Героі нашага часу – хто яны?

10:49 / 17.01.2020
Выраз «герой нашага часу» стаў устой­лі­вым пасля публікацыі аднайменнага рамана Міхаіла Лермантава. Астраўчан і гасцей горада мы папрасілі расказаць, каго ў наш час можна лічыць сапраўдным героем. 

Ірына Жыдовіч, пенсіянерка:

жыдовіч.jpg



– Герой – гэта той, хто не шкадуючы сябе, сіл і часу прыходзіць на дапамогу іншаму чалавеку ў складанай і крызіснай сітуацыі. Чаго варты прыклад нашага земляка са Слоніма Уладзіміра Дваяжонава, які выратаваў танулага рыбака! Мужчына, не раздумваючы, кінуўся яму на дапамогу і, рызыкуючы таксама трапіць пад лёд, выцягнуў з вады пенсіянера. Уладзімір сапраўдны герой – ім ганарыцца ўся Астравеччына!

Анастасія Грабоўская і Вікторыя Апеннікава, вучаніцы:

грабоўская і апеннікава.jpg



Анастасія:

– Нашага прэзідэнта Аляксандра Рыгоравіча! Дзякуючы яму, мы жывём у прыгожай і чыстай краіне, і ў нас няма вайны.

Вікторыя:

– Мне здаецца, што героі нашага часу – медыкі, якія лечаць людзей ад  цяжкіх захворванняў, такіх, як рак, парок сэрца. Асабліва цяжка працуюць хірургі – у іх, напэўна, няма ні святаў, ні выхадных. Мару стаць урачом і прыдумаць вакцыну ад многіх невылечных хваробаў.

Вадзім Красоўскі, вучань:

красоўскі.jpg



– Героямі нашага часу можна лічыць выратавальнікаў. Яны хоць і выконваюць свае абавязкі, але кожны раз, заходзячы ў палаючы дом і ратуючы з агню людзей, рызыкуюць сваім жыццём. 

А яшчэ, напэўна, героямі можна назваць спарстменаў, якія праслаўляюць Астравеччыну і Беларусь на міжнароднай арэне, напрыклад, баксёры – Віталь Бандарэнка і Сяргей Лобан, лёгкаатлеты – Аляксандр Ляховіч і Максім Андралойць. 

Валянціна Ляцкаязагадчык магазіна (без фота):

– У  гэтым сэнсе вельмі паказальны прыклад астравецкага школьніка Януша Чубека, які некалькі гадоў таму выратаваў хлопчыка на гарадскім вадасховішчы. Наколькі памятаю, вучні малодшых класаў забаўляліся каля дамбы, правяраючы на трываласць лёд, які ў адно імгненне праваліўся пад адным са школьнікаў. Невядома, ці выратаваўся б ён, каб у гэты момант міма не праходзіў Януш.

Аксана Андрыеўскаяу адпачынку па доглядзе дзіцяці, з дачкой Янай:

Андрыеўскія.jpg



– Складана адказаць на пытанне… Хто ён, герой нашага часу? Гэта, хутчэй, тыя людзі, якія зведалі, што такое вайна, – ветэраны, вязні канцэнтрацыйных лагераў. Яны бачылі смерць і ведаюць кошт хлебнай скарынкі. Нам, сучаснаму пакаленню, у гэтым сэнсе нашмат больш пашанцавала, чым нашым прадзедам. 

Текст:
Фото: Алёна Ганулич