. Спачатку баяліся захварэць, падчапіць заразу і некага інфіцыраваць. Але калі ведаеш гэты вірус у твар і па характары, то ўсё становіцца не такім і страшным. Ёсць пэўны алгарытм дзеянняў, ты робіш, што патрэбна, – і страх адступае. Адзінае, што дахаты цяпер не езджу: хоць і захоўваю ўсе меры перасцярогі, але ж з’яўляюся патэнцыяльнай крыніцай небяспекі – не хачу падвяргаць рызыцы родных.
– Ці здараліся выпадкі, калі хацелася змяніць прафесію ці хоць бы месца працы?
Алеся Рогач:
– Ніколі! Хоць і прыйшла ў медыцыну выпадкова, але, як пазней зразумела, вельмі люблю сваю работу! Калі была ў дэкрэтным адпачынку, паступала некалькі прапаноў змяніць род дзейнасці, але я іх нават не разглядала. У нас цудоўны калектыў, усе – ад загадчыка аддзялення да санітаркі – як адна сям’я. Я не тое што ў іншую сферу – у іншае аддзяленне не перайшла б!
Адзінае, калі нарадзіла трэцяе дзіця, то пакінула пост: усё ж з малымі дзецьмі сутачныя дзяжурствы, работа ноччу, у выхадныя – цяжкавата. Але калектыву свайму не здраджваю!
Алёна Граеўская:
– Я яшчэ вельмі мала працую, каб расчаравацца ў прафесіі. Наадварот: хочацца даведацца як мага больш, навучыцца ўсяму. Хоць некаму, магчыма, здаецца, што работа ў медсястры лёгкая – раздавай сабе таблеткі ды стаў уколы, але гэта не так. Трэба многае ведаць і ўмець.
Адзінае, што я пакуль не развіталася з дзіцячай марай стаць урачом. Але для паступлення ў медыцынскі ўніверсітэт трэба шмат займацца, а часу не хапае.
Зрэшты, і прафесія медсястры мне вельмі падабаецца.
– А дзецям сваім ці параілі б ісці ў медыцыну?
Алеся Рогач:
–Так, напэўна… Канешне, гэта вельмі цяжка. Гляджу, як працуюць нашы хірургі, і шчыра спачуваю іх жонкам: яны мужоў амаль не бачаць.
З іншага боку, гэта вельмі высакародная і патрэбная прафесія – людзей ратаваць, вяртаць ім здароўе. І для сям’і карысна мець свайго ўрача ці хоць бы медсястру.
Алёна Граеўская:
– Дзяцей у мяне пакуль няма. А вось малодшую сястрычку, шасцігадовую Дзіяну, калі яна некалі захоча стаць медсястрой і спытае маёй парады, адгаворваць не стану. Толькі растлумачу, што медыцыну трэба любіць – без гэтага цяжка вытрымаць выпрабаванні, які непазбежна ўзнікнуць.
Подписывайтесь на телеграм-канал «Гродно Медиа Group» по короткой ссылке t.me/GrodnoMediaGroup.
Телеграм-канал «Гродно Медиа Group» – это ежедневные новости районов Гродненской области и города Гродно.