Дванаццаты этап конкурсу «Пазнай Астравеччыну»

09:27 / 10.04.2020
Чарговы этап конкурсу «Пазнай Астравеччыну», як і меркавалася, не выклікаў цяжкасцей у нашых канкурсантаў. А што было іх не так шмат, як на першых этапах, можна растлумачыць ці то трывожным станам з-за пандэміі каронавірусу – многія цяпер думаюць толькі аб гэтым, ці тым, што, не выбіўшыся ў лідары з першых тураў, частка ўдзельнікаў вырашыла сысці з дыстанцыі. Пазіцыя і тых, і другіх памылковая. Па-першае, нішто так не ўмацоўвае імунітэт, як станоўчыя эмоцыі, а ён, як вядома, галоўны лекар у барацьбе  з любой хваробай. А для тых, хто здаецца без бою, нагадваем: конкурс будзе доўжыцца на працягу года. Наперадзе шмат заданняў, сярод якіх і вельмі складаныя, і адносна лёгкія. І прадказаць, хто ўвойдзе ў тройку лідараў на фінішы, не возьмецца, мабыць, ніхто. Але ўсе пастаянныя ўдзельнікі конкурсу стануць пераможцамі ў любым выпадку! 

Тым не менш,  усе 12 чалавек, што напісалі ці патэлефанавалі ў рэдакцыю, пазналі на фотаздымку каменную арфу Ігара Засімовіча. Гэтая скульптура ў ліку іншых дзесяці работ удзельнікаў пленэра, прысвечанага 540-годдзю нашага горада, з’явілася у 2008 годзе на набярэжнай Астраўца непадалёк ад царквы. Алена Памецька ўзгадала, што пленэр скульптараў прайшоў у раёне па ініцыятыве краязнаўцы Алеся Юркойця пры падтрымцы тагачаснага намесніка старшыні райвыканкама Віктара Свілы і шчыра падзякавала ім за такі цудоўны падарунак гораду. 

IMG_20190915_104714_592.jpg

Фота з архіву Кацярыны Вараб'ёвай



Скульптуры Ігара Засімовіча, таленавітага і паспяховага ў мастацтве чалавека, упрыгожваюць не толькі Астравец і наш раён, але Мінск, Гродна, Магілёў, Жалудок, Пінск, Смаргонь і іншыя гарады Беларусі.

Захапляюцца работамі майстра ў літоўскіх Вільні і Паланзе, польскіх Сувалках і Познані, нямецкім Гамбургу. У Польшчы ў гарадах Козьмін Велькапольскі і Кратошын струменяць яго фантаны. Творы таленавітага скульптара можна ўбачыць у музеі сучаснага выяўленчага мастацтва, у Траццякоўскай галерэі ў Маскве.

У гэтым этапе конкурсу правільна адказалі на пытанне Святлана Максімава, Сяргей Жукоўскі, Алеся Абухоўская – яны атрымліваюць па аднаму балу. Дапоўнілі адказы цікавымі звесткамі ці фотаздымкамі Ванда Вайшнаровіч, Ганна Мілашэвіч, Святлана Марозава – і папоўнілі асабістыя рахункі двума баламі. Па тры балы атрымалі Жанна Волк-Леановіч, Алег Драган, Вікторыя Іванцэвіч, Марына Кімса, Алена Памецька, Кацярына Вараб’ёва.

Лідзіруе па-ранейшаму Марына Кімса з 32 баламі, за ёй ідуць Алег Драган і Алена Памецька, у якіх па 29.


Дзе гэта, што гэта?

0.jpg

Фота Алеся ЮРКОЙЦЯ


Нагадваем: далучыцца да конкурсу можна з любога этапу. Калі вы ведаеце, дзе гэта і што гэта, – дасылайце свае адказы, расповеды і фотаздымкі.

Адказы на пытанні конкурсу можна дасылаць у рэдакцыю па электроннай пошце ці паведамляць па тэлефоне 2-03-64 на працягу пяці дзён (з улікам выхадных і святочных) пасля выхаду газеты з конкурсным заданнем (да аўторка ўключна).
Текст: Нина Рыбик