Святлана Еўтушэнка – пра шлях да Бога і святкаванне Вялікадня

12:24 / 19.04.2020
Вялікдзень, Пасха – вялікае свята, якое  адно на ўсіх, ад зямлі да неба!

І разам з тым у кожнага яно сваё… У кожнага свая дарога да храма, да веры, да Бога. У кожнага свае традыцыі святкавання, якія ідуць ад продкаў і напрацоўваюцца сёння. І хоць усё даўным-даўно напісана, сказана, растлумачана – у кожнага сваё разуменне яго глыбіннага сэнсу, бо толькі тыя веды, што прапушчаны праз сябе, праз розум і сэрца, становяцца часцінкай цябе...

Пра сваю Пасху, разуменне сутнасці свята, пра Вялікдзень дзяцінства, традыцыі і сучасныя моманты  расказвае Святлана Еўтушэнка з Варнян.

111.jpg


Пра Пасху

– Пасха – гэта не толькі і не столькі фарбаваныя яйкі і кулічы на стале. Вялікдзень, Уваскрэсенне Хрыста – гэта аснова ўсёй біблейскай гісторыі, цэнтр хрысціянскага вучэння. Пачатак пачаткаў і аснова асноў. Для мяне заўсёды цікавай была яго глыбінная сутнасць, я шмат чытала пра гэта.  

Пасха ж была і да хрысціянства, да сыходу яўрэяў з рабства егіпецкага. Але тая Пасха, дахрысціянская, ачышчала цела. А Хрыстос прыйшоў у гэты свет і аддаў сябе добраахвотна на пакутніцкую смерць, каб ачысціць нашы душы. Калі я прыйшла да гэтага нават не розумам – душой, мяне гэта вельмі глыбока ўразіла, стала своеасаблівым адкрыццём. Сы­ход яўрэяў з Егіпта вызваліў іх ад раб­ства цялеснага, а хрысціянства – ад рабства духоўнага, ад граху. Гэта непарыўны ланцужок, вельмі глыбокая сувязь, шлях ад смерці – да жыцця, ад зямлі – да неба. 

Да гэтага разумення я прыйшла даволі позна, ужо ў свядомым узросце, калі шмат чытала, думала, разважала пра Хрыста і гэтае свята…

Пра шлях да Бога

– Бацька мой быў атэістам, прычым не з тых, хто прымерваў на сябе гэты статус з-за высокай пасады ці партыйнага білета, а свядомым.

Хоць абедзве мае бабулі былі глыбока веруючымі. Татава маці, баба Варка, калі ў нашым раёне яшчэ не было цэркваў, хадзіла на ўсяночную са Жлобінскага раёна ў Кіеў. Можаце сабе ўявіць?! Ужо ў вельмі сталым узросце, гадоў восемдзесят ёй было, усю пасхальную службу праводзіла ў царкве – якой моцы духу была жанчына! І баба Аксінка, маміна маці, у якой я, можна сказаць, вырасла, ніколі не садзілася за стол без малітвы.

А бацька ў Бога не верыў. І нас, траіх дачок, хрысціць не дазволіў. Да таго ж і хрысціць не было дзе: царквы на той час у нас у Светлагорску – я нарадзілася і вырасла на Гомельшчыне – не існавала, толькі невялікі малельны дом. Хоць, вядома ж, не гэта з’яўлялася асноўнай прычынай.

Бацька рана пайшоў з жыцця: ён патануў, калі мне было сем гадоў. І неўзабаве – месяц ці крыху больш прайшло пасля яго смерці – мама сасніла, нібыта яна пытаецца ў бацькі, хрысціць ёй дзяцей ці не. А тата ў сне адказвае: «Як людзі, так і ты».  І мама на радасцях, што муж хоць з таго свету даў дазвол, адразу ж павяла ўсіх траіх у той малельны дом, дзе нас і ахрысцілі. Бацюшка сказаў, што ў царкоўных святцах імені Святлана няма, і мне пры хрышчэнні далі імя Ніна – адсюль і мой літаратурны псеўданім Ніна Міралькова. На нас надзелі аднолькавыя алюмініевыя крыжыкі – мы са старэйшай сястрой іх падпісалі алоўкам, каб ведаць, дзе чый, хоць, мне здаецца, усё ж пераблыталі. Я не насіла крыжык штодня – дзяцінства і юнацтва было, як і ва ўсіх, піянерска-камсамольскім, але захоўвала яго. Нават на Астравеччыну прыехала са сваім хрысцільным крыжыкам. На жаль, не так даўно ён страціўся…

Але абрад хрышчэння сам па сабе яшчэ не робіць чалавека свядомым хрысціянінам. Трэба, каб у душы нешта скранулася…

Да Бога і царквы мяне прывяла маміна сяброўка. Калі загінуў бацька, мама часта хадзіла на могілкі – там і сышлася з трыма такімі ж гаротнымі жанчынамі: дзве з іх пахавалі мужоў, а адна – сына і маці. 

Вось гэтая, трэцяя, і стала маёй духоўнай апякункай. У яе была вельмі набожная маці. І Ніна Аляксандраўна, хоць і займала даволі высокую пасаду на цэлюлозным камбінаце, пасля смерці сына, які загінуў у аварыі, – і чалавек, вінаваты ў гэтым, застаўся беспакараным – не хавала ад людзей сваёй веры ў Бога: больш ёй не было каму верыць. Менавіта яна падарыла мне першы малітваслоў і Новы Запавет. Памятаю, як яна прывяла мяне на службу, калі ў Светлагорску асвячалася месца для будаўніцтва першай царквы. І зараз стаіць у вачах той фундамент і крыж…

Потым было юнацтва, няпросты час пошукаў сябе. У мяне пераходны ўзрост прыпазніўся: у дзяцінстве я была вельмі спакойнай, паслухмянай дзяўчынкай, а калі пайшла вучыцца, старалася да ўсяго дайсці сама, зразумець, мне ўсё трэба было даказаць. Спрачалася ў думках з Богам, думала, што я сама ўсё лепш ведаю і разумею – усё ж у мяне бацькаў характар…

Чалавек мяняецца, калі нара­джаюцца дзеці. А з імі прыходзіць страх: увесь час у табе жыве трывога за тое, каб у іх усё было добра! Тады прыходзіць разуменне, што ты адказваеш не толькі і не столькі за сябе…

Па-сапраўднаму я прыйшла да Бога і ў царкву ўжо тут, на Астравеччыне. Нашых дзяцей, Мікітку і Марыйку, хрысціў айцец Павел, царства яму нябеснае, у той маленькай драўлянай хатцы, што стаяла каля маста і з якой пачыналася наша царква. Сыну на той час было, мусіць, гадкі паўтара, а дачушцы – з паўгодзіка.

І першая мая сапраўдная ўсяночная адбылася таксама ў Астраўцы – ужо ў новай, сённяшняй царкве. Яшчэ не было падлогі, і на цагляныя слупкі проста паклалі негабляваныя дошкі. Але якім радасным было тое адчуванне свята, якое шчасце панавала ад весткі пра уваскрэслага Хрыста і таго, што ў нас ужо ёсць свой храм! Як дружна і шчасліва ўсе прыхаджане адказвалі «Ваісціну ўваскрос!» на прывітальнае «Хрыстос уваскрос!» айца Паўла!

Пра свята дзяцінства

– Самы яркі ўспамін Пасхі майго дзяцінства – гэта сонца: яркае, цёплае, яно залівала двор, вуліцу, душу. Я не памятаю, каб калі-небудзь на Вялікдзень было дрэннае надвор’е – не тое, што дождж, але нават хмарнае неба. Заўсёды толькі сонца!

Хоць бацька мой, як я ўжо казала, быў атэістам, але на Пасху мама, як і ўсе суседзі, ладзіла свята. 

Памятаю адурманьваючы водар булак і кулічоў – іх было шмат, аж да «не хачу!» Памятаю, як мы, малыя, гулялі фарбаванымі яйкамі ў біткі: той, чыё яйка пабілі, аддаваў таму, хто выйграў. О, то была цэлая навука – выбраць «мацака», прымерыцца, ударыць, пажадана трошкі збоку – тады ўжо дакладна паб’еш! Ці, наадварот, заціснуць яйка ў руцэ так, каб у саперніка не было іншага выйсця, акрамя як стукнуць у цэнтр вострай дзюбкі – самае моцнае месца. А здаралася, што і тупым канцом разбівалі вострага «мацака». А былі хітруны, якія ўмудраліся зрабіць ці купіць і пафарбаваць драўлянае яйка  так, што яго было не адрозніць ад звычайнага, і забіралі ўсе яйкі – пакуль іх не выводзілі на чыстую ваду.

У жакі, як на Астравеччыне, у нас не хадзілі – зімой калядавалі і дзеці, і дарослыя. А на Пасху гулялі ў двары ці на вуліцы.

Пра пераемнасць традыцый

З той першай сваёй усяночнай і да сённяшняга дня я кожны год сустракаю Вялікдзень у царкве – перш у Астраўцы, затым – у Альхоўцы ці ў нас у Варнянах: дзякаваць Богу, цяпер ёсць такая магчымасць.

Здаецца, адзін толькі раз не змагла пайсці ў храм –  калі нарадзіла Алеську. 

І ўвогуле стараюся не прапускаць царкоўныя службы, асабліва па вялікіх святах – яны  даюць вялікі энергетычны зарад. Па тэлевізары, канешне, можна паглядзець богаслужэнне з самых вялікіх храмаў – але гэта ўсё роўна што пабыць гледачом на спектаклі. Адчуванне зусім не тое – далучэння да свята, твайго ўдзелу ў ім няма. Калі ты ў царкве, пачуцці іншыя: судакрананне, прыдачыненне... 

Вялікадню папярэднічае саракадзённы пост, падчас якога да Пасхі рыхтуецца і дом, і душа, і святочны стол. Раней я строга захоўвала пост, цяпер жа стала падводзіць здароўе, таму прашу ў бацюшкі блаславенне на паслабленне: першы, чацвёрты і апошні, сёмы, тыдзень пашчуся строга, а ў астатнія дазваляю сабе малочныя прадукты.

Да Вялікадня мы рыхтуем розныя прысмакі. Я вельмі люблю выпечку, хоць вучылася гэтай справе метадам спроб і памылак па часопісах і кнігах, але дасягнула, чаго хацела: мае булкі, торты і кексы ўсе хатнія любяць. Праўда, мне не хапае цярплівасці і часу ўсё гэта ўпрыгожыць як след, тут больш мае дзяўчаткі, Марыйка з Алеськай, стараюцца, у іх гэта лепш атрымліваецца. А мне галоўнае, каб было смачна. Падчас посту мне не так цяжка адмовіцца ад мяса, як ад выпечкі. Перад яго пачаткам я звычайна пяку вялікі торт – і мы яго з’ядаем перад тым, як загавецца. А калі застаецца кавалачак, то кладу ў маразільнік. І калі захочацца чаго-небудзь скаромнага, дастаю і нюхаю, уяўляючы, як смачна будзе на свята!

23.jpg



Булак і пірагоў, як і некалі ў бацькоўскім доме, на Вялікдзень заўсёды выпякаю многа, з рознымі начынкамі, на любы смак і густ, каб хапіла ўсім, ды яшчэ і засталося.

Канешне ж, да гэтага дня фарбуем яйкі. Запякаем мяса. Але на асвячэнне ў царкву я мяса не бяру, айцец Леанід не дазваляе – ды і бабуля, памятаю, ніколі не свяціла мяса ці каўбасы, я толькі ў Астраўцы я з гэтай традыцыяй сутыкнулася: стаіш пасля саракадзённага посту ў царкве, а з усіх бакоў такія водары даносяцца, што галава кружыцца! Тая яшчэ спакуса…. Я ў кошык для асвячэння кладу толькі фарбаваныя яйкі, кулічы, соль і запалкі.

Ранкам на Вялікдзень мы ўсе ўмываемся асвечаным фарбаваным яйкам, якое кладзем у місачку з вадой. Гэтая традыцыя таксама з майго дзяцінства: мама казала, што калі памыешся на Вялікдзень асвечаным яйкам, то ўвесь год будзеш прыгожым і здаровым. Аднойчы Марыйка не змагла прыехаць дахаты на свята, дык я зберагла гэтую вадзічку да яе прыезду.

Затым разгаўляемся асвечаным, смачна снедаем. І далей – па абставінах: калі ідзём у госці, калі да нас хто прыходзіць, а калі проста адпачываем.

Дзеці, як былі меншыя, часам хадзілі ў жакі са сваімі сябрамі, але цяпер гэтага няма. А да нас прыходзяць – і на каталіцкую Пасху, і на праваслаўную. Таму мы рыхтуемся, каб прыняць дзяцей, на абодва святы: фарбуем яйкі, запасаем прысмакі.

Не ведаю, як мы сёлета будзем святкаваць Вялікдзень у сувязі з пандэміяй каронавірусу, але спа­дзяюся, што праваслаўныя вернікі ўсё ж змогуць сустрэць Уваскрэсенне Хрыстова, як і кожны год, у храме і ў сям’і.


Подписывайтесь на телеграм-канал «Гродно Медиа Group» по короткой ссылке t.me/GrodnoMediaGroup.

Телеграм-канал «Гродно Медиа Group» – это ежедневные новости районов Гродненской области и города Гродно.


Текст: Нина Рыбик