Дзясяткі астраўчан прынялі ўдзел у рэспубліканскай акцыі «Тыдзень лесу»

16:55 / 28.03.2020
606

Рэспубліканская акцыя «Тыдзень лесу» стартавала ў Астравецкім раёне ў суботу, 28 сакавіка.

Дэпутаты раённага Савета дэпутатаў, члены раённага выканаўчага камітэта, супрацоўнікі розных аддзелаў і службаў райвыканкама садзілі ў гэты дзень лес у гаспадарцы лепшага ляснічага краіны Аляксандра Гайсы – у Астравецкім лясніцтве.

3.jpg

З пачаткам тыдня лесу яго пачынальнікаў павіншаваў галоўны ляснічы Астравецкага лясгаса Віктар Лях.

– Акцыя «Тыдзень лесу» праводзіцца на ўсёй тэрыторыі ўжо амаль дзесяць гадоў. Сёлета яна прысвечана 75-годдзю Вялікай Перамогі і Году малой радзімы. Прыемна адзначаць, што з кожным разам жадаючых паўдзельнічаць у «Тыдні лесу» ўсё больш. І гэта зразумела: пасаджанае дрэва – найлепшая памяць пра чалавека. Праз які дзясятак гадоў тут можна будзе збіраць грыбы і ягады, а паспее гэты лес праз стагоддзе ці нават больш, і скарыстаюцца яго драўнінай ужо нашы нашчадкі – так, як мы сёння перапрацоўваем працу рук нашых дзядоў-прадзедаў.

Кароткі інструктаж Аляксандра Гайсы – і, разбіўшыся на пары, удзельнікі акцыі пачынаюць засаджваць дзялянку, на якой летась былі спілаваны спелыя дрэвы. Кожны год у краіне высякаецца навукова абгрунтаваная плошча лесу, і такая ж, а то і большая – у лясны фонд перадаюцца неўрадлівыя сельгасугоддзі – засаджваецца новымі дрэўцамі.

5.jpg

У лункі, зробленыя дужымі мужчынскімі рукамі, жанчыны, сярод якіх нямала членаў грамадскай арганізацыі «Беларускі саюз жанчын», беражліва, нават пяшчотна – яны ведаюць цану новаму жыццю! – апускаюць вырашчаныя ў гадавальніку лясгаса саджанцы ёлкі, сасны, бярозы: навукай і шматгадовай практыкай даказана, што менавіта змешаныя лясы найбольш прадуктыўныя і ўстойлівыя да шкоднікаў і хвароб.

4.jpg

Гадзіна-другая – і сотні кволых пакуль парасткаў выпростваюць іголкі і галінкі і прагна цягнуцца да жыццядайнага сонца.

Расці, лес!


У той жа дзень працаўнікі РУП «Беларуская АЭС» садзілі лес у Міхалішкаўскім лясніцтве. А ў Палушскім працавалі члены раённага грамадскага аб’яднання «Белая Русь».

1.jpg

2.jpg


З першых вуснаў:

– Штогод дэпутаты раённага Савета прымаюць удзел у гэтай высакароднай акцыі, я б сказала – святой справе: пасадцы лесу. Сёлета ў яе асаблівы сэнс, бо прысвячаецца яна 75-годдзю Вялікай Перамогі, і кожнае пасаджанае намі дрэўца – гэта жывы помнік нашым суайчыннікам, якія цаной свайго жыцця і здароўя заваявалі для нас мір.

І, апроч усяго іншага, папрацаваць фізічна у такі прыгожы, цёплы і сонечны дзень, як сёння, на свежым паветры, ўзбагаціцца кіслародам і гаючымі фітанцыдамі хвойнага лесу – гэта цудоўнае ўмацаванне імунітэту, якое так неабходна кожнаму падчас пандэміі каронавірусу.

Ірына ЛЯХ, настаўніца, дэпутат раённага Савета дэпутатаў



Садзіла лес і рабіла фотарэпартаж Ніна РЫБІК

Текст: Администратор сайта
Оставить комментарий
Текст сообщения*
Защита от автоматических сообщений