Гісторыя «Астравецкай праўды»

12:11 / 12.02.2020
537

Хоць з моманту першага выхаду Астравецкай раённай газеты мінула не так шмат часу, у яе гісторыі яшчэ нямала «белых плям», якія сённяшнія супрацоўнікі імкнуцца запоўніць датамі, падзеямі, імёнамі.

У рэдакцыйным архіве захоўваюцца падшыўкі «Астравецкай праўды» толькі з 1969 года. І доўгі час лічылася, што яна пачала выходзіць пасля вызвалення тэрыторыі Беларусі ад немцаў, у 1944 годзе.

Аднак ураджэнец Астравеччыны прафесар Адам Восіпавіч Мальдзіс яшчэ ў савецкія часы адшукаў ва Усесаюзнай Ленінскай бібліятэцы ў Маскве некалькі нумароў газеты «Большэвіцкі арганізатар», органа Астравецкага РК КП(б)Б і раённага Савета дэпутатаў працоўных Вілейскай вобласці.

«Большэвіцкі арганізатар»

Бальшавiцкi_арганiзатар 4 - 194106071.png


Астравецкі раён быў утвораны 15 студзеня 1940 года. А першы нумар раённай газеты «Большэвіцкі арганізатар» выйшаў у свет перад самай вайной, 29 мая 1941 года – цяпер гэтая дата лічыцца днём нараджэння.

Да пачатку вайны выйшла сем нумароў раённай газеты за подпісам адказнага рэдактара С.Е. Грышчанкі. Апошні даваенны нумар пабачыў свет 19 чэрвеня 1941 года.

На жаль, першыя даваенныя нумары раённай газеты мы не змаглі адшукаць нават у Нацыянальнай бібліятэцы Рэспублікі Беларусь, таму доўгі час задавальняліся звесткамі, што паведаміў Адам Мальдзіс.

Але ў 2020 годзе дзякуючы старанням мінчаніна Уладзіміра Захаранкі нам пераслалі з Масквы копіі даваенных нумароў «Бальшавіцкага арганізатара», і цяпер можна зрабіць высновы, якой была газета ў той час.

Перадваенная астравецкая «раёнка» выходзіла на чатырох старонках фармату А3 на беларускай мове. Друкавалася ў мястэчку Астравец – дакладны адрас не ўказаны. Адзін экземпляр каштаваў 10 капеек, а падпіска на на месяц – 85 капеек. Выходзіла яна два разы на тыдзень, у чацвер і нядзелю.

Значную частку матэрыялаў на старонках газеты складалі паведамленні ТАСС і БелТА. Але былі і ўласныя матэрыялы – пра веснавую сяўбу, падпіску на пазыку трэцяй пяцігодкі, ліквідацыю бескароўнасці – на гэта выдзяляліся крэдыты, дапамогі мнагадзетным маці, добраўпарадкаванне і радыёфікацыю райцэнтра – паведамлялася, што ў Астраўцы будзе ўстаноўлена 400 радыёкропак, пра «рост культурнасці»: «За апошнія чатыры месяца прададзена сялянам раёна венскіх стулляў, мяккіх дываноў і гардэробных шкафоў на 12 000 р., швейных машын на 12 600 руб. і г.д. (…) Раённым камітэтам саюза работнікаў пачатковых і сярэдніх школ ужо выдана настаўнікам 9 пуцёвак у дом адпачынку «Дарожнік» і тры пуцёўкі ў Кіславодск і Ялту».

Змяшчала раённая газета і крытычныя матэрыялы, якія тычыліся добраўпарадкавання раённага цэнтра, нязручнага графіку работы магазінаў, недахопаў у сталоўцы, прыпісак на цагельным заводзе, неэканомнага расходавання электраэнергіі для вулічнага асвятлення.

Уласных фотаздымкаў у газеце не было, толькі фотаклішэ ТАСС і БелТА. Але ўжо выкарыстоўваліся клішыраваныя рубрыкі – «Па нашаму раёну», «Пісьмы ў рэдакцыю», «За рубяжом».

«Сталінская праўда»

У час вайны газета не выходзіла. Выпуск яе аднавіўся ў 1944 годзе пад назвай «Сталінская праўда». 

Сталиснская прауда.jpg

На жаль, ніводнага экземпляра газеты, выдадзенага ў 1944 годзе, адшукаць не ўдалося. У Нацыянальнай бібліятэцы захоўваецца архіў «Сталінскай праўды», пачынаючы з 1945 года, прычым не з 1-га нумара, а з 9-га, з нарастаючым – з 39-га. Гэта дае паставы меркаваць, што ў 1944 годзе было выпушчана 30 (альбо 23 – калі ўлічваліся першыя сем «Бальшавіцкага арганізатара») нумароў Астравецкай раённай газеты.

Адноўленая пасля вайны «раёнка» істотна «пахудзела» ў параўнанні з даваеннай, аб’ём яе зменшыўся ў чатыры разы: яна выходзіла на 2 старонках фармату А4 на рускай мове.

Адказным рэдактарам адноўленай пасля вайны газеты напачатку быў М.І. Гарбаценка, яго намеснікам – Мікалай Сяргеевіч Беркутаў, які, мяркуючы па колькасці нумароў, ім падпісаных, і яго журналісцкіх артыкулаў, з’яўляўся фактычным кіраўніком газеты.

Беркутов.jpg

Мікалай Беркутаў нарадзіўся 20 жніўня 1922 года ў вёсцы Гурэц Чашніцкага раёна Віцебскай вобласці, ваяваў у складзе 16-й Смаленскай партызанскай брыгады, пасля вызвалення Астраўца застаўся тут аднаўляць савецкую ўладу. Пасля таго, як па невядомай прычыне ў 1948 годзе пакінуў Астравец і рэдакцыю, працаваў дырэктарам школы ў Крупках і Лепелі. Таленавіты журналіст і пісьменнік, аўтар аўтабіяграфічнай кнігі «Ой, бярозы ды сосны...». Памёр у 1991 годзе, пахаваны на Паўночных могілках у Мінску.

У 1947 годзе М.С. Беркутаў быў прызначаны адказным рэдактарам. У тым жа 1947 годзе «Сталінская праўда» стала выходзіць на беларускай мове і павялічыўся аб’ём газеты да двух старонак фармату А3. У такім фармаце «Сталінская праўда» выходзіла да 1956 года.

У 1948 годзе адказным рэдактарам «Сталінскай праўды» стаў Пётр Суткаленка.

Аднак  працаваў ён нядоўга – неўзабаве быў пераведзены на пасаду загадчыка аддзела сельскай гаспадаркі ў «Гродзенскую праўду», а пазней узначаліў  аддзел партыйнага жыцця ў газеце «Советская Белоруссия». Пётр Андрэевіч быў выбітным публіцыстам свайго часу, яго матэрыялы часта  з’яўляліся ў цэнтральнай партыйнай газеце «Правда».

«Астравецкая праўда»

З 1 снежня 1956 года раённая газета, да таго часу ўжо «Астравецкая праўда», стала выходзіць на чатырох старонках фармату А3. Рэдагаваць яе прызначылі франтавіка Аляксандра Рыгоравіча Хілько. У тых, хто працаваў пад яго кіраўніцтвам, захаваліся ўспаміны пра яго як пра вельмі добрага чалавека, вясёлага, таварыскага і разам з тым патрабавальнага ва ўсім, што тычылася газеты.

У той час касцяк калектыву складалі Уладзімір Іосіфавіч Царэвіч, Васіль Сяменавіч Шкаеў, Валянціна Паўлаўна Налівайка, Ірына Юр’еўна Палер, Яўгеній Мікалаевіч Кулакоў.

Пасля Хілько «Астравецкую праўду» нядоўгі час рэдагаваў Аляксандр Рыгоравіч Таранда.

У 1962 годзе пасля расфарміравання Астравецкага раёна закрылі і раённую газету. Нейкі час выходзілі перадачы раённага радыё, якія вёў Яўгеній Мікалаевіч Кулакоў.

Аляксандр Рыгоравіч Хілько і Васіль Сямёнавіч Шкаеў неўзабаве пераехалі ў Вілейку Мінскай вобласці і ўсё астатняе жыццё працавалі ў мясцовай раённай газеце, кожны ў свой час з’яўляўся яе рэдактарам. Цяпер, на жаль, абодва ўжо нябожчыкі, пахаваны ў Вілейцы.

Пасля аднаўлення раёна у 1964 годзе рэдактарам газеты прызначылі Леаніда Іосіфавіча Ламеку. Яго змяніў Уладзімір Іосіфавіч Царэвіч, а ў 1967 годзе рэдактарам стаў Аляксандр Пятровіч Сыч, які працаваў на гэтай пасадзе амаль 25 гадоў.

Рэдактар газеты Астравецкая праўды з 1967 па 1992 г. А. П. Сыч.jpg

Пасля таго, як у 1992 годзе Аляксандр Пятровіч раптоўна і заўчасна памёр, калектыў рэдакцыі ўзначаліла Ніна Аляксееўна Рыбік – яна працавала галоўным рэдактарам «Астравецкай праўды» да красавіка 2019 года.

Зараз галоўным рэдактарам «Астравецкай праўды» з’яўляецца Алена Генрыхаўна Ярашэвіч, якая да прызначэння на гэтую пасаду працавала намеснікам галоўнага рэдактара.

У розны час шмат зрабілі для газеты, яе станаўлення светлай памяці журналісты і тэхнічныя работнікі Леанід Іосіфавіч Ламека, Іван Сцяпанавіч Мельнікаў, Іван Станіслававіч Граблеўскі, Яраслаў Міхайлавіч Хаткевіч, Ала Ражко, Васіль Аляксандравіч Бондар, Часлаў Адамавіч Івашка, Артур Цяжкі, Янка Замара, Яўгеній Мікалаевіч Кулакоў, Віктар Міхайлавіч Куркуль, Іван Сафонавіч Странчанка – іх, на жаль, ужо няма сярод нас, але памяць пра гэтых і іншых цудоўных людзей, якія працавалі ў газеце, беражліва захоўваецца ў рэдакцыйным калектыве.

Ламеко.jpg


Глыбокі след у памяці чытачоў пакінулі артыкулы і фотаздымкі таленавітых журналістаў, якія ў свой час працавалі ў «Астравецкай праўдзе», – Ліліі Місуна, Рычарда Карачуна, Станіслава Звяровіча, Канстанціна Клебана, Святланы Мурынай, Інэсы Багдзевіч, Іны Дужык, Уладзіміра Томчыка, Таісы Сямёнавай, Ганны Чакур, Івана Петрыка, Эдуарда Свірыда, Андрэя Памецькі, Антона Мальшэўскага і іншых.

IMG_8786.jpg

Таісія Сямёнава 

За сваё жыццё газета «Астравецкая праўда» змянілася непазнавальна: ад першай 2-хпалоскі памерам са стандартны аркуш паперы, набранай уручную буйным шрыфтам – да сённяшняй, аб’ёмам 24-32 старонкі на тыдзень, са сваім сайтам, суполкамі ў сацыяльным сетках, уласнай тэлепраграмай «ТВА. ТВой Астравец» і радыёпраграмай «Гарадок».

Але нязменным застаецца галоўнае прызначэнне нашага канвергентнага СМІ: быць патрэбным, цікавым і карысным сваім чытачам, гледачам, слухачам.

Текст: Администратор сайта
Оставить комментарий
Текст сообщения*
Защита от автоматических сообщений