Чатырнаццаты этап конкурсу «Пазнай Астравеччыну»

10:22 / 24.04.2020
Ні ў каго з чатырнаццаці ўдзельнікаў, якія далі адказ у чарговым этапе конкурсу «Пазнай Астравеччыну», не ўзнікла цяжкасцей з вызначэннем, што на здымку. Хоць фамільная ўсыпальніца Сволькенаў схавалася на самым ускрайку раёна, у лясным гушчары, і зараз знаходзіцца ў занядбаным стане – усе пазналі яе, а многія дапоўнілі адказ цікавымі падрабязнасцямі.

1.jpg

Капліца ў Шайкунах пабудавана ў 1840 годзе Ігнацыем Сволькенам  у памяць аб заўчасна памерлай жонцы Міхаліне. Знаходзіцца пабудова ў кіламетры ад колішняга панскага маёнтка недалёка ад Клюшчан. Яе, а таксама 500 гектараў лесу Ігнацый Сволькен, які прыехаў у нашы мясціны з далёкай Швецыі ў пошуках якаснай і таннай драўніны, атрымаў як пасаг сваёй жонкі Міхаліны з роду Кучэўскіх. 

Аднак шчасце сямейнай пары было нядоўгім: праз год пасля вяселля Міхаліна паехала нараджаць у Швецыю – і там памерла ў родах, не выжыла і дзіцятка. Як сведчаць мясцовыя паданні, Ігнацый памерлага сына падмяніў другім сваім дзіцем, якое нарадзіла служанка, і аформіў адпаведныя паперы. Калі аб гэтым даведаўся  бацька  Міхаліны, то падаў на Ігнацыя ў суд, аднак даказаць віну былога зяця і вярнуць пасаг не змог. Тады разгневаны Кучэўскі наслаў на род Сволькенаў праклён: «Твае косці і косці тваіх нашчадкаў ніколі не будуць мець спакою!»

Капліца гэтая ў свой час была надзвычай прыгожай: каменная, з каванымі веснічкамі, над дахам узвышаўся пазалочаны крыж. Над дзвярыма металічнымі літарамі выпісаны словы з псалма: «Тут дом мой, я яго ўпадабаў, у ім жыць буду». (Гэтая шыльда захавалася да сённяшніх дзён).

Збоку  на дарозе было зроблена спецыяльнае пад’язное кола, абсаджанае ялінамі, побач стаялі лавачкі.  Кожную пятніцу тут адбывалася набажэнства. 

Да вайны капліца служыла сямейнай усыпальніцай паноў Сволькенаў. Сын Ігнацыя зваўся Эдвардам, а ўнук – Канстанцінам. Апошнія нашчадкі роду выехалі за мяжу перад прыходам Саветаў. Сам жа маёнтак Шайкуны згарэў падчас пажару ў 1929 годзе. Зараз пра яго нагадваюць толькі старыя дрэвы былога парку і алеяў.

Пасля прыходу савецкай улады капліцу разрабавалі, труны нябожчыкаў неаднаразова выцягвалі, раскідвалі косці памерлых – нібыта спраўдзіўся даўні праклён. Толькі ў 2002 годзе родзічка Сволькенаў Магдалена Асухоўская з Польшчы перазахавала сваіх продкаў на могілках у Клюшчанах. А капліца, якую мясцовыя жыхары яшчэ называюць белай царквой, разбураецца і зарастае падступіўшым ужо да самых сцен лесам.

На гэтым этапе конкурсу па аднаму балу атрымалі Сяргей Жукоўскі, Ана­с­тасія Апрышка і Марыя Пляўга, па дваЭдмунд Завадскі і Жанна Волк-Леановіч. Па тры балы дабавілі ў сваю скарбонку Святлана Марозава (віншуем з вяртаннем у шэрагі канкурсантаў!), Ганна Мілашэ­віч, Вікторыя Іванцэвіч, Марына Кімса, Ванда Вайшнаровіч, Алег Драган, Алена Памецька, Кацярына Вараб’ёва, – яна, дарэчы, даслала не толькі падрабязны расповед і фота, але і відэа, і Ганна Маркевіч. Апошняя ўдзельніца конкурсу родам з Віцебшчыны, але цікавіцца гісторыяй краю, дзе ёй давялося жыць і працаваць, – і за гэта Ганне асаблівая ўдзячнасць!

Пасля 13 тураў конкурсу «Пазнай Астравеччыну» у лідарах па-ранейшаму Марына Кімса – 38 балаў, па 35 – у Алены Памецькі і Алега Драгана. Больш чым 20 балаў набралі Святлана Марозава, Ванда Вайшнаровіч, Вікторыя Іванцэвіч, Жанна Волк-Леановіч і Ганна Мілашэвіч.


Дзе гэта, што гэта?

2.jpg

Нагадваем: далучыцца да конкурсу можна з любога этапу. Калі вы ведаеце, дзе гэта і што гэта, – дасылайце свае адказы, расповеды і фотаздымкі.

Адказы на пытанні конкурсу можна дасылаць у рэдакцыю па электроннай пошце ці паведамляць па тэлефонах 2-03-64, 7-08-44, +375-29-328-75-99 на працягу пяці дзён (з улікам выхадных і святочных) пасля выхаду газеты з конкурсным заданнем (да аўторка ўключна).




Подписывайтесь на телеграм-канал «Гродно Медиа Group» по короткой ссылке t.me/GrodnoMediaGroup
Телеграм-канал «Гродно Медиа Group» - это ежедневные новости районов Гродненской области и города Гродно.


Текст: Нина Рыбик