У Камаях адзначылі 130-ты дзень нараджэння Казіміра Сваяка

10:34 / 26.02.2020

Сімвалічна, што напярэдадні Міжнароднага дня роднай мовы нарадзіўся святар-паэт Казімір Сваяк – адзін з першых ксяндзоў, які падчас службы звяртаўся да прыхаджан па-просту, па-нашаму – па-беларуску, які дбаў пра людзей і Бацькаўшчыну больш, чым пра сябе.

Слыннага земляка з нагоды яго 130-гадовага юбілею ўспомнілі ў Мінску і ў Камаях.

 DSC09668.JPG

МІНСК: “Кажуць, нас мала… Няпраўда, паночкі”

КАМАІ: “…Наагул здаецца, што тут дрэнна не будзе”

Так Казімір Сваяк пісаў у дзённіку “Дзея маёй мыслі, сэрца і волі” пра свой вікарыят у камайскай парафіі. Хоць наш зямляк нядоўга служыў Богу і людзям у тым краі, мясцовыя жыхары шчыра ўшаноўваюць памяць святара-паэта да гэтага часу. І сёлета, у дзень яго нараджэння, парафіяне разам з пробашчам спецыяльна едзілі ў Вільнюс, каб на старажытных могілках Роса запаліць лампадкі памяці на месцы апошняга зямнога прытулку ксяндза Канстанціна.

DSC09655.JPG

DSC09667.JPG

Па традыцыі ў Камаях успамінаюць Казіміра Сваяка ў лютым, калі ён нарадзіўся, на Астравеччыне – у маі, калі яго не стала.

Нястомная захавальніца спадчыны паэта-святара Іаланта Валуевіч перадала астраўчанам запрашэнне на імпрэзу пробашча парафіі Святога Яна Хрысціцеля, ксяндза Яцэка Хутмана – і ў назначаны дзень мы выправіліся ў Камаі.

…Нядзеля. Жывой вірлівай ручаінай людзі спяшаліся ў храм. Халодныя муры касцёла, які Сваяку нагадваў “крэпасць з сярэдніх вякоў”, да гэтага часу яго памятаюць, як і ўдзячныя за прыклад служэння Богу і роднай старонцы нашчадкі.

Святую імшу па-беларуску адправілі ксяндзы Яцэк Хутман і Анатоль Захарэўскі з Міхалішак.

DSC_7564.JPG

DSC_7626.JPG

У казанні ксёндз Анатоль спыніўся на важнай для кожнага хрысціяніна тэме любові.

– Бог ёсць любоў, – адзначыў святар. – Але варта імкнуцца любіць не толькі родных і блізкіх, але і сваіх ворагаў. І рабіць гэта так, як Казімір Сваяк, – самаадана і самаахвярна.

Напрыканцы імшы ксёндз Яцэк Хутман нагадаў прысутным пра тры юбілейныя даты, звязаныя з імем Канстанціна Стэповіча: сёлета споўнілася 130 гадоў з дня яго нараджэння, 105 гадоў мінула з таго часу, калі малады святар распачаў свой вікарыят у Камаях, а напрацягу 15 гадоў духоўныя “сваякі” паэта-святара некалькі разоў на год у яго гонар ладзяць імпрэзы, чытанні, сустрэчы.

А калі ў касцёльнай цішыні загучала песня “Вёсачка Барані за барамі” – словы аўтарства нашага земляка, паэта Станіслава Валодзькі, – па целе прабеглі дрыжыкі, а ў многіх на вачах выступілі слёзы.

Пасля імшы размова пра Казіміра Сваяка шчырай крынічкай пацякла ў плябаніі. Шмат добрых слоў у адрас Канстанціна Стэповіча прагучала з вуснаў Генафевы Дубіловіч – адной з пачытальніц сваякоўскіх сустрэч. Глыбокія па змесце, філасофскія разважанні сталічных гасцей знайшлі водгук у душах і сэрцах іншых удзельнікаў імпрэзы. І сапраўды немагчыма не пагадзіцца з тым, што там, дзе людзі вераць у Бога, зямля будзе квітнець.

DSC09714.JPG

DSC_7656.JPG

Ад астравецкай дэлегацыі слова ўзяла аграністка касцёла Святога Міхала Арханёла ў Міхалішках Раіса Мароз. Жанчына прыгадала незвычайны выпадак, які адбыўся падчас адной з сустрэч у доме-музеі братоў Стэповічаў у Баранях. Тады ва ўнісон з моцнымі галасамі ўдзельнікаў гурта “Балцкі Субстрат” заплакала свечка – загарэлася, а калі мелодыя скончылася – патухла.

Краязнаўца і паэтэса Людміла Кухарэвіч прачытала верш Казіміра Сваяка і ўласныя творы, сугучныя паэзіі святара.

У гэты дзень гучалі і мясцовыя песні з ваколіцаў, дзе нарадзіўся Канстанцін, і музычныя прысвячэнні Чалавеку, які пры жыцці згуртоўваў ля сябе людзей і працягвае гэта рабіць пасля смерці.

Верыцца, што майскія сваякоўскія сустрэчы збяруць у Клюшчанах і Баранях значна больш людзей, і ізноў “…пачуе родны край душу сваю”.

Фота Таццяны КУЧЭЎСКАЙ.




Подписывайтесь на телеграм-канал «Гродно Медиа Group» по короткой ссылке t.me/GrodnoMediaGroup


Телеграм-канал «Гродно Медиа Group» - это ежедневные новости районов Гродненской области и города Гродно.


Текст: