Казаноўка, маленькая вёска з вялікай гісторыяй
13:26 / 27.04.2020
Знаходзіцца яна побач з вёскай Клюшчаны, праз яе ішла дарога ў Швянчоніс, былы павятовы цэнтр, да якога належалі бліжэйшыя населеныя пункты і дзе ў 1905 годзе заканчваў школу наш слынны зямляк Казімір Сваяк і многія яго сябры.
Казаноўшчызна стаіць амаль што на мяжы з Літвой. Кругом раскінуліся маляўнічыя лугі і лясы. Непадалёк знаходзіўся чыгуначны паўстанак Рудня, размешчаны паміж буйнейшымі станцыямі Гелядня і Печкарышкі. Тут рабіў прыпынак дызель-цягнік Вільнюс-Дзіджасаліс. Зарасла сцежка, па якой доўгім цугам, несучы сумкі з гарадскімі гасцінцамі, весела, з жартамі, абганяючы адзін аднаго, спяшаліся «віленскія» на выхадныя да бацькоў. У нядзелю, у другой палове дня, можна было назіраць тую ж карціну – але ўжо ў зваротным накірунку. Даўно няма станцыі, разабралі чыгунку, а колькасць тых, хто чакае родных з Літвы, скарацілася амаль што да нуля…
Гістарычная даведка
Дата ўзнікнення вёскі дакладна невядома. Польскі тапаграфічны слоўнік падае звесткі пра яе, пачынаючы з 1866 года: 1-ая акруга паліцэйская. 20 км ад Свянцян. Дамоў – 6; католікаў – 45; жыдоў – 5.
Кніга «Памяць. Астравецкі раён» таксама змяшчае інфармацыю 19 стагоддзя: Казаноўшчызна – прыватная ўласнасць у Свянцянскім павеце Віленскай губерні, уваходзіла ў маёнтак Клюшчаны. У 1857 годзе рэвізскіх душ – 23. Уваходзіла ў Лынтупскую воласць і адносілася да Клюшчанскай сельскай грамады.
У пачатку 20 стагоддзя – у Аляксандраўскай воласці Свянцянскага павета Віленскай губерні.
1922 год – у складзе Польшчы,
З 1939 года – у складзе БССР. З 12.10.40 г. – у Клюшчанскім сельсавеце Свірскага раёна Вілейскай вобласці. З 03.04.1959 г. – у Спондаўскім сельсавеце, з 06.01.1965 г. – у Астравецкім раёне.
1913 год – 13 двароў, 64 жыхары.
1938 год – 13 двароў, 71 жыхар.
1970 год – 49 жыхароў.
2004 год – 9 двароў, 14 жыхароў.
2020 год – 2 двары, 2 жыхары.
Тапонім
У польскім варыянце назва вёскі гучала з націскам на перадапошнім складзе: Казаноўшчызна, у руска-беларускім – на сярэднім – КазанОўшчызна, у некаторых даведніках – Казаноўшчына, а ў народзе больш лаканічна і коратка – Казаноўка.
Калі цікавілася ў мясцовых жыхароў, што можа азначаць назва, то большасць з усмешкай адказвалі: «Хіба не зразумела? Новая каза!» Былі і такія, хто ўсур’ёз задумваўся аб паходжанні назвы. Жанна Срубіліна, для якой Казаноўшчызна – радзіма яе маці і дзядоў і сэрца якой моцна прывязана да гэтай вёскі, дзе стаіць дзедаў дом і дзе яна кожнае лета праводзіць адпачынак, прапанавала дзве версіі: ад слова «казан» – хтосьці іх тут мог рабіць, хаця наўрад ці: такі хатні посуд і яго назва не ўласцівы для нашай мясцовасці; а другая яе версія мне падабаецца больш – «новае казанне».
…Назва Казаноўшчызны адклалася ў маёй памяці з маленства, бо суседка з нашага засценка выйшла туды замуж. Было вяселле з музыкай, песнямі, танцамі. Мяне, маленькую, садзілі то на куфар, то на падушкі – пасаг, за які жаніх з дружынай мусіў даваць выкуп, і я назбірала поўныя кішэні цукерак. Радасці не было межаў: хацелася, каб вяселлі былі калі не кожны дзень, то хоць бы кожны тыдзень. Можа, дзякуючы гэтым яркім дзіцячым успамінам назва вёскі для мяне гучала весела.
А як толькі пазнаёмілася ў школе з творчасцю Пушкіна і даведалася імя «вечнага вандроўніка-сэрцаеда» італьянца Джакома Казановы, то вырашыла, што некалі ён наведаў наш край, і назва вёскі звязана з яго іменем. Гэтая рамантычная версія не пакідала мяне доўгі час. Як аказалася, я была непадалёк ад ісціны: у перакладзе з італьянскага Casanova – НОВЫ ДОМ.
Духоўнае жыццё
Жыхары Казаноўшчызны актыўна ўдзельнічалі ў жыцці парафіі. Асабліва дружна гуртаваліся вакол ксяндза Канстанціна Стэповіча (Казіміра Сваяка). У бытнасць ксяндза Лёнгіна Іванчына (1928-1937 гады) кожная вёска выбірала сабе заступніка і з абразамі і штандарамі ўдзельнічала ў працэсіях. Казаноўшчызна абрала сабе за патрона святога Казіміра – гэта яўна не выпадковасць, а знак павагі і памяці да Казіміра Сваяка, які быў тут частым госцем.
У 1948 годзе Клюшчанскі касцёл застаўся без пробашча: ксёндз Адам Вайцяхоўскі, папярэджаны, што яго збіраюцца арыштаваць, восем доўгіх пакутных гадоў хаваўся на хутары ў Ружаполі.
Пасля смерці Сталіна наступіла паслабленне ўціску веруючых. Людзі звярнуліся да ўладаў, каб адчынілі касцёл, ім пайшлі насустрач. У парафію прыслалі толькі што рэабілітаванага святара – на жаль, ніхто не памятае яго імя і прозвішча. Ванда Шурпіцкая з вёскі Гудалі ўспамінае, як амаль уся парафія з кветкамі хадзіла на чыгуначную станцыю Печкарышкі сустракаць ксяндза. Святар быў старэнькі, слабога, падарванага ў лагерах, здароўя. Многіх ён у той змрочны і небяспечны час даводзіў да Бога: даваў шлюбы, хрысціў дзяцей, адпраўляў вяскоўцаў у апошні шлях.
Касцёл адчыніць усё роўна не дазволілі, і ксёндз пасяліўся ў Казаноўшчызне ў адзінокай старэнькай жанчыны, дом якой стаяў на гары. Жанчыну гэтую празывалі Гаравушкай. Я доўгі час думала, што гэтая мянушка прыклеілася да яе за тое, што многа гора спазнала ў жыцці, а на справе аказалася, што з-за месцазнаходжання дома. У другой палове гэтага дома і пасяліўся старэнькі святар, там жа быў зроблены алтар і адпраўляліся службы. Мяне таксама хрысціў гэты добры ксяндзулька. Ён тады яшчэ сказаў маме: «Дзяўчынка будзе мець шмат кавалераў, бо хрысцілася між двума хлопчыкамі!»
Ніхто дакладна не памятае, калі выехаў гэты святар, толькі гаварылі, што прабыў у Казаноўшчызне шэсць гадоў, а калі занядужаў, то яго забралі святары са Швянчоніса, там жа ён памёр і пахаваны каля касцёла. Па другой версіі, яго забрала сястра ў Вільню і там пахавала. Цэлы год я трымала гатовы матэрыял пра Казаноўшчызну, спадзеючыся высветліць імя гэтага ратавальніка чалавечых душ, падключыла ўсіх знаёмых і незнаёмых у Швянчонісе, Вільні, знайшла амаль стогадовых бабулек з добрай памяццю, але… Усе яго памятаюць – а імя не ўспомніў ніхто. І таму мая асаблівая ўдзячнасць Галіне Ствол з вёскі Будрані, якая захавала фота гэтага святара, датаванае 1954 годам, і перадала мне. Людзі, хоць і не запомнілі імені, але памятаюць добрыя справы гэтага чалавека і, прачытаўшы гэты артыкул, нехта, напэўна ж, памоліцца за яго светлую душу. А можа – усё не губляю надзеі! – знойдзецца нехта, хто ўспомніць імя святара і паведаміць у «Астравецкую праўду».
Таленты Казаноўшчызны
У Казаноўшчызне, гэтай маленькай, прыгожай, у зеляніне садоў вёсцы нарадзіліся сапраўдныя патрыёты, таленавітыя, Богам пацалаваныя людзі. Успамінаецца, як Казімір Францавіч Хадорскі з Казаноўшчызны, калі расказваў пра Янку Быліну і Казіміра Сваяка, гаварыў, што менавіта тут нарадзіліся такія адданыя патрыёты сваёй Бацькаўшчыны, а ў Лакцянах і Баранях жылі людзі «на галаву вышэйшыя за іншых» – і пры тым сціпла прамаўчаў пра родную вёску.
Рамуальд Ракіцкі,
таленавіты мастак-самавучка, нарадзіўся ў 1899 годзе ў мнагадзетнай сям’і. У Казаноўцы яшчэ захаваўся дом, дзе жылі Ракіцкія.
Мастацкія здольнасці ў юнага самародка праявіліся рана. Спачатку ён алоўкам рабіў копіі кніжных ілюстрацый. Аднойчы намаляваў чалавека – і ўсе доўга разглядвалі, захапляліся падабенствам з арыгіналам. Потым узяўся за фарбы.
Першы заказ ён атрымаў ад яўрэйкі Залманіхі. Яна папрасіла намаляваць буйную грашовую купюру. Хлопец з лёгкасцю выканаў гэта заданне, ды так, што адрозніць ад арыгінала было цяжка. Калі хлопец пахваліўся сваімі поспехамі дома, то бацька, разумеючы, чым гэта можа скончыцца, строга перасцярог Залманіху, каб больш не падыходзіла з такімі прапановамі. Перапала і юнаму мастаку. Бацькаў наказ не спакушацца на такія прапановы ён запомніў на ўсё жыццё.
Найбольш вядомыя яго работы:
Абраз «Сэрца Пана Езуса», якому на працягу стагоддзя жыхары парафіі аддавалі хвалу і пашану, наведваючы клюшчанскі касцёл, на франтоне якога быў змешчаны гэты абраз. На вялікі жаль, гэту работу, як і «Езуса ў цярновай кароне», што быў змешчаны ля алтара Пана Езуса ў тым жа касцёле, пасля знішчальнага пажару мы можам убачыць толькі на фотаздымках.
«Святая Марыя Магдалена» – абраз з выявай пакутуючай грэшніцы Марыі Магдалены аўтар падарыў аднавяскоўцу Францу Хадорскаму. Зараз ён знаходзіцца ў Вільні ў яго ўнука Генадзя Хадорскага.
Партрэт сястры Ганны – адна з першых работ Рамуальда. На клюшчанскіх могілках побач з помнікам Рамуальду і яго бацькам знаходзіцца помнік Ганне Ракітчанцы, на якім змешчаны яе партрэт работы брата Рамуальда Ракіцкага.
Абраз святога Язафата Кунцэвіча быў напісаны па замове Казіміра Сваяка для галоўнага алтара засвірскага касцёла. Парафіяне з Засвіра расказвалі, што касцёл быў разрабаваны да шчэнту, і куды знік гэты абраз, ніхто не ведае.
Карціны «Канец свету» і іншыя, якімі былі аздоблены сцены, пахаваны пад руінамі засвірскага кляштара.
Рамуальд Ракіцкі памёр маладым, не паспеўшы стварыць сям’ю. Смерць сына падкасіла маці, і ў хуткім часе яна таксама пакінула гэты свет. Бацька, якому не проста было аднаму гадаваць сямёра дзяцей, ажаніўся зноў, з новай жонкай яны нарадзілі яшчэ дваіх. Першага з сыноў ад новага шлюбу Леанард назваў у гонар Рамуальда – і той унаследаваў не толькі імя, але і здольнасці брата: стаў мастаком у Польшчы.
Ва «Успамінах пра Казіміра Сваяка» яго брат Бярнард Стэповіч піша: «...Сябрам «Хаўрусу сваякоў» быў між іншымі Ракіцкі – вельмі здольны, малады, рана памерлы мастак. Памятаю вельмі прыгожыя каляровыя праграмы прадстаўлення. Некалькі такіх праграм доўга перахоўвалася ў бібліятэцы Кастуся, але згінула з усімі кнігамі падчас пажару ў Вільні, калі згарэла ўсё памяшканне».
Клімовіч, Ракіцкі былі не толькі аднавяскоўцамі, але аднадумцамі і сябрамі. Аб гэтым сведчыць удзел абодвух у «Хаўрусе» і тое, што нават псеўданімы іх падобныя: Альфіч (Адольф) і Роміч (Рамуальд).
Адольф Клімовіч,
пра якога Міхась Казлоўскі напісаў кнігу «Нашчадак слаўных крывічоў», – беларускі палітык, выдавец, публіцыст і арганіст.
Нарадзіўся ён у 1909 годзе. Бацька быў кавалём, маці служыла бонай у паноў Сволькенаў. Калі хлопчыку было чатыры гады, памёр яго бацька.
У 1916 годзе скончыў Свянцянскую павятовую школу. Ішла Першая сусветная вайна, і Адольф вярнуўся дадому, дзе адразу ж уключыўся ў грамадскае жыццё парафіі, увайшоў у «Хаўрус сваякоў», створаны пры клюшчанскім касцёле ксяндзом Казімірам Стэповічам. Скончыў падрыхтоўчыя настаўніцкія курсы, арганізаваныя ксяндзом, нейкі час працаваў настаўнікам беларускай школы, адкрытай у роднай вёсцы. У 1918 годзе пачаў працаваць у Вільні ў газетах «Гоман» і «Грамадзянін».
Быў знаёмы з многімі дзеячамі беларускай культуры: паэткай Наталляй Арсенневай, Браніславам Тарашкевічам, які прапанаваў Адольфу вучобу ў Чэшскім тэхнічным універсітэце ў Празе на факультэце сельскай і лясной гаспадаркі. Ён паспяхова скончыў гэту ўстанову ў 1928 годзе і, вярнуўшыся ў Вільню, стаў актыўным дзеячам Беларускай хрысціянскай дэмакратыі, выдаваў яе друкаваны орган «Беларуская крыніца». Напісаў кнігі на сельскагаспадарчыя і эканамічныя тэмы «Пясчанае золата», «Земляробчая кніжка», «Лекі на здзекі», «Культура і палітыка».
У 1952 годзе Адольф Клімовіч быў арыштаваны як «особо опасный белорусский буржуазный националист», яго адправілі ў Маскву, дзе падвяргалі страшэнным катаванням, а потым прыгаварылі да расстрэлу, які пасля смерці Сталіна замянілі на 25 гадоў лагераў у г. Інта Комі АССР.
У 1956 годзе спецыяльная камісія Вярхоўнага Савета СССР перагледзела справу Клімовіча – і не знайшла саставу злачынства. У 1957 годзе Адольф выйшаў на волю – хворы, але не зломлены духоўна. Да 1960 года працаваў арганістам у Барысаве, пасля – арганістам у Вільні.
Адольф Клімовіч памёр 27 кастрычніка 1979 года. Пахаваны на клюшчанскіх могілках побач з бацькам і маці.
Радавод Хадорскіх
Франц Хадорскі быў чалавекам адукаваным, перадавых поглядаў, карыстаўся павагай сярод вяскоўцаў. Ён часта дасылаў допісы ў беларускія газеты, у прыватнасці, у «Крыніцу», пра вясковыя падзеі і касцёльныя справы. Друкаваўся пад рознымі псеўданімамі: Янка Неклюшчанскі, Periculosi (лац. «небяспечны») і інш. Дзякуючы яму, касцёльнае і вясковае жыццё Клюшчаншчыны было вядома далёка за межамі парафіі. У доме яго сына Казіміра захоўваўся цэлы стос старых газет. Сям’ю любіў наведваць Казімір Сваяк.
Яго сын Казімір Францавіч Хадорскі – чалавек цікавы, начытаны, часта дзяліўся са мной успамінамі пра Казіміра Сваяка, якога добра ведаў, пра Янку Купалу і Паўліну Мядзёлку. Расказваў, як Купала жартам спытаў у Сваяка: «Ты чалавек адукаваны, перадавы, таленавіты, а што табе дае служба ў касцёле?», на што Стэповіч адказаў: «Я буду ў небе адпачываць за гэта, а грэшнікі – у пекле». Усе гэтыя ўспаміны ў мяне запісаны на аўдыёкасеты – калі яшчэ не размагніціліся, то маглі б спатрэбіцца астравецкаму музею.
Казімір Францавіч служыў сувязістам у Польскім войску. А пасля ўсё жыццё, 45 гадоў, працаваў у Падольскім лясніцтве. І нават пасля выхаду на пенсію некалькі гадоў не мог пакінуць сваю работу. Берагчы лясы, наводзіць там парадак, рабіць зямлю прыгажэйшай – гэта было яго прызваннем. Казімір Хадорскі ўзнагароджаны шматлікімі Ганаровымі граматамі, выдатнік лясной гаспадаркі.
Іосіф Францавіч Хадорскі таксама вядомы ў акрузе чалавек: ветэран Вялікай Айчыннай вайны, удзельнік Сталінградскай бітвы, якую не мог забыць усё жыццё. «Напэўна, так выглядае пекла, бо за дымам і сажай ні сонца, ні неба не было бачна: усё грымела, гарэла, дымела, страляла, трэслася зямля і стаяў задушлівы пах крыві… Танкі ехалі па трупах і па раненых, як па снапах», – успамінаў Іосіф Францавіч бітву, у якой атрымаў кантузію. Ён быў перакананы, што застацца жывым у гэтым пекле яму дапамагла вера: маці, выпраўляючы сына на вайну, надзела на шыю абразік і паклала ў кішэню кавалачак хлеба святой Агаты.
Бацька, калі сын вярнуўся жывым з вайны, паставіў крыж у знак падзякі Богу.
Іосіфа Францавіча памятаюць яшчэ як лепшага прадаўца ў наваколлі. Ён працаваў у магазіне вёскі Клюшчаны. Ніхто не памятае, каб Хадорскі каму адказаў рэзка ці, крый божа, абразіў. Да кожнага ён меў падыход – і не толькі да пакупнікоў, але і да начальства. У час павальнага дэфіцыту ў яго магазіне заўсёды быў разнастайны асартымент і, ведаючы гэта, у Клюшчаны ехалі з розных бакоў на закупы. Фота Іосіфа Францавіча амаль не знікала з раённай Дошкі гонару.
Людвіка Семашкевіча вяскоўцы ўспамінаюць як чалавека майстравітага і таленавітага. Пасля таго, як тэрыторыя Спондаўскага сельсавета была аднесена да Астравецкага раёна, яго прызначылі старшым майстрам на цагельню ў Кісялі. Работа кіпела, цэглу рабілі якасную і запатрабавана яна была па ўсёй Беларусі. Калі завод закрылі, доўгі час працаваў брыгадзірам у калгасе. Пасля трымаў сваю пілараму, рабіў людзям шмат патрэбных гаспадарчых рэчаў.
Жанна Срубіліна, унучка Людвіка Семашкевіча.
На парафіяльным фэсце ў клюшчанскім касцёле біскуп Юзаф Станеўскі, расказваючы пра святую сям’ю, падкрэсліў, наколькі важна для чалавека любіць, паважаць і шанаваць сваіх бацькоў і продкаў. Не менш важна любіць сваю малую радзіму, край, дзе нарадзіліся і выраслі, ведаць і шанаваць яго гісторыю.
Ілюстрацыяй да гэтых слоў стаў хрост, які адбыўся ў гэты святочны дзень: хлопчыка, якога назвалі Янам, прывезлі аж з далёкага Мурманска.
Зараз дзедаўскі дом стаіць апусцелы, але повязь з родным краем і клюшчанскім касцёлам у жанчыны засталася, ды такая моцная, што яны праехалі доўгі шлях, каб ахрысціць свайго сына ў знакамітым клюшчанскім касцёле – тым самым, дзе хрысцілі некалі іх продкаў.
Кожную вясну прыязджаюць яны ў Казаноўшчызну, каб навесці парадак на падворку сваіх дзядоў, надыхацца паветрам. Двое мясцовых жыхароў, што засталіся ў Казаноўшчызне, кожны год чакаюць іх прыезду, бо маладыя не толькі сочаць за парадкам каля свайго дому, але і выкошваюць траву амаль па ўсёй вёсцы. Гэтыя людзі, маючы высокі сацыяльны статус, не казыраюць ім, а заўсёды імкнуцца прыйсці на дапамогу кожнаму чалавеку.
Маленькая Казаноўшчызна – самая мілая і прыцягальная старонка для яе дзяцей, якіх лёс закінуў у розныя канцы свету: Вільнюс, Мурманск, Швянчоніс і г.д. І, як толькі наступае вясна, яны з’язджаюцца сюды, каб прыбраць падворкі, пасадзіць кветкі, каб летам вёска выглядала прыгожа і святочна. Гэта плата за тое, што з бяды ці з прымусу давялося пакінуць бацькоўскую хаціну, сцены якой сагравалі і служылі надзейнай аховай у непагадзь і лютыя маразы і якія яшчэ памятаюць цяпло бацькавых мазолістых рук. І калі захочацца прытуліцца да іх, пагладзіць камяні ў падмурку, адчуць цяпло роднай печы – так захочацца, што аж перахоплівае дыханне, – то ў самых занятых знаходзіцца час і пераадольваюцца любыя адлегласці…
Іаланта ВАЛУЕВІЧ.