Якія «абноўкі» набылі ў «Гервятах» да сяўбы

12:16 / 31.03.2020
Сяўба ранніх збожжавых і зернебабовых культур у КСУП «Гервяты» пераваліла за экватар: на 29 сакавіка хлебаробы гэтай гаспадаркі прыгарнулі насенне ў глебу на 940 гектарах (72%). Дарэчы, гервятцы дэманструюць найбольшы спрыт сярод механізатараў раёна на пасяўной кампаніі.

IMG_0151.jpg


– Нічога дзіўнага, – з усмешкай гаворыць галоўны аграном КСУП «Гервяты» Аляксандр Кавалька. – Паспяховасць правя­дзення пасяўной кампаніі залежыць ад некалькіх складнікаў: тэхнікі, кадраў, наяўнасці паліва і ўгнаенняў. Ні з чым з вышэй пералічанага ў нас няма праб­лем. Галоўнае, каб спрыяла надвор’е і не было прымаразкаў – тады своечасова адсеемся і, спадзяюся, будзем з ураджаем. 

IMG_0169.jpg



Дарэчы, да пачатку сяўбы гервятцы грунтоўна папоўнілі парк прычапных агрэгатаў: набылі аўстрыйскую камбінаваную сеял­­ку фірмы Pottinger, сеялку для насення кукурузы, культыва­тар і прэс-падборшчык.

IMG_0148.jpg

Аляксандр Кірксаў падвозіць збожжа з зернесклада на поле


IMG_0189.jpg

Вадзіцель Анатоль Койра 

 
У дзень майго прыезду на гервяцкіх палях збожжа і травы сеялі тры сеялкі, дзве СПУшкі падсявалі шматгадовыя травы, два культыватары з дзевяціметровым і  два шасціметровым захопам прыкрывалі вільгаць у глебе.

Новую «аўстрыйку» даверылі маладому, але вопытнаму механізатару Рымантасу Трапшысу, які сеяў авёс. 

– Унікальнасць гэтай сеялкі ў тым, што адначасова з насеннем у глебу ўносяцца мінеральныя ўгнаенні, – гаворыць сейбіт. – Яшчэ гэты агрэгат, у адрозненне ад іншых, не такі адчувальны да камянёў. 

IMG_0141.jpg



Для Эдуарда Мілэйшы – да слова, партрэт мужчыны неаднаразова заносіліся на раённую Дошку гонару і прадпрыемства – сёлетняя пасяўная – пятнаццатая. У дзень майго прыезду мужчына сеяў сумесь райгасу.

– На жаль, з-за прымаразкаў у поле выязджаем значна пазней, чым звычайна. Цяпер за дзень засяваю каля дваццаці гектараў, а пры спрыяльных умовах – каля сарака, – гаворыць сейбіт. – Аб’ём работ залежыць ад культуры, якую сеем. Найхутчэй прыгортваць у глебу рапс. 

IMG_0164.jpg



Лепшы араты раёна Анджэй Ясевіч на сёлетніх вясенне-палявых работах апынуўся не ў сваёй стыхіі: «ходзіць» па полі не з плугамі, а за штурвалам трактара ў счэпцы з пасяўным агрэгатам. 

– Дзень на дзень не прыходзіцца – працуецца па-рознаму. Чаму? – мужчына перапытвае. – Паліва ёсць, абеды прывозяць у поле, а вось добрага надвор’я не хапае. За дзень засяваю каля трыццаці гектараў. 

IMG_0185.jpg



Група яравых у «Гервятах» ні колькасна, ні якасна не змя­нілася ў параўнанні з мінулым годам. Падчас веснавой сяўбы тут плануюць пасеяць 3 589 гектараў, з якіх 1 300 зоймуць раннія збожжавыя культуры. 

– Пад ячмень адвялі 900 гек­та­раў, у тым ліку 150 – пад півавараны, авёс і зернебабовыя зоймуць па 200 гектараў, – працягвае галоўны тэхнолаг гервяцкіх палёў. – Сёлета адмо­віліся ад яравой пшаніцы. Па-першае, у параўнанні з іншымі культурамі яе вырошчванне патрабуе шмат грашовых укладанняў, а па-другое – яна горш родзіць за азімую. У сённяшніх рэаліях трэба лічыць кожны рубель. Затое пад кукурузу на зерне запланавана на 100 гектараў больш, чым летась. 

Цукровыя буракі «прапішуцца» на 500 гектарах. Калі ў мінулыя гады бралі насенне са Слуцкага цукровага завода ў лік будучага ўраджаю, то сёлета набываем яго за ўласныя сродкі. Летась на зіму пасеялі на 100 гектараў больш гібрыднага жыта – яно не патрабавальнае і на круг дае каля 60 цэнтнераў. Уво­гуле, з восені добра папраца­ва­лі: пасеялі 2 701 гектар азімых – найбольш за апошнія гады. 

Аднак не збожжам адзіным – якасныя кармы яшчэ ніхто не адмяняў. Па словах галоўнага агранома Аляксандра Кавалькі, сёлета ў гаспадарцы засеяць 200 гектараў люцэрнай – адной з найбольш карысных і спажыўных культур для жывёлы. Для гэтага ўжо набылі шэсць тон насення.

IMG_0198.jpg

Глебу культывуе Іосіф Масевіч


Таксама ў КСУП «Гервяты» з восені пасеялі 170 гектараў жыта і свірэпіцы – эксперымент з паласнымі пасевамі цалкам апраўдаў сябе і больш таго – прыжыўся. 

– Сутнасць тэхналогіі кулісных пасеваў – у высяванні палосамі жыта і свірэпіцы, – тлумачыць галоўны аграном. – Сумесь гэтых культур – адзін з самых ранніх варыянтаў паўнавартаснай зялёнай падкормкі для грамадскага статка.

Дарэчы, пад сяўбу яравых мінеральныя ўгнаенні гервятцы набывалі не праз «Гроднааблсельгастэхніку», а за ўласныя сродкі – гэта напалавіну зэканоміла грошы. 

– Хто лічыць – той і мае, – на развітанне гаворыць Аляксандр. – А ў раслінаводстве галоўнае – прытрымлівацца тэхна­логіі. Калі своечасова пасееш і падкорміш, апрацуеш ад шкоднікаў і пустазелля, будзеш з ураджаем. Толькі б надвор’е не падвяло…  


ЛІЧБА: агульнымі намаганнямі трох пасяўных агрэгатаў за дзень у гаспадарцы засяваецца 185 гектараў.


Подписывайтесь на телеграм-канал «Гродно Медиа Group» по короткой ссылке t.me/GrodnoMediaGroup.

Телеграм-канал «Гродно Медиа Group» – это ежедневные новости районов Гродненской области и города Гродно.

Текст:
Фото: Алёна Ганулич